• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У РНР знайшлі крытычныя дзіркі. Пад пагрозай 70 працэнтаў сайтаў

    Пад пагрозай апынулася велізарная колькасць сайтаў па ўсім свеце, у тым ліку створаных на папулярнай платформе Word­Press. Пры гэтым звычайнае абнаўленне не дапаможа. 

    У РНР крытычныя дзіркі

    Здымак ілюстрацыйны. Фота: etsy.com

    На мове праграмавання PHP напісаныя прыкладна 70% сайтаў у свеце. На ёй працуюць папулярныя платформы для стварэння сайтаў Word­Press, Dru­pal і Joom­la. Таму сур’ёзная памылка ў яе кодзе можа мець наступствы далёка за межамі адной кампаніі ці краіны.

    Менавіта такую праблему ў жніўні выявіў даследчык амерыканскай кампаніі Calif Раян Осцін. Ён правяраў код PHP з дапамогай мадэлі штучнага інтэлекту GPT‑5.6 Sol ад Ope­nAI і знайшоў некалькі небяспечных уразлівасцяў, якія атрымалі агульную назву PHP2Shell. Яны звязаныя з тым, як праграма кіруе памяццю камп’ютара, і пры пэўных умовах дазваляюць зламысніку запускаць на серверы староннія каманды. Так можна атрымаць кантроль над сайтам, скрасці інфармацыю або выкарыстаць узламаны сервер для атак на наведвальнікаў.

    Цікава, што праблемныя ўчасткі кода існавалі гадамі. Спецыялісты звярталі на іх увагу яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму, але лічылі, што выкарыстаць такія памылкі для рэальнага ўзлому занадта складана. Штучны інтэлект дапамог пераадолець гэтую перашкоду. У некаторых выпадках для атакі дастаткова некалькіх дзясяткаў запытаў да сервера, а сам узлом можа заняць лічаныя секунды.

    У Telegram выявілі праблему з бяспекай, праз якую можна страціць акаўнт

    Выпраўленні рыхтавалі ў сакрэце

    Калі 11 жніўня кіраўнік Calif паведаміў пра знаходку прадстаўнікам праекта PHP, распрацоўшчыкі пачалі тэрмінова шукаць рашэнне. Да працы далучыліся спецыялісты па кібербяспецы, у тым ліку з Google і Ope­nAI. Даследчыкі кампаніі Wiz незалежна ад Calif таксама знайшлі спосабы выкарыстання ўразлівасцяў і прадэманстравалі магчымасць атак на серверы з папулярнымі сістэмамі кіравання сайтамі Word­Press, Dru­pal і Joom­la.

    Маштаб працы аказаўся вялізны. Каб закрыць небяспечныя прабелы ў абароне, распрацоўшчыкам давялося змяніць амаль 200 файлаў і напісаць больш за 10 тысяч радкоў праграмнага кода. Увесь гэты час інфармацыю пра PHP2Shell стараліся захоўваць у сакрэце, каб не падказаць зламыснікам спосабы ўзлому раней, чым будзе падрыхтавана абарона.

    Падставы для трывогі былі сур’ёзныя. Паводле даследчыкаў кампаніі Wiz, прынамсі адна з выяўленых уразлівасцяў прысутнічае ў кожнай пачынаючы з 5.4. версіі PHP. Пры гэтым не ўсе сайты, якія выкарыстоўваюць PHP, можна ўзламаць, бо ўсё залежыць ад налад сервера і наяўнасці абнаўленняў бяспекі.

    Лічыце свой ананімны акаўнт бяспечным? ШІ можа раскрыць вашу асобу

    Прадстаўнікі праекта PHP лічаць PHP2Shell самай сур’ёзнай праблемай бяспекі больш чым за дзесяць гадоў і параўноўваюць яе з уразлівасцю Heart­bleed, якая ў 2014 годзе прымусіла кампаніі па ўсім свеце тэрмінова абнаўляць сотні тысяч сервераў.

    Першапачаткова абнаўленні бяспекі планавалі выпусціць 22 кастрычніка. Але 20 кастрычніка інфармацыя пра іх прасачылася на тэхналагічны форум Hack­er News. Распрацоўшчыкі вырашылі не чакаць і ўжо 21 кастрычніка апублікавалі абнаўленні.

    Цяпер пачалася гонка з хакерамі. Пасля выхаду абнаўленняў зламыснікі могуць параўнаць стары і новы код, высветліць, якія памылкі выправілі, і паспрабаваць узламаць серверы, дзе абарону яшчэ не ўсталявалі. Штучны інтэлект здольны значна паскорыць такі аналіз. 

    Як паведамляе Reuters, у Нідэрландах і Фінляндыі дзяржаўныя ўстановы пачалі прэвентыўна адключаць сайты, не чакаючы магчымых атак. У Нідэрландах часова стаў недаступны нават сайт Нацыянальнага цэнтра кібербяспекі.

    Агенцтва кібербяспекі Еўрасаюза CERT-EU рэкамендавала арганізацыям, якія не могуць неадкладна ўсталяваць абнаўленні, часова адключыць уразлівыя сайты. Аналагічныя рэкамендацыі выпусцілі спецыялісты па кібербяспецы Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Японіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.