• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Катаванні, эпілепсія пасля збіцця, «нізкі статус»: праз што прайшоў за кратамі журналіст Дзмітрый Сельвяструк

    Былы палітвязень, спартовы журналіст Дзмітрый Сельвяструк ужо паўтара месяца на волі. Асуджаны за «садзейнічанне экстрэмізму», ён правёў за кратамі тры гады і перажыў там, як сам распавядае, сапраўднае пекла. Цяпер Дзмітрый у Варшаве, жыве ў шэлтары для рэпрэсаваных беларусаў.

    БАЖ пагутарыў з журналістам пра тое, праз што давялося прайсці, і чаго хочацца ад жыцця на волі і ў бяспецы.

    спартовы журналіст Дзмітрый Сельвяструк

    Спартовы журналіст Дзмітрый Сельвяструк. 22 красавіка 2026 года

    «Скруцілі ў халаце і ніжняй бялізне»

    Дзмітрыю Сельвяструку 36 гадоў. Ён скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, некаторы час працаваў у дзяржаўнай «Народнай газеце», займаўся сацыяльнай тэмай, пісаў пра ІТ-індустрыю. Паступова пераарыентаваўся на спартыўныя навіны, пачаў супрацоўнічаць са спецыялізаваным рэсурсам Football.by. У 2021 годзе запусціў уласны праект — Telegram-канал пра беларускі футбол «Серебряный век. Футбол Беларуси».

    Кажа, што палітыку стараўся абыходзіць, але і так сябры казалі яму, што яго гэта не ўратуе, бо федэрацыю футболу таксама нельга крытыкаваць, а гэтага хапала ў Telegram-канале Дзмітрыя. Тым не менш, журналіст спадзяваўся, што яго не крануць, бо з’язджаць з Беларусі ён не хацеў, хоць «прыляцець» магло не толькі за футбол, але і за 2020 год. Тады Дзмітрый хадзіў на мітынгі, а таксама з акна ўласнай кватэры фатаграфаваў міліцэйскія заслоны і затрыманні пратэстоўцаў, бо жыў у раёне, дзе як раз усё гэта адбывалася.

    «Я ўсіх снайпераў на даху адфатаграфаваў. Калі хапалі людзей, здымаў. Сам неяк трапіў у замес, калі проста вяртаўся дадому — светлашумавая граната выбухнула ў пяці метрах ад мяне. Вось так проста ішоў дамоў — і прывітанне, жыццё прыйшло да цябе», — распавядае мужчына.

    Журналіста затрымалі 5 траўня 2023 года. На яго выйшлі праз хлопца, з якім ён вёў транспартны Telegram-канал і якога затрымалі раней.

    «Прыйшлі, пачалі ламацца ў дзверы, крычаць: “Адчыніце, міліцыя!”. Я паспеў адпісацца ў адзін з чатаў, што да мяне “прыйшлі”, і пайшоў да дзвярэй. Яны ўварваліся ўтрох з пісталетамі, адзін стрэліў у столь. Мяне скруцілі як быў — у халаце, ніжняй бялізне — не далі пераапрануцца. Убачылі, што я напісаў у чаце пра іхны візіт, выдалілі тое паведамленне ды напісалі: “Гэта жарт”», — прыгадвае тыя падзеі журналіст.

    «Апускалі галавой ва ўнітаз, білі токам»

    Як пасля даведаўся Дзмітрый, затрымлівалі яго супрацоўнікі ГУБАЗіК, і потым адвезлі да сябе ва ўпраўленне.

    Паводле журналіста, у памяшканні ГУБАЗіК пачаліся сапраўдныя катаванні — білі дубінкамі, электрычным токам. (Асабліва жахлівыя дэталі здзекаў мужчына просіць апусціць і не публікаваць.) Потым расцягнулі «зорачкай» над падлогай, прывязалі за рукі і за ногі і так пакінулі вісець на паўгадзіны.

    Адначасова вывучалі электронную тэхніку журналіста. Знайшлі ягоную перапіску з Антонам Матолькам.

    «Мы з ім суседзямі былі па раёне, некалькі гадоў камунікавалі. Абмяркоўвалі гарадскія праблемы, яму была цікавая тэма ўрбаністыкі, мне таксама. Але для іх гэта было моцным трыгерам. Знайшлі словы Антона, што Карпянкова трэба паставіць да сцяны, і пацягнулі мяне да гэтага «Карпянкова», які там сядзеў у суседнім кабінеце (прынамсі, той чалавек быў вельмі падобны да Карпянкова). Той чалавек пачаў крычаць, што закапае мяне там, і даў загад ім: «Работайце». Яны працягнулі здзекавацца нада мной, апускалі галавой ва ўнітаз, зноў білі токам, катавалі гадзін дванаццаць», — распавядае Дзмітрый Сельвяструк.

    Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gem­i­ni

    Пасля з журналістам хацелі запісаць «пакаяльнае відэа», але нават іхны, губазікаўскі відэааператар быў шакаваны, калі ўбачыў ягоны, Дзмітрыя, стан. Ён пачаў крычаць, маўляў, каго да яго прыцягнулі, ды адпойваць журналіста вадой. Відэа ўрэшце запісалі, але, са слоў Дзмітрыя, нідзе не паказалі, бо самі спужаліся таго, як ён там выглядаў.

    Далей быў ізалятар на Акрэсціна і тры тэрміны адміністрацыйнага арышту: два — за падпіску на tut.by і адзін — за рэпост у асабістай перапісцы з Telegram-канала Nex­ta.

    «На Акрэсціна да мяне прыязджалі губазікаўцы, пагражалі, што я там пажыццёва застануся, і паведамілі, што за камунікацыю з Матолькам на мяне завядуць крымінальную справу. Адразу назвалі артыкул: 361–4 —“Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.

    Нават следчы здзіўляўся: там у нас абмеркаванне гарадскіх праблем, кшталту пажару ў “Мінск-Міры”, кошту чарэшні на мінскіх кірамашах — за што тут справа ўвогуле?

    Казаў, што справа высмактаная з пальца, што будзе максімум “хімія”. Але штосьці з той перапіскі ішло потым у канал “МотолькоПомоги” — так мне і прышылі экстрэмізм. Акрамя таго, у справе былі нейкія лісты ад ГУБАЗіК, іх мне не далі прачытаць», — тлумачыць Дзмітрый.

    «Матолька — певень, і ты — певень»

    Пасля затрымання і збіцця ў журналіста моцна пагоршылася здароўе. Першы раз яго забралі ў лякарню з камеры ІЧУ на Акрэсціна. Спачатку ставілі кропельніцы наўпрост там, але мужчыне было вельмі кепска, ён страціў прытомнасць і ўпаў. Тады яго павезлі ў лякарню.

    Далей Дзмітрый прайшоў праз следчыя ізалятары ў Жодзіне і на Валадарскага ў Мінску. У апошнім яго кінулі ў маленькую камеру ў падвале, дзе адначасова сядзелі 15 чалавек.

    З Валадаркі павезлі ў псіхіятрычную бальніцу у Навінках на экспертызу, дзе наш суразмоўца правёў тры тыдні. Дзмітрый падкрэслівае, што лекары не хацелі яго адпускаць. Справа ў тым, што ў мужчыны раней быў дыягназ «трывожны разлад», а пасля збіцця ў памяшканні ГУБАЗіК пачаліся прыступы эпілепсіі. Аднак лекараў ніхто не слухаў і яго забралі.

    Калі Дзмітрыя вярнулі ў камеру ў падвале на Валадарцы, ён зрабіў спробу суіцыду, пасля чаго яго перавялі ў камеру для зняволеных з псіхічнымі праблемамі — кажа, там было нашмат лепш.

    Пасля вынясення прысуду журналіста павезлі ў СІЗА ў Магілёў. Па дарозе ў яго здарыўся прыступ, падчас якога ён ледзь не памёр — нават канваіры спужаліся, распавядае:

    «Яны хапаліся за галаву, павезлі мяне з сірэнамі з вакзала ў Магілёве ў абласны шпіталь. Лекары літаральна выцягнулі мяне з таго свету. На судзе мне таксама рабілася кепска, суддзя два разы спыняла пасяджэнне і выклікала мне «хуткую».

    На пачатку снежня 2023 года, калі Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу, Дзмітрыя этапавалі ў калонію № 17 у Шклове. Там адразу пасля каранціна журналіст трапіў у штрафны ізалятар (ШІЗА). Акрамя таго, яго збіў начальнік рэжымнага аддзела.

    «Ён жа пачаў заганяць мяне ў “нізкі статус”. Маўляў, Матолька — певень, і ты — певень. Іншых аргументаў у яго не было», — узгадвае былы палітвязень.

    ШІЗА за тое, што начальнік у кепскім настроі

    З прычыны так званага «нізкага статусу» Дзмітрый цярпеў ад неадэкватнага стаўлення, асабліва з боку іншых зняволеных. Але адначасова адміністрацыя на некаторыя рэчы глядзела скрозь пальцы — можна было хадзіць незашпіленым, непаголеным. Хапала, аднак, і забаронаў, як для «палітычнага» — нельга было займацца спортам, не дазваляліся спатканні.

    Адна з самых абсурдных забаронаў, паводле Дзмітрыя — на беларускую і замежныя мовы. Па-беларуску нельга было размаўляць, а замежныя мовы — вывучаць.

    У калоніі журналіст працаваў на прыборцы — як і ўсе вязні ў «нізкім статусе». Часта каралі штрафным ізалятарам, куды можна было трапіць нават без парушэнняў, а проста праз кепскі настрой начальства.

    Блогера Дзмітрыя Сельвяструка прызналі палітычным вязнем

    «Неяк мне трэба было да псіхолага, я пайшоў да яго. І трапіўся на вочы начальніку калоніі, які быў тады ў кепскім настроі. Ён адразу мне даў сем сутак у ШІЗА», — распавядае наш суразмоўца.

    Калі пачаліся памілаванні, усе вязні, натуральна, спадзяваліся, што наступным разам гэта закране і іх. Аднак, кажа Дзмітрый, іхны атрад быў нібы нейкі пракляты — усе памілаванні праходзілі міма, а журналісту ўвогуле сказалі, каб не разлічваў на датэрміновае вызваленне.

    Са слоў былога палітвязня, на пачатку 2026 года «палітычных» пачалі выклікаць у штаб і пытацца, што яны плануюць рабіць пасля вызвалення. Тых, хто казаў, што з’едуць за мяжу, потым кідалі ў ШІЗА. Дзмітрый сказаў, што застанецца ў Мінску — яго больш не чапалі.

    «Прывітанне» ад ГУБАЗіК

    Дзмітрый Сельвяструк выйшаў на волю 7 сакавіка 2026 года, цалкам адбыўшы свой тэрмін. З дакументаў яму аддалі толькі пашпарт і даведку аб вызваленні. На волі мужчына паспрабаваў аднавіць ваенны білет — пайшоў у ваенкамат, там накіравалі на медагляд, але хутка яго прайсці не атрымалася — лекары былі занятыя.

    Адкрыць рахунак у банку, купіць SIM-карту для тэлефона, падключыць інтэрнэт Дзмітрый не змог — яму казалі, што па нейкіх базах яму гэта забаронена.

    Потым пачаліся пытанні ад міліцыі, куды трэба было хадзіць адзначацца двойчы на тыдзень, тлумачыць, чаму ён як былы вязень не працуе. Тлумачэнні, што ў яго няма працоўнай кніжкі, ваеннага білета, не задавальнялі — міліцыянты казалі, што ўладкуюць яго і без дакументаў. Але Дзмітрый не хацеў ісці працаваць грузчыкам.

    Потым да яго пачаў наведвацца участковы і «яшчэ нейкі супрацоўнік» з пытаннямі пра далейшыя планы, пра знаёмых, прапаноўваў супрацу і абяцаў дапамогу. А неяк у паштовай скрыні журналіст знайшоў паперку з подпісам: «Мы з табой яшчэ не скончылі».

    «Я адразу зразумеў, што гэта прывітанне ад ГУБАЗіК, бо яны мне тое самае казалі яшчэ на самым пачатку. Стала ясна, што трэба валіць», — кажа былы палітвязень.

    «Пахавалі пры жыцці»

    Яшчэ адным з непрыемных уражанняў на волі стала ігнараванне ад былых знаёмых і сяброў, увогуле ад беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны.

    «За месяц на волі ў Мінску са мной на кантакт выйшлі толькі тыя, хто з’ехаў, а таксама знаёмыя ўкраінцы і расейцы. З тых, хто застаўся — ніхто. Мяне пахавалі пры жыцці. Татальны ігнор.

    Мне ад’езд прафінансавалі сябры з Расіі, за што я ім вельмі ўдзячны. У Мінску за месяц акрамя маці і міліцыі, я пабачыў толькі адну дзяўчыну. Ды і за ўсе тры гады майго зняволення з маёй маці камунікаваў толькі адзін мой сябар», — дзеліцца журналіст.

    горад

    Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Выява зроблена БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    З’язджаў Дзмітрый праз службу эвакуацыі BYSOL у Польшчу. Адразу на польскай мяжы падаўся на міжнародную абарону. Цяпер жыве ў шэлтары ў Варшаве і марыць пра вяртанне ў прафесію. Ён ужо аднавіў свой блог пра футбол, далей таксама хоча зноў весці праекты пра транспарт і ўрбаністыку.

    «Я ўбачыў, што гэтыя тэмы іх асабліва турбуюць, значыць, штосьці ў гэтым ёсць, значыць, трэба далей пра гэта пісаць. Ды і ўвогуле я не магу заставацца ў баку ад таго, што адбываецца.

    Трэба вызваляць людзей. Хоць у калоніі хлопцы казалі, што не трэба гандляваць людзьмі, трэба ўзмацняць санкцыі, мы гатовыя сядзець, абы толькі скінуць гэтага гада», — адзначае журналіст.

    Сам Дзмітрый не надта верыць, што штосьці дапаможа цяпер скінуць рэжым Лукашэнкі. На яго думку, Лукашэнка будзе набіраць новых вязняў, бо зразумеў, што імі можна гандляваць. Нягледзячы на гэта, журналіст перакананы, што трэба рабіць усё, каб вызваліць усіх.

    Акрамя вяртання ў прафесію, у бліжэйшых планах Дзмітрыя — поўны медагляд і праца з псіхолагам. Хоць, кажа, са здароўем цяпер значна лепш, прыступы эпілепсіі не паўтараліся, у Польшчы іх увогуле за ўвесь час не было.

    Журналіст таксама адзначае, што пасля калоніі яму цяжка камунікаваць з людзьмі, асабліва з жанчынамі, хоць Дзмітрый марыць пра сям’ю. Таксама аднойчы журналіст хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, але тады, калі яна стане свабоднай.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.