Тры дні, тры горада: медыяменеджар Аляксей Дзікавіцкі распачынае презентацыі свайго новага раману
25 верасня ў Варшаве адбудзецца першая прэзентацыя новага раману медыяменеджара і пісьменніка Аляксея Дзікавіцкага «Вяртанне Эльзы». 26 верасня аўтар будзе чакаць чытачоў на кніжным кірмашы ў польскім Любліне, а 28-га — у Брусэлі.

«Вяртанне Эльзы» — раман пра каханне, памяць і спакусу вечнай маладосці, у якім мінулае нечакана працягвае ўплываць на жыццё тых, хто жыве сёння», — распавёў аўтар. Кніга выйшла ў выдавецтве Kamunikat.
«Усё пачалося з кахання, якое не магло стаць узаемным, а скончылася таямніцай, што перажыла амаль стагоддзе. Адама Шаламіцкага, беларуса, які жыве ў Варшаве, нечакана ўцягвае ў загадкавую гісторыю яго былая аднакласніца і першае каханне Эльза. У цэнтры гэтай гісторыі — страчаны куфар з сямейнымі каштоўнасцямі і палескі заклён, здольны спыніць старэнне таго, хто зможа выканаць яго ўмову. Пошукі праўды прымушаюць героя па-новаму паглядзець на ўласнае жыццё, каханне, родны горад і тое, што чалавек пакідае пасля сябе».
Падчас прэзентацыі спадар Дзікавіцкі абяцае распавесці пра «сапраўдныя цуды, якія дапамаглі яго напісаць, падпішу свежыя, толькі з друкарні асобнікі, пачытаю ўрыўкі з найноўшай і папярэдніх сваіх кніжак».
Арганізатары падкрэсліваюць: кожнаму, хто набудзе «Вяртанне Эльзы», у падарунак дастанецца адна з папярэдніх кніг пісьменніка — «Світумузыка» альбо «Палешук 2.0».
Расклад прэзентацый:
- 25 верасня — Варшава, 18.00, Bracka, 25
- 26 верасня — Люблін, 18.00, Lubelskie Targi Książki
- 28 верасня — Брусэль, 18.00, Прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі Wetenschapstraat 23, 1000.
Набыць кнігу можна на Kamunikat.
@bajmedia