
Фота: pexels.com
Hoster.by паведаміў, што замежны ўваходны трафік абмежавалі паводле распараджэння дзяржаўнага органа, які каардынуе кібербяспеку. Прычына — дзве выяўленыя крытычныя ўразлівасці ў PHP, тэхналогіі, на якой працуюць многія сайты.
Паводле паведамлення хостынгавай кампаніі ад 21 кастрычніка, сайты працягнуць працаваць для карыстальнікаў у Беларусі, але будуць недаступныя з іншых краін. Выключэнне зрабілі для пошукавых робатаў Google, «Яндэкса» ды іншых пошукавікаў.
Які менавіта дзяржаўны орган выдаў распараджэнне і колькі сайтаў закранулі абмежаванні, у паведамленні не ўдакладняецца.
У РНР знайшлі крытычныя дзіркі. Пад пагрозай 70 працэнтаў сайтаў
Выяўленыя памылкі могуць дазволіць зламыснікам выконваць шкоднасны код на серверы без аўтарызацыі. Абедзве ўразлівасці атрымалі ацэнку небяспекі 9,2 бала з 10. Распрацоўшчыкі PHP ужо выпусцілі выпраўленні і заклікалі неадкладна абнавіць праграмнае забеспячэнне.
Hoster.by абяцаў абнаўляць інфармацыю пра тэрміны зняцця абмежаванняў.