З’явіўся новы этнаграфічна-экалагічны падкаст «Міфічная Беларусь»
Ужо выйшла дзве серыі цыклу — пра русалак і пра Купалле. Усяго сёлета будзе 8 выпускаў падкасту «Міфічная Беларусь».

Вокладка першага выпуску падкаста «Міфічная Беларусь». Printscreen
На YouTube-канале GreenBelarus стартаваў новы праект — падкаст «Міфічная Беларусь». У першым выпуску «Русалкі ў казках і навуцы» вядоўцы Ганна Валынец і Алена Вахрамеева распавядаюць «пра беларускую готыку, жыццё, смерць і старыя міфы, якія маглі ратаваць людзей ад рэальных небяспек: цвіцення вады, балот, сапсаванага ўраджаю і месцаў, куды чалавеку лепш не заходзіць».
З першай серыі цыклу можна даведацца, «чаму русалак баяліся не круглы год, навошта іх «выпраўлялі» з вёскі і дзе яны маглі жыць, акрамя вады».
Адна з вядоўцаў падкаста і суаўтарка сцэнарыяў Ганна Валынец распавяла БАЖ, што першая частка «Міфічнай Беларусі» разлічана на 8 серый, якія будуць выходзіць цягам гэтага году на YouTube-канале «Зялёнага партала», а таксама на ўсіх папулярных падкаставых пляцоўках.

Ганка Валынец. Фота з асабістага архіва гераіні
Як жа звязана «беларуская готыка» і экалогія — галоўная тэма «Зялёнага парталу»?
«Магчыма, гэта ў нейкім сэнсе парадокс, але мы лічым, што наш новы падкаст цалкам упісваецца ў тэматыку сайта. Так, гэта падкаст пра міфічную Беларусь, але міфічнасць жа грунтуецца на этнаграфіі і традыцыі, у аснове каторых палягае каштоўнасць прыроды і магутнасць прыроды. І такая ж базавая каштоўнасць ляжыць у аснове светагляду людзей, для якіх важная экалогія, — тлумачыць Ганна Валынец. — Але пры гэтым такое спалучэнне тэматык не вельмі часта ўжываецца, таму што гэта пэўны парадокс паміж правымі і левымі каштоўнасцямі. Ва ўсялякім разе, я чула такое меркаванне. Але для нас гэта выглядае цалкам лагічным».
«Зараз мы робім выпускі парамі, выходзіць дзесьці месяц-паўтара на стварэнне дзвюх серый, пачынаючы ад стадыі канцэпта і заканчваючы мантажом і публікацыяй. У камандзе пяць чалавек, у якіх ужо ёсць досвед, мы пачалі рабіць падкасты «Зялёнага парталу» два гады таму, — распавяла Ганна Валынец. — Там мы раней закраналі як чыста экалагічныя тэмы, так і вельмі дыскусійная, кшталту, паралеляў між міграцыйнай палітыкай і палітыкай датычна інвазіўных відаў у прыродзе і г.д.».
У другой серыі, якая называецца «Купальская ноч, магія і навука», аўтаркі разбіраюцца, чаму менавіта самая кароткая ноч года стала часам цудаў, навошта на Купалле збіралі травы, як расліны пераўтвараліся ў абярэгі і чаму святло ў цёмным лесе не заўсёды было толькі фантазіяй. А яшчэ і пра тое, як «народная магія нечакана сустракаецца з экалогіяй, хіміяй і біялогіяй, і што цуд не абавязкова знікае, калі яму знаходзіцца навуковае тлумачэнне».
@bajmedia