• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Былыя палітзняволеныя журналісты падпісалі адкрыты ліст да еўрапейскіх лідараў

    Група былых беларускіх палітзняволеных звярнулася да лідараў краін ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі. Яны заклікаюць заняць больш актыўную пазіцыю ў пытанні вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі.

    Адкрыты ліст падпісалі ў тым ліку вядомыя журналісты і медыяменэджэры — Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Ірына Слаўнікава, Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Семчанка, Ігар Карней, Ларыса Шчыракова ды іншыя. Ніжэй прыводзім поўны тэкст ліста.

    Былыя палітзняволеныя журналісты падпісалі адкрыты ліст да еўрапейскіх лідараў

    Фота: Reuters

    Паважаныя кіраўнікі і прадстаўнікі інстытутаў Еўрапейскага саюза, палітычныя лідары, парламентарыі, дыпламаты і прадстаўнікі органаў улады дзяржаў-членаў ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі!

    Мы — былыя беларускія палітвязні. Мы правялі гады ў СІЗА, калоніях і турмах за свае погляды, за ўдзел у мірных акцыях, за працу журналіста, юрыста, лекара, настаўніка, за адзін каментар або рэпост. Мы пішам вам не як палітыкі і не як эксперты. Мы пішам як людзі, якія ведаюць, што адбываецца за турэмнай сцяной.

    Мы ведаем, што такое холад карцара і адмова ў медыцынскай дапамозе. Мы ведаем, што такое пазбаўленне перапіскі і спатканняў, гады без права на званок, ціск на родных і невядомасць, калі не разумееш, ці памятае пра цябе хто-небудзь. Мы ведаем, што за кратамі людзей падтрымлівае адно: упэўненасць, што звонку не адвярнуліся, што пра іх гавораць і што іх лёсам нехта займаецца.

    Беларусь — адзін з сусветных лідараў па колькасці палітвязняў. Паводле звестак праваабаронцаў, у Беларусі іх каля 900, пры гэтым рэальная колькасць можа быць значна большай. Кожны дзень за кратамі адбірае ў іх здароўе, а ў іх блізкіх — надзею.

    За сухімі лічбамі — рэальныя чалавечыя жыцці, драмы і трагедыі. Прынамсі дзевяць чалавек ужо памерлі ў беларускай турме.

    У многіх рэзка пагоршыўся стан здароўя. Грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка згубіў зрок, пенсіянерка Вольга Маёрава таксама рызыкуе цалкам аслепнуць, між тым суд прызначыў ёй пакаранне тэрмінам дваццаць адзін з паловай год! Аксане Шаляпінай, Таццяне Колас і Сяргею Кабарчуку за кратамі дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Некалькі палітвязняў перанеслі інсульт.

    Многія правялі за кратамі ўжо пяць, а то і шэсць гадоў. Сярод іх 71-гадовая Ірына Мельхер. У яе велізарныя праблемы са здароўем, яе прысуд — 17 гадоў пазбаўлення волі! Эдуард Бабарыка, сын удзельніка выбарчай кампаніі 2020 года Віктара Бабарыкі, знаходзіцца ў турме ўжо шэсць з паловай гадоў.

    Маці гадамі не бачаць сваіх дзяцей. Ганну Карнеенка затрымалі, калі яна яшчэ карміла грудзьмі свайго пяцімесячнага сына. Цяпер яму ўжо чатыры гады, і яго гадуе чужая жанчына. Многія сядзяць цэлымі сем’ямі: па двое, трое, а то і пяцёра.

    Тысячы людзей працягваюць адбываць пакаранне ў выглядзе хатняй хіміі, яшчэ тысячы жывуць у пастаянным страху быць затрыманымі. Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца: штодня мы даведваемся пра новыя палітычна матываваныя затрыманні і прысуды.

    Заклікаем вас прыкласці максімум намаганняў, каб пакласці гэтаму канец.
    Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Ніякая палітычная мэта не варта здароўя і жыцця людзей. Мы верым, што для вас гэта не проста высокія словы.

    Мы звяртаемся да вас з просьбай, якая падаецца нам відавочнай і першачарговай.

    Мы заклікаем Еўрапейскі саюз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій у Беларусі. Мы просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганні будуць паслядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленне людзей стане пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю.

    Мы ўдзячныя амерыканскаму боку за тое, што дзякуючы яго дыпламатычным намаганням сотні людзей ужо выйшлі на волю. Але лічым, што Еўрасаюз у гэтым пытанні павінен заняць больш актыўную пазіцыю. Бо Беларусь — гэта частка Еўропы. Гэта ваш сусед.

    Мы асабліва падкрэсліваем наступнае.

    Вызваленне павінна быць часткай устойлівага рашэння, а не разавым эпізодам. Людзі, якія выходзяць на волю, не павінны апынацца ў вымушаным выгнанні без права вярнуцца, а тыя, хто застаецца, не павінны жыць пад пагрозай новага арышту. Пакуль затрымліваюць новых людзей, вызваленні не вырашаюць праблему. Трэба дамагацца спынення палітычна матываванага пераследу.

    Дыялог пра людзей і каштоўнасці павінен весціся разам з беларускім грамадствам. Мы заклікаем ЕС слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досвед пры выпрацоўцы рашэнняў.

    Мы не бяром на сябе ролю суддзяў у пытаннях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаванні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэннем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэнні пра будучыню адносін з Беларуссю, і зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі.

    Мы гатовыя сустрэцца з вамі, расказаць пра тое, што перажылі, і падзяліцца тым, што ведаем пра становішча зняволеных. Мы гатовыя максімальна спрыяць таму, каб як мага хутчэй вярнуць свабоду тым, хто застаецца за кратамі.

    З надзеяй на ваш удзел і адказнасць,

    Людміла Чэкіна
    Марфа Рабкова
    Наста Лойка
    Ірына Слаўнікава
    Марыя Калеснікава
    Марына Золатава
    Ірына Злобіна
    Андрэй Аляксандраў
    Таццяна Кузiна
    Міхаіл Лабань
    Алена Маліноўская
    Дар’я Афанасьева
    Анастасiя Кухта
    Анастасія Лазарэнка
    Валерыя Чарнаморцава
    Ганна Папай
    Аляксей Шчытнікаў
    Генадзь Смірноў
    Дзмітрый Семчанка
    Дзяніс Хахлоў
    Дзмітрый Бянчук
    Наталля Шэрэметава
    Алана Гебрэмарыям
    Вольга Мацкевіч
    Кацярына Мендрык
    Вячаслаў Смірноў
    Міхаіл Лапенас
    Кірыла Пазняк
    Надзея Калач
    Уладзімір Калач
    Таццяна Курыліна
    Таццяна Сцепа
    Паліна Палавінка
    Дзмітрый Лукша
    Кірыл Казей
    Ігар Сацюк
    Людміла Волкава
    Юлія Лаптановіч
    Ігар Лаптановіч
    Ігар Карней
    Вольга Паўлава
    Вольга Лойка
    Ала Шарко
    Вікторыя Гранкоўская
    Настасся Жыльская
    Кацярына Леў
    Карына Праташчык
    Павел Шпетны
    Алена Гнаўк
    Таццяна Купчына
    Ганна Пышнік
    Наталля Малец
    Наталля Васілевіч
    Таццяна Гацура-Яворская
    Анастасiя Ганчарэвiч
    Аляксей Багдзей
    Аляксей Азарка
    Кацярына Хулхачыева
    Аляксандр Біруля
    Таццяна Біруля
    Сяргей Вайцюк
    Мікіта Літвіненка
    Сяргей Салоха
    Віталь Бандарук
    Віктар Бабарыка
    Вольга Гарбунова
    Аляксандр Андрушкевiч
    Кацярына Севярын
    Уладзімір Севярын
    Ларыса Шчыракова
    Мікіта Залатароў
    Ксенія Сырамалот
    Дар’я Чульцова

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.