• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксей Дзікавіцкі: «Мы ў выгнанні нярэдка робім рэчы ўнікальныя — не забывайцеся распавядаць пра гэта замежным калегам»

    «Працуючы разам мы можам спрычыніцца да падвышэння ўзроўню бяспекі ў нашым рэгіёне», — распавядаў аператарам кабельных сетак Польшчы на адной з прафесійных канферэнцый кіраўнік праекта Belarus Tomor­row Аляксей Дзікавіцкі. У калонцы для БАЖ медыяменеджар падзяліўся сваімі назіраннямі пра тое, што хочуць даведацца пра беларускіх журналістаў замежныя калегі.

    Аляксей Дзікавіцкі

    Аляксей Дзікавіцкі, кастрычнік 2026 года. Фота: з асабістага архіва аўтара

    Хіба кожная прафесійная супольнасць, асабліва калі яна адносна невялікая, жыве перадусім уласнымі праблемамі і ў пэўным сэнсе ёсць супольнасцю герметычнай. Так, як прыкладам, аператары кабельных сетак, якія абʼяднаныя ў Польшчы ў дзве прафесійныя арганізацыі, рэгулярна збіраюцца на канферэнцыі. Мэта такіх сустрэч — падзяліцца досведам, паслухаць парады адмыслоўцаў у самых розных, звязаных з іхнай дзейнасцю галінах: ад найноўшых прапаноў буйных вытворцаў тэлевізійнага кантэнту да энергетычнай самадастатковасці, уплыву AI ці аховы дадзеных, задаць пытанні прысутным прадстаўнікам дзяржаўных органаў.

    Практычна ўсе паміж сабой знаёмыя, у размовах выкарыстоўваюць мноства тэрмінаў з прафесійнага жаргону, так што чалавеку звонку часам нават цяжка зразумець пра што вядзецца.

    Сёлета ў Гданьску цяжка было не заўважыць, што ў выступах амаль трох тузінаў экспертаў, пачалі гучаць у розных кантэкстах словы «надзвычайная сітуацыя», «вайна», «пагроза з Усходу». Ну то што будзе, калі непрыяцель ударыць па неўралгічных элементах інфраструктуры, калі частку супрацоўнікаў мабілізуюць у войска ці калі магутнасці аператара канкрэтнай сеткі будуць патрэбныя дзяржаве ў мэтах абароны?

    Спадабалася максімальная канкрэтыка прамоўцаў (кожны меў прыкладна 25 хвілін) да тэмы — ніякай «вады», а таксама прафесійныя прэзентацыі, якія рабіліся не таму, што ўсе робяць і іначай не выпадае, а рэальна дапамагалі лепей разабрацца ў тэме. 

    Аляксей Дзікавіцкі

    Аляксей Дзікавіцкі, кастрычнік 2026 года. Фота: з асабістага архіва аўтара

    Слухаючы выступоўцаў, думаў пра тое, як прэзентаваць прысутным праект Belarus Tomor­row — нешта зусім новае і ад зусім новых людзей, якія не належаць да супольнасці дзесяцігоддзямі? Як прадставіць тое, што робіцца сціплымі сіламі ў выгнанні і мае стаць прататыпам будучага беларускага грамадскага тэлебачання?

    Добра, што мой выступ быў запланаваны на завяршэнне другога дня канферэнцыі, бо з размоў у кулуарах і падчас вячэры напярэдадні стала зразумелай рэч, якая ў прынцыпе і так была для мяне відавочнай: ніхто тут, нават беручы пад увагу штодзённую датычнасць прысутных да інфармацыі (у той ці іншай ступені), не абавязаны ўсё і дакладна ведаць пра сітуацыю ў Беларусі, а тым больш пра тое, як і што робяць беларускія медыі ў выгнанні.

    — Раскажыце, калі ласка, пра ўсё гэта і ў часе заўтрашняга выступу, бо я, шчыра кажучы, не меў паняцця, што ў вас там такое адбываецца — мы ўжо даўно забыліся, што так можа быць. А ўжо потым перайдзіце да апісання таго, што робіце, з якім прадуктам сюды прыехалі, — сказаў адзін з прысутных чыноўнікаў.

    Так, трэба тлумачыць, прычым для розных аўдыторый па-рознаму. І гаворка не пра тое, каб жаліцца і чакаць спачування — не, а каб на зразумелых аўдыторыі прыкладах патлумачыць сітуацыю і паказаць, што мы не апускаем рукі і не толькі спрабуем выжыць, але і працуем на перспектыву, маем візію развіцця нашых пакетаў.

    А паколькі ў дадзеным выпадку аўдыторыя складалася пераважна з бізнесоўцаў, неабходна было распавесці, якую карысць яны атрымаюць з супрацы з намі, а яна дакладна ёсць, хаця, можа, пакуль і не такая значная. Казаў і пра яшчэ адзін, невідавочны для кожнага аспект, які палягае на тым, што, працуючы разам, мы, па вялікім рахунку, можам спрычыніцца да падвышэння ўзроўню бяспекі ў краіне, у нашым рэгіёне.

    Варта таксама памятаць, што мы ў выгнанні нярэдка робім рэчы ўнікальныя, якія зусім не сорамна прадставіць на любым форуме і якія выклікаюць павагу. Даволі працяглыя апладысменты стрыманых звычайна бізнесоўцаў пасля прэзентацыі Belarus Tomor­row, а таксама размовы з дзясяткамі зацікаўленых праектам удзельнікаў канферэнцыі няхай будуць гэтаму пацверджаннем.

    Культура дыскусіі ў выгнанні. Пра новую хвалю беларускіх дэбатаў

    Найбольш нечаканае здарылася, аднак, падчас апошняга сняданку ў гатэлі перад выездам. Падышоў мужчына прыкладна майго ўзросту, назваўся і сказаў, што беларусы найбольш блізкі да палякаў народ — гістарычна, культурна, ментальна. Ён, сярод іншага, узгадаў Грунвальд, ВКЛ, ролю Каліноўскага ў «студзеньскім паўстанні».

    — Я працаваў з беларусамі і мяркую, што вы — нашыя браты, нікога няма бліжэй, што б там не казалі. Удачы вам і свабоды!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.