Ірына Слаўнікава будзе расказваць рускамоўнай аўдыторыі пра сапраўдную Беларусь
Экс-палітзняволеная журналістка Ірына Слаўнікава далучаецца да міжнароднай каманды «Вот так» і цяпер будзе рэалізоўваць на праекце сваю праграму.

Ірына Слаўнікава. Скрыншот
Ірына Слаўнікава крыху распавяла вядоўцу ранішняга эфіру «Вот так» Тэнгізу Адамія пра сваю творчую задуму: расказаць аўдыторыі, «перадусім рускамоўнай, пра Беларусь, якая для многіх застаецца такой terra incognita».
«Здаецца, пра яе ўсе ўсё ведаюць, але не ведаюць самых важных дэталяў: што беларусы — гэта не расіяне, што беларуская мова ў Беларусі — гэта зусім не русская мова, што ў нас, у беларусаў, іншы менталітэт, свае каштоўнасці, свае асаблівасці, — сказала Ірына Слаўнікава.
— І хочацца проста пазнаёміць людзей з Беларуссю такой, якой яна ёсць насамрэч, а не такой, якой яе паказваюць дзяржаўныя тэлеканалы. Бо гэта не нейкі «сосуд стабильности». Канешне, мы краіна тысячы рэк і азёр, але не ўсё ў нас так добра, не ўсё так светла, не ўсё так цудоўна».
Падрабязнасці — назву праграмы, яе час, фармат, рэгулярнасць і іншае — Ірына Слаўнікава пакуль не разгалошвае.
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года. Гомельскі абласны суд 3 жніўня пакараў журналістку 5 гадамі калоніі. 11 верасня 2025 года Слаўнікава трапіла ў лік 52‑х вызваленых палітвязняў.
У траўні гэтага года Ірына Слаўнікава і Ігар Карней сталі новымі сябрамі Рады па медыяэтыцы.
«Вот так» — рускамоўны медыйны праект Цэнтра міжнароднага вяшчання польскага нацыянальнага тэлевяшчальніка TVP, створаны для асвятлення актуальных падзей ва Усходняй Еўропе і Еўразійскім рэгіёне. Праект аб’ядноўвае тэлеканал (вяшчанне ідзе на частаце канала «Белсат»), розныя вэб-рэсурсы, YouTube-канал і старонкі ў вядучых сацыяльных сетках. Рэдакцыя спецыялізуецца на вытворчасці навінавых, аналітычных і рэпартажных праграм і публікацый, надаючы асаблівую ўвагу абароне правоў чалавека, свабодзе слова і выкрыццю расійскай прапаганды.
«Вот так» быў створаны ў 2017 годзе як частка беларускага тэлеканала «Белсат» у выглядзе рускамоўнай навінавай тэлепраграмы. Праект узнік з мэтай процідзеяння афіцыйнай тэлепрапагандзе Расіі і Беларусі.
У «Вот так» працуюць журналісты з Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін. У 2022 годзе колькасць падпісчыкаў YouTube-канала перавысіла адзін мільён чалавек, а рэдакцыя атрымала сімвалічную «залатую кнопку» YouTube.
@bajmedia