• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як незалежным медыям не толькі выжываць, але і развівацца: галоўнае з канферэнцыі ў Кішынёве

    15–16 кастрычніка ў Кішынёве прадстаўнікі медыяў з Беларусі, Малдовы, Грузіі, Украіны і Арменіі абмяркоўвалі выкарыстанне штучнага інтэлектe, бяспеку журналістаў, дэзынфармацыю, манетызацыю і ўстойлівасць рэдакцый. Сёлета ў шосты раз адбылася канферэнцыя «Практыкі практыкам: людзі, тэхналогіі, менеджмент» пры арганізацыйнай падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Вядоўцы канферэнцыі менеджарка рэгіёна Еўропа медыяінстытута Fojo Вераніка Мянжун і выканаўчы дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы Малдовы Петру Макавей вітаюць удзельнікаў. Фота: Влада Алказ

    Новыя рэаліі незалежных медыя

    Першым блокам сустрэчы былі прэзентацыі, дзе выступоўцы падалі агульны аналіз сітуацыі з журналістыкай у краінах, якія яны прадстаўляюць. Каб арыентавацца ва ўмовах, выступоўцы адзначалі пазіцыю іх краіны ў Сусветным індэксе свабоды прэсы, які складае міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». У сёлетнім аналізе месцы краін, прадстаўленых на канферэнцыі, размеркаваныя наступным чынам: Малдова — 31‑е, Арменія — 50‑е, Украіна — 55‑е, Грузія — 135‑е. Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 165‑ю пазіцыю са 180.

    Малдова

    Прадстаўнікі краін паказалі, якім чынам адбываецца ціск на журналістаў у іх дзяржаве. Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі незалежнай прэсы Петру Макавей адзначыў: у Малдове ёсць перакананне, што парламенцкія выбары 2025 года выйгралі не палітыкі, а журналісты, якія паспяхова і гучна раскрылі спробы ўплыву на вынікі з боку Расіі. Хаця Малдова з’яўляецца адзінай краінай Усходняй Еўропы, дзе сітуацыя з журналістыкай адносіцца да катэгорыі «задавальняюча», тут таксама ёсць і ціск, і свае складанасці.

    Малдаўская журналістка Мальвіна Кажакар падзялілася, як адбылася атака на яе падчас пратэстаў у адказ на выкрыццё агентаў расійскага ўплыву на парламенцкія выбары 2025 года. Фота: Влада Алказ 

    Галоўнымі выклікамі для медыясферы называюць бяспеку журналістаў і фінансавую ўстойлівасць. Агульны рынак рэкламы ў 2025 годзе ацанілі ў 33 мільёны еўра, пры гэтым каля 65% з іх ідзе да Meta Ads і Google Ads. На малдаўскія медыі з усяго рынку прыпадае каля 5%.

    На фоне фінансавых складанасцяў журналісты спазналі ў 2025 годзе 97 атак, сярод іх 12 былі фізічнымі атакамі. Гэта найбольшая колькасць атак на журналістаў ад 2017 года.

    Грузія

    Сітуацыю ў Грузіі прадставіла Ніно Нарымінашвілі з Jam media. Заснавальніца вядучых медыя Netgazeti і Batumelebi Мзія Амаглабелі з’яўляецца першай журналісткай, якая была прызнаная палітычнай зняволенай у гісторыі незалежнай Грузіі. Мзія знаходзіцца ў зняволенні амаль два гады ў сувязі з інцыдэнтам, калі дала аплявуху начальніку паліцыі. За апошні год у Грузіі зафіксавана 229 рэпрэсіўных інцыдэнтаў у дачыненні да медыйшчыкаў.

    Ніно Нарымінашвілі з Jam media падзялілася, чаму для грузінскіх медыйшчыкаў так важнае імя калегі Мзіі Амаглабелі — першай журналісткі, прызнанай палітычнай зняволенай у гісторыі незалежнай Грузіі. Фота: Влада Алказ 

    Іншая цяжкасць для грузінскіх калег паўстала праз заканадаўства. Каб атрымаць грант, медыя павінна мець згоду ад улады, але на практыцы такі дазвол не выдаюць. Атрыманне гранта без згоды цягне крымінальную адказнасць. Наступствамі рэпрэсіўнага заканадаўства стала спыненне працы пяці лакальных медыяў, скарачэнне аб’ёмаў кантэнту, а частка журналістаў сышла з прафесіі.

    На тле рэпрэсій і фінансавых цяжкасцяў грузінскія калегі адзначаюць, што большасць арганізацый трэцяга сектара эмігравала. Медыйны сектар застаўся самым стойкім да ціску, і на сёння ніводнае грузінскае СМІ не перайшло да працы з‑за мяжы. Калегі заўважылі, што цяпер журналісцкая супольнасць згуртаваная, а падтрымка аўдыторыі мацней, чым калі-небудзь раней.

    Украіна

    Дырэктарка Інстытута развіцця рэгіянальнай прэсы Сафія Скіба расказала пра тры катэгорыі ціску на ўкраінскае медыяполе: расійскі ўплыў (дэзінфармацыя, абмежаванне доступу да платформ на часова акупаваных тэрыторыях, інфармацыйныя аперацыі); з боку ўлады заўважанае злоўжыванне ваенным становішчам як спосабам абмежавання доступу да інфармацыі; алігархі застаюцца ўласнікамі холдынгаў і імкнуцца ўплываць на медыі з улікам сваіх палітычных інтарэсаў.

    Міраслава Прымак з Украіны расказвае пра ціск на журналістаў расследавальніцкага медыя ва ўмовах вайны. Фота: Влада Алказ 

    Адным з інструментаў ціску з’яўляецца SLAPP — стратэгічныя судовыя іскі, скіраваныя супраць удзелу грамадскасці. Такія іскі фігуранты расследаванняў або іншых публікацый падаюць не дзеля перамогі, а каб знясіліць рэдакцыю часам і выдаткамі. І хаця аўдыторыя дэманструе падтрымку медыям, ва ўмовах вайны СМІ — не першы радок, куды гатовыя данаціць. Паводле даследавання Internews-Україна, 22% аўдыторыі медыяў гатовыя падтрымліваць рэдакцыі данатамі, пры гэтым 15% — на суму каля аднаго долара ў месяц.

    Арменія

    Сябра Назіральнай рады па этыцы СМІ Віген Саргсян расказаў, што сітуацыя для медыя ў яго краіне пагоршылася ў параўнанні з мінулым годам, што адлюстравана ў тым ліку ў зніжэнні пазіцыі ў Індэксе свабоды прэсы на 14 пунктаў. У краіне працягваецца канцэнтрацыя палітычнай улады і канфлікт з мінулымі элітамі. Арменія спазнае палітычна-эканамічны і інфармацыйны ўплыў з боку Азербайджана, Турцыі і Расіі.

    За 2025 год у Арменіі зафіксавана 224 парушэнні правоў журналістаў і СМІ. Новыя абмежаванні ў законе аб аўдыявізуальных медыя расцэньваюць замежны кантэнт як «умяшальніцтва ва ўнутранае палітычнае жыццё», што армянскія калегі трактуюць як рызыку пашырэння дзяржаўнага кантролю над журналістыкай.

    Беларусь

    Актуальную сітуацыю з беларускімі медыямі прадставілі на розных панэлях сяброўка Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Зоя Хруцкая і юрыст прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.

    Сітуацыю ў Беларусі прадстаўляе юрыст прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка. Фота: Влада Алказ 

    На момант сустрэчы ў зняволенні заставалася 15 прадстаўнікоў беларускіх медыя, і ў 2026 годзе 14 гадоў пазбаўлення волі прысудзілі па артыкуле «Здрада дзяржаве» былому выдаўцу і галоўнаму рэдактару газеты Intex-Press Уладзіміру Янукевічу. З 2021 года большасць медыйшчыкаў выехала з Беларусі.

    «Экстрэмісцкае» заканадаўства крыміналізуе не толькі працу журналістаў, але і спажыванне кантэнту беларускіх незалежных рэдакцый. У выніку для абароны як аўдыторыі, так і супрацоўнікаў, медыі пайшлі шляхам ананімізацыі — аўтараў, герояў і экспертаў.

    Чытач унутры Беларусі з’яўляецца мэтай дзвюх прапагандысцкіх машын — як унутрыбеларускай, так і расійскай. Пры гэтым рэдакцыі знаходзяць шляхі, каб дасягнуць беларускай аўдыторыі і падаць ёй свабодную ад прапаганды інфармацыю.

    Штучны інтэлект: выклікі і магчымасці

    Калі медыйшчыкі пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект у працы, то былі апасенні, што новы інструмент можа забіць журналістыку. Аднак цяпер відавочна: ШІ не заб’е журналістыку, ён стаў эфектыўным памагатым. На канферэнцыі прэзентавалі сервісы на базе ШІ, якія ўкаранілі рэдакцыі: фіксаваць цытаванне медыя, аўтаматызаваць тлумачальныя публікацыі, маніторыць і аналізаваць рашэнні мясцовай улады, распаўсюджваць кантэнт праз сацсеткі, генераваць відэа з выкарыстаннем аватара, ствараць некралогі.

    У дыскусіі, прысвечанай пытанню, ці магчыма рэдакцыям зарабляць на ШІ, удзельнікі ацанілі, што дзякуючы новаму інструменту пакуль атрымліваецца толькі эканоміць рэсурсы, але і гэта ўжо добрая магчымасць. Яшчэ адной заўвагай была хуткасць змяненняў у сферы ШІ, і каб пастаянна паспяваць за новаўвядзеннямі і павышаць эфектыўнасць, трэба ўкладвацца ў самаадукацыю без перапынку.

    Выклікам для медыяў з’яўляюцца Big Tech платформы, якія зарабляюць дзякуючы атрыманаму ад незалежных рэдакцый кантэнту, а самі рэдакцыі яшчэ часта плацяць за прасоўванне. Гэта пытанне, якое павінна вырашацца палітычна і згуртавана, каб медыі як пастаўшчыкі кантэнту мелі карысць з таго, што на іх зарабляюць тэхнічныя гіганты.

    Выжываць і паспець развівацца

    Заключны блок канферэнцыі быў прысвечаны менеджменту і манетызацыі.

    Украінскае медыя «20 хвилин Тернопіль» падзялілася праектам «Брэнды Тэрнопаля», дзе рэдакцыя рыхтуе натыўныя матэрыялы пра мясцовых прадпрымальнікаў. Гэты падыход дазваляе расказаць гісторыю пра мясцовых жыхароў і справы, якімі яны займаюцца, і адначасова дапамагчы ім знайсці новых кліентаў.

    Яшчэ адзін прыклад з Украіны — NGL.media, якое развівае вакол рэдакцыі супольнасць. Чытачы падтрымліваюць рэдакцыю данатамі, удзельнічаюць у сустрэчах і цэняць рэсурс, таму што лічаць яго гаючым сродкам ад пераканання: «Я ўсяго толькі адзін чалавек і нічога не магу змяніць».  

    Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі малдаўскія студэнты, якія вучацца на журналістаў. Фота: Влада Алказ

    Грузінскія калегі ў адказ на рэпрэсіі з боку ўлады згуртаваліся і стварылі аб’яднанне 22 незалежных медыяў, назваўшы яго «Сінатле», што ў перакладзе азначае «святло». Разам медыйшчыкі стварылі шэраг культурніцкіх актыўнасцяў, а таксама фры-маркеты, даходы з якіх ідуць медыям.

    Некаторыя медыі стварылі ўласную прадукцыю на продаж, напрыклад, «Радыё Марнеулі» прадае падарункавыя чайныя боксы, і даход ідзе на падтрымку рэдакцыі. А дэвізам ініцыятывы з’яўляецца фраза, якая была на адным з плакатаў падчас маршу ў падтрымку медыяў і натхніла на назву аб’яднання: «Святло не павінна згаснуць».

    Армянскае расследавальніцкае медыя Hetq падзялілася, што мае дзве катэгорыі прыбытку: на ўнікальным кантэнце і на кампетэнцыях каманды. Кантэнт пабуджае чытачоў станавіцца часткай супольнасці, якая данаціць рэдакцыі. А каманда манетызуе навыкі праз навучанне іншых і паслугі па працы з дадзенымі.

    Прыклад беларускага медыя МOST стаў адзіным у блоку, прадстаўляючым спосабы манетызацыі для журналістаў у выгнанні. Для працы з польскім рэкламным рынкам медыя стварыла польскамоўную старонку. Яшчэ адным спосабам прыбытку сталі партнёрствы з польскімі рэдакцыямі, якім МOST прапануе матэрыялы пра беларусаў. «Экстрэмісцкае» заканадаўства істотна абразае магчымасці для атрымання даходаў, але разам з тым знаходжанне ў Польшчы адкрывае новыя магчымасці. 

    Ад кантэнту да кам’юніці: новыя афлайн- і анлайн-стратэгіі выжывання беларускіх медыя ў выгнанні

    Канферэнцыя ў Кішынёве паказала, што, нягледзячы на розныя ўмовы працы, незалежныя медыі Беларусі, Малдовы, Грузіі, Украіны і Арменіі сутыкаюцца з падобнымі выклікамі, нават калі іх аддзяляе больш за сто пунктаў у Сусветным  індэксе свабоды прэсы.

    Канферэнцыя «Практыкі практыкам: людзі, тэхналогіі, менеджмент» арганізаваная медыяінстытутам Fojo (Швецыя) у супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі пры фінансавай падтрымцы Шведскага Інстытута (SI).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.