Рэдакцыя «Еўрарадыё» апублікавала зварот у падтрымку галоўнага рэдактара Яўгена Казарцава
«Еўрарадыё» заявіла аб цкаванні галоўнага рэдактара выдання Яўгена Казарцава з боку недабразычліўцаў. Гэта ўскладняе працу медыя, кажуць у рэдакцыі. Журналісты настойваюць, што мінулая праца Казарцава на «Спутнік Беларусь» не ўплывае рэдакцыйную палітыку «Еўрарадыё».

«“Еўрапейскае радыё для Беларусі” выступае супраць цкавання нашага галоўнага рэдактара Яўгена Казарцава. Нядобразычліўцы маніпулююць фактамі і рассылаюць дэзынфармацыю з мэтай зганьбіць Казарцава і Еўрарадыё, ускладняючы працу нашага медыя — прадэмакратычнага, прабеларускага і праўкраінскага ў кантэксце рэгіянальнай бяспекі. У той жа час, на нашых супрацоўнікаў — як і на шмат каго з беларусаў у эміграцыі — ціснуць беларускія спецслужбы», — гаворыцца ў заяве рэдакцыі.
«Еўрарадыё» тлумачыць, што ў 2025 годзе не раскрывалі асобу новага галоўнага рэдактара з меркаванняў бяспекі. Аднак яго «здэанонілі асобы, якія лічаць сябе дэмакратычнымі актывістамі».
«Яны распаўсюджваюць сваю дэзу ўсюды, куды могуць дацягнуцца. Іх выдумкі пра Яўгена Казарцава сталі асновай для публікацыяй пра яго на сайце цэнтра “Міратворац”. Але там хутка зразумелі, што “інфармацыя”, якую ім падсунулі, не вытрымлівае элементарнай праверкі.
У выніку старонка пра Казарцава была выдаленая з сайта “Міратворац”. Цяпер яна недасяжная. Мы ўдзячныя ўкраінскім журналістам за выпраўленне памылкі», — пішуць журналісты «Еўрарадыё».
Рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава выключылі з базы «Міратворца»
У звароце адзначаецца, што за 20 гадоў свайго існавання «Еўрапейскае радыё для Беларусі» прайшло праз ператрусы і затрыманні, забароны і блакіроўкі, праз абвінавачанні і хвалі хэйту. «Але ў кожнай сітуацыі рэдакцыя была на баку сваіх супрацоўнікаў, якія траплялі пад удар».
Зараз прадстаўнікі рэдакцыі настойваюць на тым, што, прыняўшы Яўгена Казарцава на працу карэспандэнтам у 2020 годзе, яны не зрабілі памылкі.
«У той час пад уплывам ад фальсіфікацыі выбараў, масавых пратэстаў і гвалту, з якім улады Беларусі змагаліся са сваімі апанентамі, шмат журналістаў пераходзілі з прапагандысцкіх медыяў у недзяржаўныя, прадэмакратычныя. Мы ведалі пра яго працу ў “Спутнік Беларусь” — ён не хаваў гэтага. Але мы вырашылі, што тут і цяпер ён будзе карысны з нашага боку. Гэта было свядомае рашэнне.
І яно было правільным. Сёння “Еўрапейскае радыё для Беларусі” пад кіраўніцтвам Яўгена Казарцава працягвае несці беларусам праўдзівую, аб’ектыўную інфармацыю, якая (мы ўпэўненыя) набліжае дэмакратычныя перамены ў нашай краіне. Гэта няпростая штодзённая праца, якая вельмі не падабаецца рэжыму Лукашэнкі. І тое, што знаходзяцца людзі, якія — праз свае канспіралагічныя перакананні, праз уласныя памылковыя погляды ці на нечую замову — імкнуцца ставіць нам палкі ў колы, толькі сведчыць пра эфектыўнасць гэтай працы».
Ад імя ўсёй рэдакцыі «Еўрарадыё» зварот падпісалі:
- Зміцер Новікаў, старшыня праўлення «Еўрапейскага радыё для Беларусі»;
- Павел Свярдлоў, галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» з красавіка 2018 года па красавік 2025 года;
- Марыя Калеснікава, рэдактарка «Еўрапейскага радыё для Беларусі»;
- Зміцер Лукашук, рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі».
@bajmedia