Як працуюць нішавыя медыя для ўразлівых груп у Беларусі. Ад лайфстайлу да навігацыі ў крызісе
Пасля 2020 года беларускія медыя для ўразлівых груп прайшлі шлях ад забаўляльнага лайфстайлу да стратэгіі выжывання. Ва ўмовах, калі нават просты лайк можа стаць падставай для пераследу, такія рэсурсы ператвараюцца ў «навігатары» ў крызісе. Сёння бяспека аўдыторыі ўнутры краіны — гэта не проста тэхнічны момант, а падмурак рэдакцыйнай палітыкі.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
«Беларусь застаецца для нас ключавой аўдыторыяй»
Галоўны рэдактар кросплатформавага медыя Gpress.info Н. у гутарцы з БАЖ падкрэслівае, што асноўная аўдыторыя сайта — гэта ЛГБТК+ беларусы і беларускі, «людзі ўнутры Беларусі, бо менавіта яны жывуць у самым уразлівым і небяспечным асяроддзі».
«Але адначасова і квір-беларусы ў эміграцыі: у Польшчы, Літве, Германіі, Грузіі, Украіне, іншых краінах Еўропы і свету. Для нас гэта адна вялікая беларуская ЛГБТК+ супольнасць, — кажа ён. — Калі казаць па статыстыцы, Беларусь застаецца для нас ключавой аўдыторыяй.
Напрыклад, у Instagram сярэдняя доля аўдыторыі з Беларусі складае каля 58 %, а ў асобныя месяцы яна перавышала 90 %. У TikTok Беларусь — другая краіна па аўдыторыі, каля 21,6 %. Па долі наведванняў сайта Беларусь знаходзіцца на першым месцы — 28,62 %, хоць мы разумеем, што частка аўдыторыі з Беларусі заходзіць праз VPN, таму рэальныя лічбы могуць быць вышэйшымі».
Паводле галоўнага рэдактара Gpress.info, за апошнія гады з Беларусі з’ехала шмат людзей, у тым ліку асоб ЛГБТК+, таму аўдыторыя стала больш размеркаванай.
Змянілася і ўзроставая структура:
«У нас ёсць дарослая аўдыторыя, якая даўно сочыць за тэмай правоў чалавека і ЛГБТК+ у Беларусі. Але праз Instagram і TikTok мы бачым многа маладых людзей. Напрыклад, у TikTok больш за 62 % гледачоў — гэта аўдыторыя 18–34 гадоў. У Instagram самая моцная група — 25–34 гады».
Пасля ўступлення ў сілу дыскрымінацыйнага артыкула
Медыйшчыкі разумеюць, што чалавек можа проста чытаць іх матэрыял, глядзець відэа ці адкрыць пост — і ўжо з гэтай прычыны падвяргацца рызыцы. Таму бяспека для іх — частка рэдакцыйнай стратэгіі. Асабліва пасля ўступлення ў сілу артыкула 19.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, які тычыцца так званай «прапаганды» ЛГБТК+ і іншых тэм.
Для супольнасці гэта стварыла новы ўзровень рызыкі і новы ўзровень невядомасці: людзі не разумеюць, як менавіта гэта будзе прымяняцца, каго гэта можа закрануць, што можна казаць публічна, што ўжо небяспечна».
«Раней мы маглі значна смялей паказваць нашых герояў: публікаваць фотаздымкі, здымаць відэа, рабіць матэрыялы з адкрытымі тварамі. Зараз такая магчымасць моцна зменшылася, — зазначае суразмоўца. — Многія людзі ўнутры Беларусі гатовыя гаварыць толькі ананімна, і мы гэта цалкам паважаем.
Рэдактар падкрэслівае: ЛГБТК+ людзі сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, што ўсе астатнія. Праца, грошы, жыллё, здароўе, міграцыя, адзінота, адносіны, сям’я, будучыня.
«Мы ўсе людзі, у нас ва ўсіх аднолькавыя правы і вельмі падобныя жыццёвыя задачы. Проста для ЛГБТК+ чалавека ў Беларусі да звычайных чалавечых праблем часта дадаецца яшчэ адзін пласт — рызыка, стыгма і неабходнасць пастаянна думаць пра бяспеку».

Скрыншот сайта
Важны прынцып: пры распаўсюдзе кантэнту загадзя ацэньваць рызыкі
У рэдакцыі ёсць асобны падыход да бяспекі герояў і гераінь матэрыялаў, аўтараў і аўтарак, а таксама аўдыторыі ўнутры краіны. Тут загадзя ацэньваюць рызыкі: ці можна паказваць твар чалавека, ці можна ўказваць горад, прафесію, дэталі біяграфіі, сямейныя абставіны, голас.
«Часта мы мяняем імя, прыбіраем пазнавальныя дэталі, пераносім акцэнт з асабовых даных на досвед чалавека. Частку ўнутраных мер бяспекі мы публічна не раскрываем, бо самая іх адкрытасць можа аслабіць абарону людзей», — дадае медыйшчык.
Пры гэтым, кажа галоўрэд Gpress.info, рэсурс стараецца не сыходзіць цалкам у нябачнасць, «мы шукаем бяспечныя спосабы, каб ЛГБТК+ беларусы і беларускі ўсё роўна маглі гаварыць пра сябе». Напрыклад, нядаўна ў медыя выйшаў спецпраект «Не маўчы пра сябе», дзе маладыя ЛГБТК+ беларусы і беларускі распавядалі свае гісторыі на відэа з адкрытымі тварамі: «Гэта стала магчымым толькі пасля ацэнкі рызык і ўсвядомленай згоды саміх герояў».
Ёсць і праблема дэзінфармацыі. Дзяржаўная і прапагандысцкая рыторыка гадамі робіць ЛГБТК+ людзей зручнай мішэнню. Яна ўзмацняе стэрэатыпы, страх, нянавісць, пачуццё ізаляцыі. Таму нам важна тлумачыць, што адбываецца, чаму гэта важна і дзе чалавек можа знайсці падтрымку.
Под прицелом: Как белорусская пропаганда воюет с ЛГБТК+ и разрушает жизни
«Мы заклікаем аўдыторыю выкарыстоўваць VPN, асцярожна ставіцца да падпісак, лайкаў, каментароў і іншых публічных рэакцый. Мы разумеем, што чалавек унутры Беларусі можа чытаць нас без падпіскі, без лайкаў, без слядоў публічнай актыўнасці, што абсалютна нармальна.
Для нас «платформа даверу» — гэта месца, дзе чалавек разумее: тут яго досвед ведаюць знутры і з ім не будуць «гаварыць зверху». Вельмі важна, што GPress.info ствараюць людзі з супольнасці і побач з супольнасцю. Мы разумеем, чаму чалавек можа баяцца лайкнуць пост, падпісацца, напісаць каментар, распавесці сваю гісторыю нават ананімна. Таму давер пачынаецца з павагі да гэтых страхаў», — кажа журналіст.
Мы заўсёды задаем сабе простае пытанне: як гэты матэрыял дапаможа чытачу
«Ён патлумачыць складаную сітуацыю? Знізіць трывогу? Падкажа, як сябе абараніць? Дасць кантакт юрыста, псіхолага, лекара, ініцыятывы? Пакажа, што чалавек не адзін? Калі тэкст проста дадае болю і нічога не дае наўзамен, значыць, яго трэба перарабляць.
Для ўразлівых груп спецыялізаванае медыя важнае менавіта таму, што яно гаворыць на іх мове і разумее кантэкст. Агульныя медыя могуць напісаць пра ЛГБТК+ тэму як пра навіну, канфлікт ці скандал, — падкрэслівае Н. —
Для нас за кожнай такой тэмай стаіць канкрэтны чалавек, у якім сама каманда сайта пазнае сябе: падлетак у маленькім горадзе, транс-чалавек пасля ціску сілавікоў, гей у рэлігійнай сям’і, лесбіянка ў эміграцыі, квір-беларус, які не ведае, дзе шукаць падтрымку.
На думку кіраўніка GayPress, чалавек прыходзіць да спецыялізаванага медыя, калі хоча ўбачыць не проста інфармацыю: «Калі яму важна зразумець: са мной усё нармальна. Мой досвед існуе. Хтосьці ўжо прайшоў праз падобнае. Ёсць людзі, якія разумеюць, што са мной адбываецца».
Наш сайт асабліва важны, бо там можна даць глыбіню. У сацсетках чалавек часцей бачыць кароткі пост, відэа ці карткі. На сайце можна спакойна прачытаць інтэрв’ю, тлумачальны матэрыял, інструкцыю, асабістую гісторыю, паглядзець фотарэпартаж. Мы стараемся, каб давер будаваўся на трох рэчах: бяспека, карысць і беражлівае стаўленне».
У рэакцыях спрэс хэйт і гамафобія?
Сёння спецыялізаванае ЛГБТК+ медыя становіцца навігатарам, падтрымкай і бяспечнай прасторай, упэўнены суразмоўца. Чалавеку важна разумець: што адбываецца, як гэта можа на яго паўплываць, якія ёсць варыянты дзеянняў, куды можна звярнуцца, хто ўжо праходзіў праз падобную сітуацыю.
Таму амаль заўсёды асновай становіцца тэкст: навіна, інтэрв’ю, тлумачальны матэрыял, аўтарская гісторыя. Потым ён разыходзіцца па розных фарматах:
- Instagram — гэта галоўны канал ахопаў: карткі, кароткія пасты, візуальныя гісторыі, Reels, анонсы матэрыялаў.
- TikTok — гэта кароткае відэа, тлумачэнне складаных тэм простай мовай, праца з маладой аўдыторыяй.
- Telegram — гэта канал сувязі з ядром аўдыторыі: хуткія абнаўленні, спасылкі на матэрыялы, больш прамы кантакт.
- YouTube — гэта пляцоўка для спецпраектаў, працяглага відэа, інтэрв’ю, рэпартажаў, Pride-кантэнту.
«Для часткі аўдыторыі сацсетка — гэта і ёсць GPress.info. Чалавек можа не перайсці на сайт, але ён убачыць карткі, відэа, кароткае тлумачэнне, захавае пост, адправіць сябру. Гэта таксама паўнавартаснае медыяспажыванне», — зазначае Н.
Што не так у беларускіх медыя з асвятленнем тэмы ЛГБТК+? Запыталіся ў экспертаў і калег
Зразумела, рэдакцыя пастаянна адсочвае рэакцыю аўдыторыі. Тут трэба разумець, што акрамя простых рэакцый ЛГБТК+ кантэнт рэгулярна сутыкаецца з хэйтам і гамафобіяй.
«Напрыклад, я ўжо два гады запар вяду прамыя эфіры з прайда ў Варшаве. У моманце такія эфіры прыходзяць глядзець больш за пяць тысяч чалавек адначасова. Потым мы глядзім статыстыку, — распавядае галоўрэд. — Напрыклад, адным з часта паўтаральных слоў стала «Арэшнік» (у каментарах пісалі пагрозы накшталт «Долбануть бы по вам «Орешником»»). Гэта добра паказвае, у якім асяроддзі нам даводзіцца працаваць. Але пры гэтым мы бачым і іншае: алгарытмы ўсё роўна прыводзяць да нас шмат людзей, якім гэтая тэма цікавая ці важная».
Не ўсё «ўпершыню»
Ірына Новік, аўтарка канала «Тётя Ира разрешила» і падкаста «Дочкі-маткі», якія яна стварае ў суаўтарстве з Дар’яй Гардзейчык, кажа, што калі пачыналася праца над падкастам, то «была задачка сабраць разам гендэрных актывістак, увогуле актыўных жанчын з розных пакаленняў».

Ірына Новік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
«Гэты падкаст меўся быць мастом паміж жанчынамі рознага ўзросту.
Калі ж казаць пра тое, чаго не хапае ў медыясектары агулам, то гэта тое, што часта маладыя актывісткі і актывісты не ведаюць, не бачаць, што рабілі перад імі. Таму ў нас так шмат праектаў, якія выходзяць нібыта «ўпершыню», — кажа журналістка. — Шмат усяго такога «ўнікальнага» проста таму, што ў людзей не хапае, не ведаю, памяці, цікавасці, розуму азярнуцца назад і паглядзець, што рабілі да іх.
Вось таму адна з задач гэтага падкаста была ў тым, каб не сварыцца пра тое, хто першы, а абмеркаваць нейкія праблемы, нейкія пытанні, жыццёвыя сітуацыі, падзеі не толькі праз гендэрную прызму, але і праз прызму розных пакаленняў.
То-бок вось мы на самым пачатку падкаста патлумачылі, якія пакаленні мы прадстаўляем і пасля ўжо кожная са свайго пункту гледжання пра гэта казалі. Ну як бы, уласна, таму і аўдыторыя ў падкаста была такая двайная, так бы мовіць: нас слухалі і маладыя актывісты, актывісткі, і сталыя, тыя, хто даўно ўжо ў тэме».
«Мы не можам адарваць тэматыку ўразлівых груп ад жыцця грамадства»
«Мы ведаем, што няма ўніверсальных медыя, то бок пісаць пра ўсё, пісаць для ўсіх — не атрымаецца. І кожнае медыя неяк заточваецца пад сваю аўдыторыю. З іншага боку, вось у такіх вузкаспецыялізаваных медыяў зараз не вельмі шмат шансаў на тое, каб развівацца, быць паспяховымі і шырока прызнанымі праз карыстальнікаў. Проста таму, што мы ў такіх умовах. У асноўным мы працуем з эміграцыяй, у асноўным у нас «экстрэмісцкія» статусы, якія могуць быць небяспечнымі для нашых чытачоў ці гледачоў і чытачак-глядачак.
Ці ёсць у беларускіх медыя гэтыя асобы сегмент? Хутчэй, не. На маю думку, гэта нейкія раздзелы, рубрыкі, часткі, тэматычныя старонкі ў вялікіх і малых беларускіх медыя, бо тэма ўразлівых груп усё роўна ж прысутнічае ў нашым жыцці.
Мы не можам адарваць тэматыку ўразлівых групаў ад жыцця грамадства. Таму мне здаецца, што і сэнсу вялікага няма ствараць медыя менавіта для гэтага сегмента аўдыторыі.
Мы ж не ствараем СМІ толькі для зеленавокіх людзей ці асобна для асоб з кучаравымі валасамі. Я схіляюся да думкі, што рэдакцыям трэба не толькі вызначаць і паказваць сацыяльна неабароненыя слаі грамадства, але і аб’ядноўваць такіх людзей і тых, хто менш уразлівы», — мяркуе Ірына Новік.
Без грантаў медыя ператвараецца ў хобі
Што да эканамічнай устойлівасці медыя ў эміграцыі, то ў спадарыні Ірыны існуюць вельмі вялікія сумневы:
«Мы апынуліся ў эміграцыі і страцілі вельмі шмат сацыяльнага капіталу, на які працавалі ўсё папярэдняе жыццё. Зараз кожнай і кожнаму з нас трэба думаць нашмат больш, чым гэта было дома.
Пра легалізацыю, пра свой юрыдычны статус, пра тое, як зняць жытло, пра тое, як зарабіць грошы, пра тое, як падтрымаць сваіх блізкіх і гэтак далей. Гэта цягне вельмі шмат сіл. І тое, што мы застаемся ў прафесіі, робім медыя і надаем увагу у тым ліку ўразлівым групам, гэта ўжо, на маю думку, на ўзроўні подзвігу на шостым годзе эміграцыі.

Вядоўцы падкаста «Дочкі-маткі» Ірына Новік і Даша Гардзейчык
Калі ў чалавека ёсць магчымасць зарабляць грошы, тады ў якасці хобі можна рабіць вельмі нішавыя праекты, у тым ліку праекты, скіраваныя на асвятленне людзей з уразлівых груп. Зусім без грантавай падтрымкі мне складана ўявіць медыя ў эміграцыі, асабліва нішавае і вось такое на чуллівыя, ўразлівыя тэмы.
Уласна я мяркую, што ўстойлівыя бізнес-мадэлі ў эміграцыі ўдасца сфармаваць якраз невялікім і нішавым медыя, якія змогуць аб’яднаць аўдыторыі ў Беларусі і за мяжой. Яны, можа быць, не такія палітызаваныя, менш таксічныя для карыстальнікаў з Беларусі, тыя, каторыя даюць карысны жыццёвы кантэнт, даюць падтрымку ў складанай псіхалагічнай сітуацыі.
Калі вярнуцца да нашага прыкладу, да падкаста «Дочкі-маткі», то ён выходзіць сезонамі. Іншымі словамі, калі мы знаходзім падтрымку, то выпускаем новы сезон, калі не, то бярэм пэўную паўзу і ў гэты час займаемся нечым іншым.
У нас мікраманда. У асноўным мы з Дашай і робім большую частку працы. Але попыт на нішавыя медыяпраекты, канешне, ёсць. Іх аўдыторыяй з’яўляюцца не толькі прадстаўнікі і прадстаўніцы ўразлівых груп. Зразумела, што ў кожнага героя, гераіні ёсць сям’я, ёсць блізкія, ёсць родныя, ёсць сябры, ёсць калегі, ёсць суседзі, якія так ці інакш дакранаюцца да яго/яе жыцця, лёсу, цяжкасцяў, складанасцяў, поспехаў».
Ад асветы да выжывання
Пасля 2020 года ў сегменце медыя для ўразлівых груп адбыўся карэнны злом: запыт аўдыторыі змяніўся з лайфстайл-тэм (культура, адносіны, бачнасць) на практычную і крызісную дапамогу.
Сёння такія рэсурсы выконваюць ролю навігатараў, забяспечваючы карыстальнікаў гайдамі па бяспецы, міграцыі і легалізацыі.
Для чытачоў унутры Беларусі спецыялізаванае медыя становіцца «бяспечным акном», дзе чалавек атрымлівае не проста інфармацыю, а пацвярджэнне таго, што яго досвед існуе і ён не адзін. Гэта асабліва важна на фоне ўвядзення новых рэпрэсіўных норм, якія ўзмацняюць самацэнзуру і ізаляцыю ўразлівых супольнасцей.
Для беларускіх медыяпраектаў, якія працуюць у выгнанні, галоўным выклікам застаецца страта сацыяльнага капіталу і неабходнасць будаваць жыццё «з нуля», што ператварае працу ў прафесіі на пятым-шостым годзе эміграцыі ў цяжкае выпрабаванне.
Эканамічная мадэль такіх праектаў застаецца вельмі крохкай: большасць з іх існуюць «сезонамі», цалкам залежачы ад наяўнасці грантавай падтрымкі, або ператвараюцца ў «хобі-праекты» на вольны час. Тым не менш, менавіта нішавыя медыя маюць шанцы на стварэнне ўстойлівых супольнасцей, бо яны будуюць «платформу даверу», размаўляючы з аўдыторыяй на адной мове і разумеючы кантэкст знутры.
@bajmedia