З інфармацыі аўтараў каналу, блякаваньне адбылося непасрэдна ў час этэру. Пры гэтым трансьляцыю працягнулі на альтэрнатыўных пляцоўках.
Насамрэч пры пошуку ў YouTube цяпер удаецца знайсьці толькі старыя выпускі праграмы «По существу».
Акрамя таго, YouTube заблякаваў каналы Першага каналу беларускага радыё, радыё «Культура» і радыё «Сталіца».
«На вашым канале былі выяўленыя парушэньні правілаў YouTube. Мы выдалілі яго дзеля абароны супольнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні, якое паказваецца ўладальнікам забароненых каналаў.
Ранейшыя блякаваньні СТВ і іншых каналаў
Папярэдні раз пра блякаваньне прапагандысцкага каналу ў Беларусі была інфармацыя 8 красавіка сёлета. Тады плятформа YouTube выдаліла новы канал СТВ, які стаў актыўна папаўняцца пасьля выдаленьня старога.
«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — скардзіўся тады ў сацыяльных сетках тэлеканал СТВ.
А 3 красавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай», але неўзабаве гэтая тэма больш шырока не ўзьнімалася.
СТВ у апошнія гады пераважна вядомы перадачамі Рыгора Азаронка, які ў сваіх этэрах доўга і ўрачыста хваліць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, называе таго найлепшым кіраўніком на сьвеце, а заадно ганьбіць усіх, хто выступае супраць. У перадачы неаднаразова гучалі абразы ў бок беларускай мовы, асабістыя абразы на адрас палітычных вязьняў і ўцекачоў, а таксама ўхваленьне расейскай палітыкі.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто чытаў незалежныя мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі.
- Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці, якія ўжо сталі прадметам разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт
Што такое «Дзень народнага адзінства»?
Заблякаваная, паводле дзяржаўных СМІ, перадача на СТВ расказвала пра Дзень народнага адзінства, афіцыйна заснаваны Аляксандрам Лукашэнкам у 2021 годзе. Ён адзначаецца 17 верасьня, у дзень, калі злучыліся Ўсходняя і Заходняя Беларусь. Але ў гэтай даце ёсьць шмат акалічнасьцяў.
Акрамя злучэньня дзьвюх падзеленых на працягу 18 гадоў частак Беларусі гэтая дата ўбірае яшчэ й прыход савецкіх рэпрэсій у заходнюю частку Беларусі. У верасьні 1939 году Польскую дзяржаву гвалтоўна падзялілі паміж сабой гітлераўская Нямеччына і сталінскі СССР. 17 верасьня на яе заходнія тэрыторыі, то бок Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну, увайшла Чырвоная армія. Іх бальшавікі самыя аддалі Польшчы паводле Рыскай угоды 1921 году. У 1939‑м разам з Чырвонай арміяй у Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. Пра жаданьне беларускага народу не пыталі ні ў1921‑м, ні 18 гадоў пазьней.
Улады ў Беларусі і дзяржаўныя мэдыя перад гэтым дзяржаўным сьвятам гавораць пра палянізацыю, выкрываюць іншыя праблемы, якія былі ў тагачаснай Польшчы. Але маўчаць пра расстрэлы і замену палянізацыі беларусаў яшчэ больш жорсткай і працяглай русыфікацыяй.
