• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алесь Міхалевіч: Для беларускіх незалежных журналістаў, палітыкаў і актывістаў Узбекістан не з’яўляецца бяспечнай краінай

    Юрыст Алесь Міхалевіч пракаментаваў «Салідарнасці» новае міждзяржаўнае пагадненне генпракрурораў краін СНД.

    Алесь Міхалевіч пра небяспечныя краіны для журналістаў

    Алесь Михалевіч. Фота з асабістага архіву

    Генпракуроры Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам, паведамляе расійскі РБК.

    Цяпер краіны будуць аператыўна абменьвацца інфармацыяй аб тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыях і асобных людзях, якіх улады лічаць пагрозай бяспецы, гаворыцца ў паведамленні. 

    Абмен таксама закране звесткі аб замахах на парушэнне суверэнітэту дзяржаў або аб магчымых тэрарыстычных атаках. Асобна ў пагадненні згадваюцца замежныя баевікі, якія вяртаюцца «у дзяржавы свайго паходжання», і члены іх сем’яў.

    Пасля падзей 2020 года Узбекістан стаў адным з накірункаў рэлакацыі для беларусаў, найперш для супрацоўнікаў ІТ-сферы.

    Акрамя таго, у гэтую краіну стабільна расце паток турыстаў з Беларусі. Толькі за мінулы год яе наведалі больш за 32 тысячы беларускіх грамадзян.

    Ва Узбекістане стала пражывае больш за 18 тысяч этнічных беларусаў, не звязаных з найноўшай хваляй эміграцыі. Штогод іх наведваюць сотні сваякоў з Беларусі.

    Самыя небяспечныя краіны рэгіёну для беларускіх журналістаў. Складаем рэйтынг

    Кіраўнік адвакацкага бюро Legal sta­tus Алесь Міхалевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» расказаў пра рызыкі ад вышэйпамянёнага пагаднення для тых з беларусаў, хто апынуўся ў полі зроку сілавікоў.

    Суразмоўца адзначыў, што не мае інфармацыі пра якія-небудзь праблемы ў беларусаў, што знаходзяцца цяпер ва Узбекістане, звязаныя з пагрозай перадачы іх уладам Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсліў важны момант: 

    — Узбекістан у прынцыпе з’яўляецца краінай, якая карыстаецца базай СНД, а гэта значыць — базай, якую вядзе МУС Расійскай Федэрацыі. І ў якую Беларусь вельмі лёгка перадае звесткі пра людзей, якіх пераследуе афіцыйны Мінск. Думаю, што таго ўзроўня супрацы, што быў раней у Беларусі з Узбекістанам, больш чым дастаткова, каб разумець, што гэта небяспечная краіна для людзей з групы рызыкі.

    То бок, для незалежных журналістаў, апазіцыйных палітыкаў і актывістаў Узбекістан ні ў якім разе не з’яўляецца бяспечнай краінай.

    Алесь Міхалевіч раіць усім, хто ўваходзіць у групу рызыкі, перабірацца з Узбекістана ў больш бяспечныя краіны: «Нават Грузія і Турцыя ў гэтым сэнсе выглядаюць больш бяспечна».

    У ідэале кіраўнік Legal sta­tus раіць выбіраць для жыцця краіны з высокімі прававымі стандартамі, найперш краіны Еўрасаюза. Альбо, як варыянт, тыя еўрапейскія краіны, што імкнуцца ў ЕС і прытрымліваюцца ягоных стандартаў. Напрыклад, Чарнагорыю.

    Трансгранічны пераслед: спіс небяспечных краінаў, гучныя затрыманні і парады юрысткі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.