• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стандарт адкрытасці: як беларускія журналісты дабраліся да атамнай станцыі

    У той час як у Беларусі інфармацыя пра працу ўласнай АЭС знаходзіцца пад фактычнай забаронай для незалежных медыя, суседняя Літва дэманструе зусім іншы стандарт. Візіт беларускіх журналістаў на «сястру» Чарнобыльскай АЭС стаў магчымым дзякуючы працяглай камунікацыі і гатоўнасці літоўскага боку ісці на дыялог. Адкрытасць уладаў з’яўляецца неабходнай умовай для бяспечнай будучыні рэгіёна.

    Падчас прэс-туру на Ігналінскую АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Сёлета — 40 гадоў катастрофе на Чарнобыльской АЭС. Таварыства «Зялёная сетка», альянс «Зялёная Беларусь» і Беларуская асацыяцыя журналістаў пры падтрымцы Саюза журналістаў Літвы арганізавалі прэс-тур для прадстаўнікоў рэдакцый беларускіх медыя на Ігналінскую АЭС.

    Яніна Мельнікава, камунікатыўная менеджарка «Зялёнай сеткі», зазначае, што ў беларусаў з суседзямі-літоўцамі, «нягледзячы на адчувальную розніцу, у тым ліку і ў абраных шляхах, і ў поглядах на тое, як павінна выглядаць «шчаслівая будучыня», шмат агульных тэм для прынамсі назірання, а яшчэ лепш, для рэфлексіі і абмеркавання».  

    «Тэма энергетычнай незалежнасці і адказнасці за будучыню наступных пакаленняў — адна з такіх. Мы зладзілі гэты прэс-тур, у якім прынялі ўдзел і беларускія, і літоўскія журналісты, каб разам паглядзець на тое, якім можа быць кошт прынятых рашэнняў у галіне атамнай энергетыкі, — тлумачыць медыяменеджарка.

    — У год 40-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, наступствы якой беларусам вядомыя як нікому, нам падалося асабліва важным прыцягнуць увагу журналістаў да праблемы атамных станцый. Бо робячы выбар на карысць таннай энергіі для сябе і сваіх дзяцей, мы не схільныя ўлічваць рэальныя кошты такіх праектаў.

    І гаворка далёка не толькі пра будаўніцтва і эксплуатацыю станцый, але і пра час, калі станцыя даўно ўжо не выдае ані кілавата магутнасці, але працягвае каштаваць вялікіх грошай. Ігналінская АЭС — добры прыклад такіх коштаў».

    Дэмантажныя працы на Ігналінскай АЭС. Падчас прэс-туру на Ігналінскую АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Яніна Мельнікава зазначае, што Літве пашанцавала — ёй грошы на дэкамісію «атамкі» даваў і дае Еўрасаюз: «Але ўсё роўна гэты працэс расцягнуўся на дзясяткі гадоў. А дзе возьме грошы Беларусь? Хто аплоціць ёй смерць БелАЭС, калі прыйдзе час?»

    Каля чатырох месяцаў перапіскі

    Арганізаваць прэс-тур пад трагічную дату 26 красавіка не атрымалася.

    «Я б схлусіла, калі б сказала, што ўсё было лёгка арганізавана. Але на такія аб’екты, як атамныя станцыі, і не павінна быць лёгка трапіць. Адна справа — інфармацыйны цэнтр ці музей, іншая — рэальныя блокі і рэальныя пункты кіравання, дзе працягваюць працаваць людзі, — расказвае БАЖ Яніна Мельнікава. — Агулам нашая перапіска са станцыяй і ўдакланенне ўсіх дэталяў візіту, а таксама ўзгадненне складу групы і магчымасцяў пранесці тэхніку (фота і відэакамеры) заняла каля чатырох месяцаў.

    Канешне, хацелася б хутчэй, але мы разумелі ўсе перасцярогі літоўскага боку. Мы хоць і маем тут легальныя статусы і зарэгістраваныя структуры, усё ж такі часам «цёмныя конікі».

    Пры ўсім тым, «да нас ставіліся прыязна»: «Мы задавалі пытанні і нам адказвалі. Часам можа за «складанасцей перакладу» не з першага разу разумеліся, але і гэта было чакана. Урэшце мы атрымалі дату, час і цудоўнага гіда, якая правяла чатырохгадзінную экскурсію на рускай мове — за што асобны шчыры дзякуй, бо нават ангельская ў такой спецыфічнай тэме была б вельмі складаная, не кажучы пра літоўскую».

    Зразумела, што журналісты мелі інструктаж правілаў бяспекі, «пэўныя забароны на здымкі, не маглі пранесці з сабою тэлефоны, але пра гэта нас папярэдзілі загадзя, усё ж такі АЭС — аб’ект падвышанай бяспекі, мы гэта разумелі».

    На Ігналінскай АЭС. Дэмантажныя працы на Ігналінскай АЭС. Падчас прэс-туру на Ігналінскую АЭС. Фота: Siarhei Satsiuk / LookByMedia

    На Ігналінскай АЭС.  Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    «Беларусь і Літва — суседзі, якім так ці інакш трэба будзе шукаць агульную мову і агульныя кропкі сутыкнення»

    Яніна Мельнікава падсумоўвае вынікі першага досведу:

    «Журналісты атрымалі шмат карыснай інфармацыі, а мы — арганізацыі — досвед супрацы ў такім няпростым праекце.

    Шчыра спадзяюся, што нашае супрацоўніцтва і з БАЖ, і з Саюзам журналістаў Літвы працягнецца і надалей. У Літве ёсць яшчэ шмат зялёных экалагічных праектаў, досвед працы якіх нас вельмі цікавіць. Што тычыцца палітыкаў і афіцыйнай Літвы, мне падаецца, што яны ўжо шмат робяць для падтрымкі і беларускай медыясупольнасці, і для падтрымкі беларускага грамадскага сектара. Тут ініцыятыва павінна быць з нашага боку.

    Не саромецца ісці на кантакт, не саромецца прапаноўваць сумесныя актыўнасці, каб адначасова і самім інтэгравацца ў літоўскі асяродак, і знаходзіць цікавыя і важныя тэмы для абмеркавання са сваімі аўдыторыямі. Бо Беларусь і Літва — суседзі, якім так ці інакш трэба будзе шукаць агульную мову і агульныя кропкі сутыкнення.

    Я сама пакуль толькі ўсведамляю, што гэтая падзея адбылася, і ў нас усё атрымалася. Можа, калі б мне спачатку сказалі, што будзе няпроста, і здалася б, але калі ўжо ўзяліся за той гуж і пацягнулі разам з калегамі, то не было як адмовіцца. І я вельмі ўдзячная БАЖ за тое, што не толькі выслухалі ідэю, але і актыўна ўключыліся, дапамагалі на ўсіх этапах, падключалі літоўскіх партнёраў. Калі яны не будуць супраць, можам паўтарыць гэты досвед».

    Як гэта было

    Дзве гадзіны ад Вільні да станцыі. Адсюль да Беларусі — праз возера.

    У 80‑х, дарэчы, кадры станцыі папаўняліся і жыхарамі Браслаўскага, Пастаўскага і іншых блізкіх беларускіх раёнаў, праца добра аплочвалася, кватэры ў новым горадзе давалі па графіку.

    І зараз Вісагінас застаецца адзіным у Літве горадам, дзе доля літоўцаў складае 20%.

    Па дарозе да Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Бяспека перадусім

    Прычым бяспека станцыі таксама — усе рэчы наведнікаў, уключна з тэлефонамі, застаюцца ў шафах на кодавых замках. Нельга нават дыктафоны — калегі вымушана вяртаюцца ў часы якіх 80‑х, дастаюць алоўкі і асадкі, дзеляцца паперай.

    У прынцыпе, гэта толькі ўзмацняе адчуванне падарожжа ў часе:  станцыя — за выключэннем прапускных сістэм, манітораў, камер — выглядае цалкам аўтэнтычна. Бясконцыя калідоры з лінолеумам, тумблеры з пазнакамі «вкл»/ «откл», нейкія камунікацыі на столі, дзверы кабінетаў, як у любой савецкай установе эпохі позняга сацыялізму. Нават пах, здаецца, такі ж у гэтых сутарэннях вяршыні тэхналагічнай думкі і індустрыяльнага размаху.

    На Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Не менш пільна сочаць і за бяспекай наведнікаў — трэба цалкам пераапрануцца ў два камплекты белага адзення, пераабуцца, атрымаць шапачку, а потым яшчэ і каску, пальчаткі, рэспіратар і тры дазіметры на кожны дзясятак чалавек.

    Амаль цалкам захаваная станцыя (дэмантавана крыху менш за палову — і гэта менавіта начынне) выклікала зразумелы інтарэс стваральнікаў серыяла «Чарнобыль». Дэкарацыі будаваць асабліва і не спатрэбілася — Прыпяць здымалі ў спальных раёнах Вільні, а Чарнобыльскую АЭС — у Вісагінасе, тым больш гэта станцыя — сястра-блізнятка той, сумна вядомай усяму свету. Яе другі рэактар, дарэчы, запусцілі ў працу ўжо пасля катастрофы на ЧАЭС— у 1987‑м.

    Кадр з серыяла HBO «Чарнобыль». Скрыншот

    Дарэчы, да беларускай мяжы ад Ігналінскай АЭС наўпрост — чатыры кіламетры. Яна ўвогуле магла быць пабудаванай на нашым беразе агульнага з Літвой возера Дрысвяты. Але беларускі бераг выклікаў сумневы праектыроўшчыкаў, таму стаіць на беразе Друкшай — так гэта возера называецца ў Літве.

    Спецыялістка па камунікацыях і адначасова гід Мілда Кішкіце папярэджвае: «Па аднаму нікуды не хадзіць. Трэба камусьці ў прыбіральню — чакаюць у зоне бачнасці ўсе. Не разыходзіцца, не абапірацца, не сядаць на падлогу. І нічога не лізаць. Такога яшчэ не было, але на ўсялякі — усё калісьці здараецца ўпершыню. Спадзяюся, не з вамі».

    Пасля распранальні да групы дадаецца яшчэ супрацоўнік службы бяспекі АЭС — усе фотаздымкі (у двух фатографаў загадзя абгавораныя і пералічаныя камеры) робяцца толькі з яго дазволу.

    Наконт радыяцыі

    «Звычайна наведнікі атрымліваюць да пяці мікразівертаў. Напрыклад, пры флюараграфіі вы атрымаеце каля 16–20 мікразівертаў», — тлумачыць Мілда.

    У выніку напрыканцы доўгай прагулкі па АЭС на нашых дазіметрах свяцілася лічба тры.

    Дазіметр пасля прэс-туру па Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Да 2050-га 

    Увогуле на Ігналінскай станцыі планавалася чатыры рэактары, але наступствы катастрофы на ЧАЭС і сусветны розгалас, перамена стаўлення да атамнай энергетыкі ды і цэнтрабежныя працэсы распаду савецкай імперыі спынілі атамшчыкаў.

    Рэактарная зала Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Пасля ўступлення Літвы ў Еўрасаюз краіна абавязалася вывесці з эксплуатацыі АЭС. Першы энергаблок быў спынены ў канцы 2004 года, другі — у апошні дзень 2009-га.

    Зараз АЭС ёсць першым прыкладам дэмантажу атамнай станцыі. На станцыі працуюць каля 1500 чалавек (падчас працы рэактараў — да 5500), а кошт усіх прац па ліквідацыі АЭС ацэньваецца ў 3,5–4 мільярды еўра.

    Дэмантаж уласна рэактараў павінен пачацца ў 2031 годзе, завяршыцца ў 2042‑м. Да 2050-га Ігналінская АЭС мусіць быць дэмантаваная цалкам.

    Рэактарная зала Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Кантэйнеры з палівам зараз размешчаныя ў сухім сховішчы на тэрыторыі Ігналінскай АЭС — гэта часовае захаванне на 50 гадоў. За гэты час Літва павінна вызначыцца з месцам для глыбокага геалагічнага сховішча адпрацаванага ядравага паліва і  доўгатрывалых радыяактыўных адходаў.

    Чорная кнопка

    Рэактары не працуюць, а вось шчыт кіравання АЭС — яе мазгі — яшчэ свеціцца экранамі. Што праўда, зараз тут ужо не сочаць за працай рэактараў і параметрамі ўсяго магчымага. Тут цяпер толькі адзін работнік, які назірае за працай сістэм вентыляцыі, электразабеспячэння, радыяцыйнага кантролю.

    Шчыт кіравання Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Усё абсталяванне выглядае так сама, як і ў якім 1986‑м, толькі маніторы новыя і заходніх фірмаў. Ёсць нават селектарны тэлефон з дыскам і мноствам кнопак для сувязі з рознымі аддзеламі станцыі.

    І вось тая знакамітая «кнопка з Чарнобылю» — хаця насамрэч гэта не кнопка, а пераключальнік аварыйнай абароны рэактара з надпісам «АЗ-1К». Да таго ж, паводле Мілды, проста націскам кнопкі станцыі не спыняюцца, але сапраўды працэс запускаецца менавіта гэтым пераключальнікам.

    Шчыт кіравання Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Satsiuk / LookByMedia

    Пераключальнік у шчыце кіравання Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Дарэчы, на пытанне, як ставіліся работнікі станцыі да здымак серыяла проста тут, Мілда Кішкіце кажа:

    «Ведаеце… Па-рознаму. Было нешта такое, не ведаю, як правільна сказаць. Тыя, хто тут працуюць даўно, ставяцца да станцыі як да храма». А калі казаць пра яе дэмантаж, то «для вельмі многіх гэта балючая тэма». «Ёсць людзі, якія прыехалі сюды зусім маладымі і будавалі гэтую станцыю. Гэта ягонае жыццё, жыццё горада, а зараз ён дэмантуе гэту АЭС. Зразумела, ёсць горыч, настальгія. Але мы стараемся глядзець наперад, а не назад», — зазначыла Мілда.

    Падрабязны рэпартаж калег з падарожжа беларускіх журналістаў па ўсіх ключавых месцах Ігналінскай АЭС можна пачытаць тут.

    «Веды з першакрыніц, што падвышаюць якасць журналісцкіх матэрыялаў і забяспечваюць праверанай інфармацыяй»

    Беларуская асацыяцыя журналістаў з цікавасцю далучылася да арганізацыі прэс-туру, бо такіх адкрытых для недзяржаўных медыя магчымасцяў сёння няма ў самой Беларусі, а ва ўсім свеце быць адкрытымі для медыя наадварот з’яўляецца стандартам, кажа прадстаўнік БАЖ, які прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі тура.

    «Тэма атамнай энергетыкі і яе ўплыву на грамадства мае асаблівую важнасць для Беларусі. Беларусы дагэтуль жывуць з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, а сама гісторыя Чарнобыля нагадвае нам, наколькі небяспечнымі могуць быць закрытасць уладаў і недахоп своечасовай інфармацыі. У савецкі час праўда пра маштабы аварыі доўга замоўчвалася, і, на жаль, сёння мы таксама сутыкаемся з грубым абмежаваннем доступу да грамадска значнай інфармацыі», — гаворыць супрацоўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Зразумела, асабліва гэта датычыць сферы атамнай энергетыкі: «Беларусь мае ўласную атамную станцыю, аднак незалежныя медыя і грамадства не могуць атрымліваць транспарэнтную інфармацыю пра яе працу, а тым больш пра пазаштатныя сітуацыі на ёй, уплыў іх на наваколле і людзей. Такая інфармацыя ў Беларусі знаходзіцца проста пад забаронай.

    У рэактарнай залі Ігналінскай АЭС. Фота: Siarhei Sat­siuk / Look­By­Media

    Таму для беларускіх журналістаў вельмі каштоўна бачыць іншы прыклад — калі аб’ект такой складанасці і значнасці адкрыты для дыялогу з грамадствам і медыя».

    На Ігналінскай АЭС, паводле прадстаўніка БАЖ, «мы ўбачылі гатовасць супрацоўнікаў прадпрыемства расказваць пра працэс вываду станцыі з эксплуатацыі, паказваць аб’екты, адказваць нават на складаныя пытанні журналістаў».

    «Такая празрыстасць умацоўвае давер грамадства і дапамагае людзям лепш разумець рызыкі, выклікі і рашэнні ў сферы атамнай энергетыкі, — падкрэслівае суразмоўца. — Для медыясупольнасці падобныя прэс-туры — гэта магчымасць атрымліваць веды з першакрыніц, павышаць якасць журналісцкіх матэрыялаў і забяспечваць грамадзян праверанай інфармацыяй. А для грамадства — гэта яшчэ адзін крок да таго, каб важныя рашэнні ў сферы ядзернай бяспекі заставаліся прадметам публічнага абмеркавання, а не кулуарных рашэнняў».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.