Журналіст Алесь Любянчук — на волі. БАЖ даведаўся, за што яго судзілі другі раз
КДБ уключыў журналіста Алеся Любенчука ў «Спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Сам палітвязень, аднак, ужо знаходзіцца на волі і па-за межамі Беларусі, як стала вядома БАЖ з уласных крыніц.

Алесь Любянчук. 2026 год. Фота: сацсеткі
Алесь Любянчук быў затрыманы 2 верасня 2025 года супрацоўнікамі ГУБАЗіК Гродзенскай вобласці.
У другі раз Любенчука абвінавацілі ў «распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ) за негатыўныя каментары на адрас уладаў і ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК РБ) па «справе Беларускага Гаюна».
Наступныя 7 месяцаў журналіста ўтрымлівалі пад вартай у гродзенскім следчым ізалятары.
Судовы працэс па справе Любенчука адбыўся ў сакавіку 2026 года. Бок абвінавачання прасіў для Алеся 4,5 гады зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Валерый Шпак прысудзіў 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аднак потым праз тое, што «злачынства» па новай справе было здзейсненае прыкладна ў той жа перыяд часу, што і папярэдняе, за якое журналіст ужо адбыў тэрмін зняволення, яму залічылі тры гады ўжо адбытага пакарання па папярэднім прысудзе (ч. 5 арт. 72 КК РБ — «Прызначэнне пакарання па сукупнасці злачынстваў»). Такім чынам, застаўся год пакарання.
Час, праведзены ў СІЗА, лічыўся як дзень за паўтара. У выніку ў калоніі Любянчук правёў два тыдні, з якіх частку ў каранціне і частку ў штрафным ізалятары (ШІЗА). У атрад ён так і не быў пераведзены, бо быў вызвалены па сканчэнні тэрміну ў траўні.
22 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра ўнясенне Алеся Любенчука ў «Спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» КДБ. Уключэнне ў гэты спіс накладае на чалавека вельмі жорсткія абмежаванні. Найбольш балючыя наступствы датычацца фінансаў і магчымасці весці нармальнае жыццё. Так, усе банкаўскія рахункі ў Беларусі аўтаматычна блакуюцца, з іх нельга ажыццяўляць ніякія плацяжы, нават атрымліваць зарплату ці пенсію. Асоба з гэтага спіса можа здымаць з рахунку толькі абмежаваную суму (базавую велічыню) на месяц для мінімальных патрэбаў.
Акрамя таго, могуць быць праблемы з працаўладкаваннем — наймальнікі могуць адмовіць у прыёме на працу, бо прадпрыемствам забаронена праводзіць фінансавыя аперацыі з удзелам такіх асоб.
У папярэдні раз Алеся Любенчука затрымалі ў траўні 2022 года і асудзілі да трох гадоў калоніі па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361–1 КК РБ). Журналіст цалкам адбыў прысуд магілёўскай калоніі № 15 і выйшаў на волю ў студзені 2025 года.
@bajmedia