Гендарнай упаўнаважанай БАЖ абралі Ірыну Слаўнікаву
Пасада Гендарнай упаўнаважанай уведзеная ў БАЖ у адпаведнасці з прынятай у верасні Гендарнай палітыкай арганізацыі. Праўленне БАЖ зацвердзіла на гэтай пасадзе намесніцу старшыні арганізацыі Ірыну Слаўнікаву.

Ірына Слаўнікава. 18 верасня 2026 года, Вільня. Фота: БАЖ
Ірына Слаўнікава сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў з 2001 года, з 2018 года з’яўляецца намесніцай старшыні арганізацыі, з 2021 па 2025 год знаходзілася ў зняволенні ў Беларусі за сваю журналісцкую дзейнасць, пасля вызвалення і прымусовага вывазу з Беларусі вярнулася да працы ў медыя.
Падрабязней пра ролю і функцыі гендарнай упаўнаважанай
У адпаведнасці, з прынятай у верасні Гендарнай палітыкай БАЖ , у мэтах каардынацыі рэалізацыі Палітыкі Праўленне БАЖ прызначае Гендарную ўпаўнаважаную, якая адказвае за арганізацыйнае суправаджэнне ўкаранення Палітыкі, садзейнічанне захаванню яе палажэнняў і развіццё гендарна-адчувальнага падыходу ў дзейнасці БАЖ.
Да асноўных функцый Гендарнай упаўнаважанай адносяцца:
- каардынацыя ўкаранення гэтай Палітыкі і садзейнічанне яе практычнаму прымяненню;
- удзел у распрацоўцы, пераглядзе і актуалізацыі ўнутраных працэдур, якія тычацца гендарнай роўнасці, недыскрымінацыі, прадухілення харасменту і гвалту;
- кансультаванне кіраўніцтва, супрацоўнікаў, супрацоўніц і сябраў БАЖ па пытаннях прымянення гэтай Палітыкі;
- садзейнічанне арганізацыі навучання, павышэння дасведчанасці і інфармавання па пытаннях гендарнай роўнасці і бяспечнага працоўнага асяроддзя;
- маніторынг і ацэнка эфектыўнасці рэалізацыі Палітыкі, удзел у зборы абагульненай інфармацыі і падрыхтоўцы прапаноў па ўдасканаленні ўнутраных механізмаў;
- разгляд зваротаў у межах працэдуры папярэдняга і фармальнага звароту;
- узаемадзеянне са знешнімі экспертамі, праваабарончымі, гендарнымі і іншымі профільнымі арганізацыямі;
- садзейнічанне развіццю гендарна-адчувальнага падыходу ў кіраўніцкай, арганізацыйнай і прафесійнай дзейнасці БАЖ;
- распрацоўка прапаноў па мерах, накіраваных на ліквідацыю выяўленых бар’ераў, недахопаў і рызык.
Гендарная ўпаўнаважаная, выконваючы свае функцыі, абавязаная захоўваць канфідэнцыйнасць, пазбягаць канфліктаў інтарэсаў, дзейнічаць добрасумленна, бесстаронна і ў інтарэсах рэалізацыі гэтай Палітыкі.
Гендарная ўпаўнаважаная нясе адказнасць за належнае, своечасовае і добрасумленнае выкананне ўскладзеных на яго ці яе функцый у межах прадастаўленых паўнамоцтваў. Неналежнае выкананне абавязкаў, разгалашэнне канфідэнцыйнай інфармацыі, злоўжыванне паўнамоцтвамі або дзеянні, якія падрываюць давер да механізмаў рэалізацыі Палітыкі, разглядаюцца як парушэнне гэтай Палітыкі.
БАЖ забяспечвае Гендарнай упаўнаважанай арганізацыйныя ўмовы, неабходныя для выканання яе функцый, уключаючы доступ да інфармацыі ў межах мандата, магчымасць узаемадзеяння з кіруючымі і выканаўчымі органамі арганізацыі, а таксама, па магчымасці, рэсурсы для навучання, кансультацыйнай і экспертнай падтрымкі.
Бліжэйшым часам таксама будуць распрацаваныя і апублікаваныя працэдуры і каналы камунікацыі з Гендарнай упаўнаважанай БАЖ.
@bajmedia