• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мне здаецца, што мяне не пасадзяць». Пачобут — на прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў»

    У Варшаве 6 ліпеня адбылася прэзентацыя кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў», выдадзенай пры падтрымцы Інстытута Пілецкага і Цэнтра ўсходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschod­nich —OSW). Пра свой досвед падчас сустрэчы распавялі былыя палітзняволеныя беларускія журналісты Анджэй Пачобут і Павел Мажэйка.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    Беларусь-2013 і Беларусь-2026 — у чым розніца?

    Кніга «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў» складаецца з 12 глыбокіх інтэрв’ю з беларусамі, якія былі асуджаныя паводле палітычна матываваных спраў і прайшлі праз зняволенне. Гутаркі праводзіліся ў 2025–2026 гадах.

    На прэзентацыі прысутнічала адна з аўтарак інтэрв’ю — Агнешка Рамашэўска-Гузы, былая дырэктарка тэлеканала «Белсат». У межах кнігі яна гутарыла з Галінай Дзербыш і Ірынай Слаўнікавай — былой рэдактаркай «Белсата». Іншыя два інтэрв’юеры — Міхал Кацэвіч і Пётр Пагажэльскі.

    Уступ да кнігі напісаў Анджэй Пачобут. Як было адзначана падчас прэзентацыі, калі кніга рыхтавалася да выхаду, было невядома, ці зможа журналіст штосьці напісаць, бо яшчэ быў за кратамі. Ва ўступным слове Пачобут апісаў свае больш за чатыры гады ў зняволенні.

    У 2013 годзе Анджэй Пачобут напісаў кнігу «Сістэма Беларусь». Падчас прэзентацыі аўтар параўнаў, як эвалюцыянавала гэтая самая сістэма за больш чым дзесяць гадоў. Найперш змяніліся прапорцыі, кажа журналіст. Стала больш рэпрэсій.

    «Вырасла роля Савету бяспекі ў сістэме. На 2013 год адміністрацыя прэзідэнта была цэнтрам. Цяжка ацаніць, як ёсць цяпер, але ў 2021 годзе Савет бяспекі быў нашмат важнейшы, чым адміністрацыя прэзідэнта. Роля службаў вырасла, якія цяпер яшчэ больш, чым раней, кантралююць лаяльнасць чыноўнікаў. Але гэты працэс пачаўся яшчэ да 2020 года, а 2020 год яго ўзмацніў», — кажа Пачобут.

    «Стварэнне шэрага натоўпу»

    На пытанне пра супрацоўнікаў калоніі — як іх можна ахарактарызаваць, былы палітвязень адказаў, што гэтыя людзі ствараюць уражанне, нібы яны гатовыя выканаць любы загад. Але толькі частцы з іх гэтае выкананне прыносіла задавальненне. Большасць рабіла гэта, бо выбрала сабе такую працу, якая нібыта гарантавала ім будучыню, бо яны — на баку мацнейшага.

    «Я не сустрэў ніводнага выпадку, каб хтосьці там адмовіў у выкананні загаду. Але загад можна было выконваць і адчуваць асабістае задавальненне. Такіх я бачыў, але іх не было шмат. Большасць проста рабілі, бо ім так сказалі, і ад сябе нічога не дадавалі», — кажа журналіст.

    Са слоў Пачобута, былі такія, якія выказвалі пэўную чалавечнасць, але палітвязень ніколі не ведаў, ці гэта не была гульня. Анджэй не меў даверу нават да тых, хто паказваў сябе добра, і наадварот яшчэ больш асцерагаўся такіх людзей.

    Мэтай адміністрацыі калоніі ў Наваполацку, паводле Пачобута, было стварэнне шэрага натоўпу — людзей, апранутых у аднолькавае адзенне і без асобы. Калі з’яўлялася асоба — ці гэта быў палітвязень, ці крымінальнік, і ён атрымліваў аўтарытэт сярод вязняў, меў свой погляд на рэчы, «з ім пачыналі працаваць» — ці прымушалі супрацоўнічаць, ці, калі такі чалавек адмаўляўся, на яго ціснулі і не дазвалялі быць аўтарытэтам.

    Дадатковы інструмент ціску ў калоніі — карцар, ШІЗА. Са слоў Пачобута, рашэнне пра накіраванне вязня туды прымаецца адміністрацыяй яшчэ да таго, як гэты вязень штосьці парушыць. Далей шукаюцца нагоды, якія падцягваюцца пад загадзя прынятае рашэнне. Акрамя таго, у наваполацкай калоніі вязняў прымушалі прызнавацца ў сваёй віне. Калі хтосці не прызнаваўся, у яго пачыналіся праблемы.

    падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    Падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    «Гэтыя метады не новыя, яны існавалі ў беларускіх турмах і дзесяць гадоў таму, і раней. Але раней яны ўжываліся да людзей з турэмнай субкультуры, груп арганізаванай злачыннасці. Гэтых людзей ламалі. А цяпер гэта ўжываюць да палітвязняў», — зазначае Пачобут.

    Страх і абыякавасць

    Павел Мажэйка распавёў, што ўжо праз дзень-два пасля таго, як яго выкінулі з Беларусі, ён размаўляў з Агнешкай Рамашэўскай, і журналісту спадабалася, што яна пытаецца не пра эмоцыі, а пра факты: як збудаваная гэтая сістэма, чаму ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы штосьці такое зноў стала магчымым — рэжым, які можа дзясяткі тысяч людзей паставіць на мяжу жыцця і смерці.

    «Тады я зразумеў, што гэтая кніжка павінна з’явіцца, бо эмоцыі сыдуць, а кніга павінна застацца для тых, хто праз дзясяткі гадоў будзе займацца гісторыяй Беларусі, калі, спадзяюся, прыйдзе вольнасць. Таму ў гэтай кніжцы не эмоцыі, а факты пра тое, якую сістэму выбудаваў Лукашэнка, каб трымаць у страху», — кажа Павел.

    Павел Мажэйка

    Павел Мажэйка падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    А ў страху, са слоў журналіста, сістэма трымае ўсіх. У тым ліку адміністрацыю калоніі, бо яны бачылі, што рэжым можа рабіць з людзьмі.

    Другая рыса, якая зрабіла магчымым такую сістэму — абыякавасць. Мажэйка падкрэслівае, што па большасці з супрацоўнікаў калоніі было відаць, што ім абыякава: яны маюць працу, а ўдома спрабуюць пра ўсё гэта забыцца.

    «Страх і абыякавасць — дзве рысы, на якіх трымаецца сістэма рэпрэсій у Беларусі», — кажа былы палітвязень.

    «Беларусь можна параўнаць выключна са сталінскім рэжымам»

    Агнешка Рамашэўска-Гузы казала, што яе моцна ўразілі апісанні камер, умоў, у якіх давялося сядзець людзям. Яна думала, што такога ўжо нідзе няма. Журналістка сцвярджае, што ў Польскай народнай рэспубліцы (ПНР), якая таксама адзначалася жорсткасцю рэжыму, было не так, і што Беларусь пайшла вельмі далёка ў пабудове сістэмы прыніжэння і рэпрэсавання людзей.

    «Нельга параўнаць з ПНР. Узровень рэпрэсій нашмат большы. Ніхто ў ПНР не ішоў сядзець на 12 гадоў. Кагосьці выпускаюць, але сядзяць тыя, хто маюць прысуды па 20 гадоў.

    Галіна Дзербыш выйшла, але мела вырак 20 гадоў, яна думала, што жывой не выйдзе. <…>. Але не яна адна атрымала такі прысуд — 16, 20 гадоў. <…>. У ПНР былі лепшыя варункі ў турмах, там не было такога прыніжэння людзей. Беларусь можна параўнаць выключна са сталінскім рэжымам, з ім шмат падобнага».

    Агнешка Рамашэўска-Гузы

    Агнешка Рамашэўска-Гузы падчас прэзентацыі кнігі «Архіпелаг Беларусь. Аповеды былых палітвязняў». Скрын відэа

    Таксама, паводле Рамашэўскай, у ПНР не каралі тых, хто дапамагаў вязням, хто, напрыклад, пераводзіў ім грошы ці дасылаў пасылкі. У Польшчы таксама быў вынік ад розгаласу. У Беларусі гэта можа пагаршаць сітуацыю.

    Акрамя таго, беларускі рэжым у пэўны момант зарыентаваўся, што мае закладнікаў, і праз гэта можна ўплываць на сваякоў. Напрыклад, калі жонка вязня будзе «зашмат казаць», яго можна дадатковы раз кінуць у ШІЗА. Гэта прымушае тыя ж медыі маўчаць, што прыводзіць нібы да нармалізацыі сітуацыі. І гэта сітуацыя, якую вельмі цяжка развязаць.

    Што дапамагала трымацца?

    З залы Мажэйку і Пачобуту задалі пытанне пра тое, што ім дапамагала трымацца за кратамі. «Я адціскаўся», — адказаў Анджэй.

    Павел Мажэйка распавёў, што ад самага пачатку вырашыў для сябе, што мусіць выйсці жывым і па магчымасці здаровым:

    «Калі мне казалі чысціць бульбу, гэта не было для мяне праблемай. Не бачыў у гэтым праблемы, каб дасягнуць сваёй мэты. Разумеў, што насупраць мяне людзі, якім я не мушу казаць пра сфальсіфікаваныя выбары ці што мяне ні за што пасадзілі на шэсць гадоў і да т. п. Вырашыў захаваць уласныя нервы, здароўе, жыццё і дачакацца волі».

    Да Пачобута было скіраванае пытанне, чаму ён хоча вярнуцца ў Беларусь, калі ёсць рызыка таго, што ён зноў апынецца за кратамі.

    «Мне здаецца, што мяне не пасадзяць. Для мяне не відавочна, што мяне пасадзяць, хоць можа быць па-рознаму, але агулам я зусім не перакананы, што я прыеду і мяне пасадзяць», — адказаў былы палітвязень.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.