• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Супраць гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча завялі крымінальную справу за гутаркі на «экстрэмісцкім» YouTube-канале

    Аляксандр Пашкевіч вымушана пакінуў Беларусь у 2021 годзе, і сёлета ў кастрычніку яго абвясцілі ў міждзяржаўны крымінальны вышук, а ягоны фотаздымак вывесілі на адмысловым стэндзе каля Лагойскага РАУС.

    росшук, Пашкевіч, рэпрэсіі, экстрэмізм

    Стэнд ля Лагойскага РАУС. Фота з асабістай старонкі А. Пашкевіча ў Face­book

    Фотаздымак самога стэнда Аляксандр Пашкевіч размясціў на сваёй старонцы ў Face­book, напісаўшы, што «кампанія зусім не ганебная».

    Сярод іншых асоб, чые выявы можна ўбачыць на міліцэйскім стэндзе ў Лагойску, — «каліновец» Дзяніс Урбановіч, праваабаронца і каардынатарка адукацыйных праграм Дар’я Рублеўская, мінчанка Вольга Сінялёва, якая ў 2021 годзе адмовілася здаваць кватэру супрацоўніцы пракуратуры Аліне Касьянчык, што выступала дзяржабвінаваўцам у гучных палітычных справах, у тым ліку па справе журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Яшчэ некалькі чалавек — удзельнікі мірных пратэстаў 2020 года, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы паводле артыкула 342.

    Побач з фотаздымкам Аляксандра Пашкевіча пазначана, што яго шукаюць як падазраванага па справе, заведзенай за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — паводле ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса РБ. Падставай для крымінальнага пераследу сталі гутаркі з яго ўдзелам на YouTube-канале Malan­ka Media, дзе разглядаліся пытанні моўнай палітыкі ў Беларусі і грамадскіх падзей. У лютым 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла гэты медыяпраект «экстрэмісцкім фармаваннем».

    «Я даведаўся пра тое, што ў Беларусі супраць мяне заведзена крымінальная справа, толькі нядаўна — калі сёлета ў кастрычніку прачытаў у інтэрнэце, што маё імя і прозвішча ёсць у міждзяржаўнай базе вышуку. Але ніякіх афіцыйных дакументаў пра гэтую справу ў мяне няма», — кажа Аляксандр Пашкевіч.

    Беларускія грамадзяне трапляюць у гэтую базу на запыт сілавых структур Беларусі, і ў ёй ужо больш за сотню незалежных журналістаў і медыясупрацоўнікаў. Гэта азначае, што іх вышукваюць у Расіі і Беларусі, іншых дзяржавах-удзельніцах СНД, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх» беларускаму рэжыму краін.

    Гісторык і публіцыст, былы намеснік рэдактара часопісаў «ARCHE Пачатак» і «Наша гісторыя» з’ехаў з Беларусі пяць гадоў таму, калі заўважыў празмерную ўвагу да сябе з боку палітычных апанентаў і сілавых структур. У дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года ён быў затрыманы на выбарчым участку № 103 ў Мінску, дзе прысутнічаў як журналіст на падліку галасоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.