Вызваленне вязняў, адкрыццё межаў, узнагароды журналістам — узгадваем добрыя падзеі восені
БАЖ сабраў добрыя навіны, якія адбываліся з намі гэтай восенню, і запускае новы фармат. Цяпер напрыканцы кожнага сезону будзем згадваць лепшае, што адбылося ў медыясферы за тры месяцы.

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»
Вызваленне палітвязняў
Падзеяй нумар адзін стала вызваленне 52 палітычных вязняў (у выніку — 51 вязня, бо Мікола Статкевіч застаўся ў Беларусі), сярод якіх аказаліся 12 медыйшчыкаў і блогераў. 11 верасня іх даставілі ў Вільню ў суправаджэнні прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла.
Радасць убачыць 12 сваіх калег на волі азмрочваў той факт, што іх фактычна «выкупіла» новае кіраўніцтва ЗША ў беларускага рэжыму. Палітвязняў вызвалілі і сілком дэпартавалі з краіны, большасць з іх не атрымалі на рукі ніякіх дакументаў.
На волі аказаліся Ірына Слаўнікава, Ларыса Шчыракова, Алена Цімашчук, Аляксандр Манцэвіч, Ігар Лосік, Яўген Меркіс, Вячаслаў Лазараў, Павел Мажэйка, Павел Падабед, Мікалай Дзядок, Павел Вінаградаў, Дзмітрый Казлоў. Мы не называем ні артыкулы, па якіх яны атрымалі палітычныя прысуды, ні тэрмін: іхнія імёны гавораць за іх.
У сярэдзіне кастрычніка стала вядома, што рэгіянальны журналіст Яўген Нікалаевіч цалкам адбыў пакаранне паўтара года і выйшаў на волю.
А следам, 23 кастрычніка, адбыўшы свой тэрмін, выйшаў на волю і былы дырэктар незалежнай эканамічнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых.
Старт сайта LookByMedia
Пачатак кастрычніка прынёс неблагую вестку: беларуская фотаагенцыя LookByMedia запусціла свой сайт. Яна прапануе архіўныя і актуальныя фота Беларусі.
Да гэтага часу заснавальнікі працавалі выключна ў аднайменным Telegram-канале. Але ўжо з 2 кастрычніка фотаздымкі можна замаўляць на адмысловым сайце. На фоне фінансавых цяжкасцей, якія накрылі беларускі медыясектар (а ён фактычна цалкам перамясціўся ў выгнанне), з’яўленне новага іграка на медыяполі амаль што цуд.

Скрыншот сайта LookByMedia
Прэмія Сахарава для Анджэя Пачобута
Палітвязень Анджэй Пачобут узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава. Гэтую прэмію Еўрапарламента беларускі журналіст атрымаў разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі.
«Абодва заплацілі высокую цану за тое, каб казаць праўду ўладзе, стаўшы сімваламі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Парламент падтрымлівае іх і ўсіх, хто працягвае патрабаваць свабоды», — заявіла прэзідэнтка Еўрапарламента Роберта Мецола, аб’яўляючы пераможцаў прэстыжнай прэміі.
Напачатку лістапада прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Анджэя Пачобута вышэйшай дзяржаўнай узнагародай краіны — ордэнам Белага Арла.
А 17 лістапада Сусветная асацыяцыя паланійных СМІ прызнала спадара Пачобута сімвалам свабоды слова і журналісцкай салідарнасці. Старшыня арганізацыі Тэрэса Сыгнарэк перадала Польскаму прэсаваму агенцтву ўзнагароду «За свабоду слова».

Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун
У апошні дзень кастрычніка Лукашэнка заявіў, што Польшча сарвала ўгоду — нібыта палітвязня Анджэя Пачобута збіраліся абмяняць на беларускіх шпіёнаў, затрыманых у краіне-суседцы, але польскія ўлады адклалі адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Праз некалькі тыдняў Варшава адчыніла два пераходы на польска-беларускай мяжы. У тым ліку 17 лістапада адчыніўся і «Баброўнікі — Бераставіца», зачынены з 2023 года пасля прысуду Анджэю Пачобуту, калі журналісту прызначылі 8 гадоў зняволення.
Працягваем чакаць Анджэя Пачобута на волі.
«Голас пакалення свабоды»
У другой палове кастрычніка былі аб’яўленыя 18 лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды».
Прэмія ўручаецца першы раз. Яе ў 2025 годзе заснавалі Беларускі ПЭН, «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь і Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы». Прэмія створаная дзеля таго, каб ушанаваць выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+. Гаворка ідзе пра тых людзей, якія пасля 2020 года вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі з за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве.
Прэмія — гэта фінансавая ўзнагарода і публікацыя матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку, якую 15 лістапада прэзентавалі У гданьскім Цэнтры еўрапейскай салідарнасці.
Інтэрв’ю з лаўрэатамі-журналістамі чытайце на нашым сайце. Электронная версія кнігі даступная на сайце Беларускага ПЭНа.
Маці Кацярны Ваданосавай пакінулі ў Польшчы

Кацярына Ваданосава з маці. Фота: з асабістага архіва
Беларусы ў эміграцыі нарэшце даведаліся, што такое справядлівы суд. 76-гадовай Нэлі Ваданосавай, маці музыкі і культурніцкай дзяячкі Кацярыны Ваданосавай, дазволілі застацца ў Польшчы — суд прызнаў, што папярэдняя пастанова аб яе высылцы ў Літву не адпавядае праву і была вынесеная з парушэннямі.
Пасля выезду з Беларусі жанчына падалася на міжнародную абарону ў Польшчы, але польская Памежная ахова 30 верасня апавясціла сям’ю, што Нэлі Ваданосаву збіраюцца адправіць у Літву ўжо 6 кастрычніка, бо яна заехала ў ЕЗ паводле літоўскай візы.
28 кастрычніка Варшаўскі адміністрацыйны суд вырашыў, што Нэлі Ваданосава застанецца ў Польшчы, нягледзячы на Дублінскі рэгламент, згодна з якім яе мусілі адправіць у Літву, бо ў жанчыны літоўская віза, а міжнароднай абароны яна просіць у Польшчы.
30-годдзе БАЖ і новая стратэгія

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец падчас адкрыцця канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
БАЖ пачаў святкаваць 30-годдзе яшчэ з вясны. Спачатку правялі серыю квізаў, пазней арганізавалі роварны прабег салідарнасці «Едзем за сваіх» і сплаў на байдарках, медыякэмп «За Кадрам». Так мы выказвалі салідарнасць і падтрымку зняволеным журналістам.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб факты пераследу і рэпрэсій супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум. У сувязі з гэтым ён стварыў выставу «Журналісты: бязгучны рэжым», якую прэзентаваў для шырокай публікі ў Варшаве і Вільні.
Гэты праект — візуальная форма супраціву маўкліваму выцісканню журналістаў з публічнай прасторы, прафесіі і жыцця — працэсу, які беларускія ўлады мэтанакіравана вядуць ужо пяць гадоў.

Праект БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым» у Варшаве. 9 жніўня 2025 года. Фота: аўтара
15 верасня Рада Беларускай асацыяцыі журналістаў зацвердзіла стратэгію працы арганізацыі на 2025–2027 гады. Раней праект стратэгіі быў зацверджаны Праўленнем БАЖ, а ў сярэдзіне верасня — і Рады БАЖ.
А 16 верасня ў прайшла канферэнцыя «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра», падчас якой былі ўручаныя прэміі пераможцам конкурсу«Вольнае слова-2025». Нагадаем, што апошнія тры гады творчае спаборніцтва праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
Аднак вернемся да самой канферэнцыі. Мерапрыемства сталася юбілейным: БАЖ адзначыў 30-годдзе, нягледзячы на намаганні рэжыму задушыць незалежную журналістыку.
Беларускія расследавальнікі атрымалі Free Media Award
Парадуемся за нашых калегаў з Беларускага расследавальніцкага цэнтра, які ўганараваны прэміяй Free Media Award «за глыбокія аналітычныя матэрыялы і навіны».
За апошнія тры гады расследавальнікі выкрылі карупцыйныя схемы і схемы ўхілення ад санкцый на больш як 1,5 мільярда еўра. Заслужаную ўзнагароду БРЦ прывёз з Гамбурга, дзе прайшла афіцыйная цырымонія ўзнагароджання.

Стась Івашкевіч прымае прэмію прэмію Free Media Award. 6 лістапада 2025 года. Фота: БРЦ
«Экономическая газета» аднаўляе выхад на паперы
У апошнія дні восені прыйшла добрая навіна ад рэдакцыі «Экономической газеты». Чытачы змогуць набыць вядомае грамадска-палітычнае выданне ўжо ў студзені 2026 года.
Нагадаем, што гісторыя газеты налічвае амаль 33 гады. Першы нумар выйшаў 12 снежня 1992 года. Да 2005 года выдавалася як «Нацыянальная эканамічная газета», наклад дасягаў 40 тысяч экзэмпляраў. Аднак у ліпені 2025 года сход акцыянераў ЗАТ «Белбізнэспрэс», які з’яўляецца заснавальнікам і выдаўцом «Экономической газеты», прыняў рашэнне спыніць яе выпуск.
Пасля выданне выкупіў медыяхолдынг ТАА «Галаўная кампанія Уладзіміра Граўцова». Цяпер «Экономическая газета» будзе выходзіць чатыры разы на месяц.

Польшча і Літва адкрылі межы з Беларуссю
Польшча адкрыла два памежныя пункты 17 лістапада, а Літва датэрмінова адкрыла мяжу 20 лістапада.
Калі не ўдавацца ў палітычныя абсатавіны пытання, адкрыццё межаў — гэта станоўчая падзея як для калег у Беларусі, так і для журналістаў і журналістак у вымушанай эміграцыі. Многія з калег не бачылі сваіх родных ужо доўгі час.
@bajmedia