Facebook-акаўнт Юліі Дарашкевіч трапіў у «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма
Міністэрства інфармацыі Беларусі 29 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ім з’явіліся Facebook-акаўнт Юліі Дарашкевіч, старонкі ў Threads брэсцкіх і магілёўскіх праваабаронцаў, TikTok-акаўнт «Что за день?!».

Юлія Дарашкевіч. Фота: з яе асабістай старонцы ў Facebook
Гэтым разам у спіс унеслі старонку Jula Daraskievic у сацыяльнай сетцы Facebook (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/darashkevich). Рашэнне прызнаць інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 28 кастрычніка 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста.
Гэтая старонка належыць Юліі Дарашкевіч, вядомай беларускай фотажурналістцы, адной з арганізатараў незалежнага конкурсу прэс-фатаграфіі Belarus Press Photo. За прафесійную дзейнасць Юлію Дарашкевіч неаднаразова затрымлівалі падчас асвятлення грамадскіх акцый.
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў ўлады ўключылі Threads-акаўнт «Берасцейская вясна» (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/@brest.viasna?igshid=NTc4MTIwNiQ2YQ==). Старонка створаная брэсцкімі праваабаронцамі для асвятлення фактаў парушэння правоў чалавека ў Брэсцкай вобласці і ў Беларусі ўвогуле.
Рашэнне лічыць кантэнт гэтага інтэрнэт-рэсурсу «экстрэмісцкім» таксама прыняў 28 кастрычніка 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста.
Раней, у сакавіку 2023 года, суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сайт «Берасцейская вясна».
У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнесены і Threads-акаўнт магілёўскіх праваабаронцаў Eugenia Mayday (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/@eugelene6). «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» яго прызнаў 26 кастрычніка 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва.
Той самы суд Ленінскага раёна Магілёва 27 кастрычніка 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадкцыяй» TikTok-акаўнт «Что за день?!» (ідэнтыфікатар @shto.today). Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў аднайменнага медыяпраекта, дзе ў відэафармаце публікуюцца навіны з розных рэгіёнаў Беларусі.
Як незалежным медыям не толькі выжываць, але і развівацца: галоўнае з канферэнцыі ў Кішынёве
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі старонку «Мiкiта Слепянок» у Facebook (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/share/19cXVadMcv/?mibextid=wwXlfr). Яна належыць блогеру Мікіту Слепянку, беларускаму грамадскаму актывісту, былому палітвязеню і адміністратару культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans.
Рашэнне прызнаць гэтую старонку «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 26 кастрычніка 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста.
@bajmedia