Качанава пабачыла спробы «дэстабілізаваць сітуацыю» ў Threads і няўрадавых арганізацыях
Улады Беларусі бачаць страшную пагрозу і ў сацсетках, і ў незалежных ад дзяржавы арганізацыях. Пра гэта на дзяржаўным тэлебачанні нагадала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава.

Наталля Качанава. Фота: Совет Республики / Telegram
Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава ў праграме «Скажинемолчи» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь‑1», паказанай 10 лістапада, выказалася пра пагрозу, якая паходзіць з інтэрнэту.
Вядоўца згадала, што «інтэрнэт з’явіўся ў нашым жыцці не так даўно». Качанава пагадзілася і сказала: інфармацыйныя тэхналогіі – «з аднаго боку, вялікае дабро, з другога боку, дзесьці зло, якое нясе людзям дэструктыў». Паводле яе, бяда ў тым, што «любая інфармацыя вельмі хутка дасяжная, але заўсёды трэба разумець, наколькі яна праўдзівая, наколькі яна правільная».
Пазней вядоўца вярнулася да тэмы інтэрнэту: спытала, ці не заўважае яна спробы «расхістаць нешта падобнае да таго, што было ў 2020 годзе», і дадала, што неназваныя людзі «кажуць, што Threads – гэта сацсетка, у якой мы бачым напружанне».
«Ведаеце, тое, што спрабуюць, у гэтым няма ніякіх сумневаў, – пагадзілася Качанава. – Укінутыя такія грошы і сродкі, каб сёння дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне. І я думаю, што ёсць тыя, якія спрабуюць сёння выбудоўваць сваю працу – бачную ці не вельмі бачную. Калі раней мы казалі – НКА, НПА, то сёння, канечне, мы ўжо разумеем, што гэтым арганізацыям не месца тут, бо гэта толькі дэструктыў».
Чаму Качанава пераскочыла з тэмы пагрозы сацсетак да тэмы барацьбы з няўрадавымі арганізацыямі, незразумела.
Сама Качанава раней прасоўвала ўвядзенне адказнасці за «недакладную інфармацыю» ў зваротах грамадзянаў да ўлады праз сацсеткі. Мяркуючы па сказаным ёй, у траўні яна атрымала згоду Аляксандра Лукашэнкі на новыя пакаранні. Аднак Качанаву перадусім цікавіў TikTok – пагрозы карыстальнікам Threads агучвалі ўжо сілавікі і прапагандысты.
У Беларусі знішчылі большасць няўрадавых арганізацыяў, не функцыянуюць незалежныя прафсаюзы. За шэсць гадоў пасля выбараў-2020 «ліквідавалі» ці давялі да самаліквідацыі не менш за 2090 некамерцыйных арганізацыяў, узяліся за «ліквідацыю» рэлігійных суполак. 10 лістапада Палата прадстаўнікоў паведаміла аб унясенні на разгляд законапраекту «Аб зменах законаў у пытаннях дзейнасці прафесійных саюзаў», але праект яшчэ не публікавалі ў адкрытым доступе, а з публічнай інфармацыі незразумела, што могуць зрабіць з прафсаюзамі.
В Беларуси начали возбуждать уголовные дела за публикации в Threads и TikTok
Качанаву ў праграме пыталі і на іншыя тэмы. Пра прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2030 годзе, Качанава не сказала нічога канкрэтнага, але намякнула: «Ад дабра дабра не шукаюць». Дадала, што ў 2020‑м «народ выстяў» пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, які «робіць усё для захавання нашай краіны». На пытанне пра стасункі між Святланай і Сяргеем Ціханоўскімі Качанава не сказала нічога канкрэтнага, але пагадзілася з тым, што гэта «цырк». Не адказала і на пытанне пра самае важнае рашэнне беларускага «парламенту», але намякнула, што гэта тычылася падтрымкі Лукашэнкі.
Сказала, што хацела б, каб бацькі і дзеці «навучыліся чытаць нашыя газеты і глядзець нашае тэлебачанне, хаця б раніцай, уключыўшы тэлевізар, і вечарам, калі ты кладзешся спаць».
@bajmedia