• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Зялёная прэмія-26»: якія экалагічныя матэрыялы сталі найлепшымі?

    Зялёная Сетка абвясціла вынікі «Зялёнай прэміі» — адмысловай ініцыятывы, накіраванай на прызнанне і падтрымку беларускіх журналістаў і аўтараў медыякантэнту, якія прафесійна і глыбока асвятляюць экалагічную тэматыку. Прафесійнае журы, у якое ўваходзілі журналісты, медыяменэджары і экалагічныя эксперты, вызначылі чатырох пераможцаў, чые працы пакінулі найбольшы след у грамадскім дыскурсе.

    Зялёная прэмія

    «Сёння экалагічная журналістыка — гэта не проста фіксацыя праблем, гэта магутны інструмент уплыву на свядомасць. Кожны якасны тэкст, відэа ці падкаст пра клімат і біяразнастайнасць — гэта крок да таго, каб грамадства пачало заўважаць глабальныя выклікі ў сваім штодзённым жыцці.

    Пераможцы «Зялёнай прэміі» даказалі, што нават у складаныя часы беларускія аўтары здольныя ствараць глыбокі і важны кантэнт, які натхняе на змены і дапамагае захаваць нашу краіну для будучых пакаленняў», — кажа каардынатарка Зялёнай сеткі і сябра журы Ірына Сухій.

    Галоўная мэта «Зялёнай прэміі» — павышаць дасведчанасць беларускага грамадства аб праблемах навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця, рабіць больш бачнымі актуальныя экалагічныя выклікі і шляхі іх вырашэння праз заахвочванне медыя-прафесіяналаў у стварэнні якаснага кантэнту. Сёлета ў цэнтры ўвагі былі матэрыялы, прысвечаныя змяненню клімату, энергетычнай бяспецы, захаванню біяразнастайнасці і асэнсаванню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

    Пераможцы «Зялёнай прэміі» па катэгорыях:

    - Катэгорыя «40 гадоў аварыі на ЧАЭС». Найвышэйшую адзнаку атрымаў відэасюжэт журналісткі «Радыё Свабода» Юліі Коцкай «Чернобыль: катастрофа, которую хотят скрыть» (глядзець: YouTube). Матэрыял уздымае важныя пытанні гістарычнай памяці і радыяцыйнай бяспекі.

    Чарнобыль

    Скрыншот відэасюжэта журналісткі «Радыё Свабода» Юліі Коцкай «Чернобыль: катастрофа, которую хотят скрыть»

    - Катэгорыя «Энергетычная бяспека і энергетычная незалежнасць Беларусі». Найбольшую колькасць балаў набраў аналітычны тэкст журналісткі выдання Hrodna.life Ганны Уладзіміравай «Ці будзе ў Беларусі бясплатная электраэнергія з новай АЭС?«

    - Катэгорыя «Змяненне клімату і кліматычная адаптацыя». Пераможцам прызнаны рэпартаж журналісткі Ex-press.live Анастасіі Баброўскай «Города превращаются в сковородки во время жары». Как Борисов и Жодино сталкиваются с новой климатической реальностью«, які паказвае рэальныя наступствы глабальнага пацяплення на прыкладзе беларускіх гарадоў.

    - Катэгорыя «Захаванне біяразнастайнасці». Найлепшым прызнаны матэрыял журналісткі BG.media Вікторыі Скабічэўскай «Летучие мыши в городах Беларуси: почему гибнут и как не навредить им зимой», які вызначыўся высокай практычнай каштоўнасцю і экалагічнай асветай.

    BGmedia вокладка

    Скрыншот

    Сябры журы «Зялёнай прэміі» адзначылі, што сучасныя выклікі патрабуюць ад грамадства высокага ўзроўню экалагічнай свядомасці. І працы сёлетніх лаўрэатак яскрава дэманструюць, як лакальныя праблемы — ад зімоўкі кажаноў у гарадах да аналізу тэмпературных анамалій у рэгіёнах і будучыні беларускай энергетыкі — шчыльна звязаны з глабальнымі працэсамі ўстойлівага развіцця.

    «Экалагічныя праблемы не маюць межаў і не церпяць маўчання. Калі мы гаворым пра змяненне клімату, захаванне кажаноў ці спадчыну Чарнобыля, мы гаворым пра нашу супольную будучыню і бяспеку.

    Я шчыра захапляюся нашымі журналісткамі і журналістамі, якія працягваюць прафесійна, удумліва і смела трымаць экалагічную павестку ў тонусе. Іх працы — гэта тое святло, якое дапамагае грамадству заставацца чуллівым да праблем навакольнага асяроддзя», кажа Ірына Сухій.

    «Зялёная Сетка» выказвае шчырую падзяку ўсім удзельнікам і журы конкурсу за сумесную працу, а таксама кожнаму аўтару і аўтарцы, хто працягвае ствараць якасны, праўдзівы і актуальны кантэнт, які дапамагае захаваць прыроду і зрабіць наша грамадства больш адказным.

    «Зялёная прэмія» — гэта ініцыятыва «Зялёнай Сеткі», створаная для падтрымкі журналістаў і блогераў, якія асвятляюць пытанні ўстойлівага развіцця, змянення клімату, аховы прыроды, энергаэфектыўнасці і экалагічнай адукацыі ў Беларусі. Уручаецца другі год запар.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.