• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Талака. Будуем Мрою». «Белсат» запускае ўвосень дакументальны серыял

    Тэлеканал «Белсат» здымае новы дакументальны серыял. Праект «Талака. Будуем Мрою» апавядзе праўдзівую гісторыю беларускай сям’і былых палітвязняў, якая спрабуе пабудаваць новае жыццё на закінутай разбуранай сядзібе на Падляшшы. Усяго за 6 км ад беларускай мяжы. Прэм’ера – увосень 2026 года.

    «Талака» не мае загадзя напісанага сцэнара. У эфіры будзе жывая гісторыя і рэальныя людзі, якія задаюцца пытаннем: ці магчыма пасля страты свабоды і радзімы пачаць усё спачатку?

    «Белсат» запускае дакументальны серыял

    Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава на тле хаты, якую яны адбудоўваюць у шоу «Талака. Будуем Мрою» «Белсату». Фота: Белсат

    Назва праекту адсылае да аднаго з ключавых паняткаў у беларускай культуры – талакі. Гэта форма суседскай узаемадапамогі, калі людзі яднаюцца, каб разам будаваць дамы, збіраць ураджай або дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкіх абставінах. Талака грунтуецца на салідарнасці і веры ў тое, што разам можна зрабіць больш, чымся паасобку. Менавіта гэтая ідэя ляжыць у аснове новага праекту «Белсату». Ну а Мроя – так героі назвалі сваё новае месца жыхарства.

    Героі серыялу – былы палітычны вязень Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава. Абое прайшлі праз рэпрэсіі ў Беларусі. Сяргей правёў больш як два гады ў беларускай турме, але, нягледзячы на гэта, не адрокся ад сваёй мары – стварыць уласную прастору, аднавіць старую ферму і развіваць экатурыстычны праект. З сярэдзіны 2021-га мужчына ўжо спрабаваў адбудоўваць сядзібу на Лагойшчыне і гадаваў птушак. Аднак ягоныя пачынанні перапыніў арышт.

    «Купіў закінуты дамок. Ён мяне навучыў усяму, што я ўмею і што ведаю ў сэнсе курынай гаспадаркі. Быў месцам маёй сілы. Чатыры месяцы, аж да затрымання і пасадкі, я ёю займаўся. У мяне былі яйкі ўсіх колераў вясёлкі: сінія, зялёныя, чырвоныя… Утрыманне селену ў некаторых было проста шалёнае – вельмі карысныя. Ну і куры ж свойскія – у мяне і выгул, і жучкі, і павучкі. І ўсё гэта куры ядуць. А я пры гэтым яек тады не еў, тых каляровых нават не пакаштаваў ні разу. Сеў потым у турму і думаю: эх, зараз бы яйка з’еў, а няма!» – згадвае Сяргей.

    Хата, якую Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава адбудоўваюць у шоу «Талака. Будуем Мрою» «Белсату». Фота: Белсат

    Менавіта за працэсам змогуць назіраць гледачы. Дакументальны серыял «Талака. Будуем Мрою» паспрабуе праверыць, ці здолеюць беларусы вярнуць жыццё ў закінутыя руіны, ці хопіць героям сілаў і настойлівасці ажыццявіць сваю мару.

    «Мы марым аб прасторы, прасякнутай атмасферай беларускай гасціннасці, з невялікімі хаткамі, акружанымі прыродаю. Спадзяёмся, нашая гісторыя натхніць іншых беларусаў. Магчыма, хтосьці наважыцца зрабіць такі крок, а хтосьці іншы прыйдзе да нас і дапаможа стварыць гэтае месца ўласнымі рукамі», – дзеліцца Сяргей.

    Хата, якую Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава адбудоўваюць у шоу «Талака. Будуем Мрою» «Белсату». Фота: Белсат

    Наталля і Сяргей паспрабуюць аформіць уласнасць на закінуты, амаль разбураны дом на Падляшшы. Серыял не толькі задакументуе аднаўленчыя працы, але і паспрабуе адказаць на важнае пытанне: ці ў стане сучасныя беларусы стварыць талаку – супольнасць людзей, якія дапамагаюць адно аднаму? Стваральнікі праекту не ведаюць, чым скончыцца гэтая гісторыя, бо ўсё будзе адбывацца па-сапраўднаму.

    Цягам некалькіх месяцаў камера будзе суправаджаць герояў, фіксуючы як поспехі, гэтак і няўдачы. Гледачы пабачаць, колькі намаганняў, часу і рэсурсаў трэба, каб аднавіць закінутае месца і фактычна пачаць жыццё на новым месцы з нуля.

    Хата, якую Сяргей Гунь і Наталля Цюлюпава адбудоўваюць у шоу «Талака. Будуем Мрою» «Белсату». Фота: Белсат

    «Гэта не проста дакументальны праект. Гэта спроба адлюстраваць эпоху, у якую мы жывём, расказаць гісторыю Беларусі праз гісторыі людзей, якія наважыліся ісці за сваймі марамі. У перыяд кардынальных зменаў асабліва важна дакументаваць жыццё людзей, іхныя ўспаміны і сведчанні эпохі. Для «Белсату» гэта таксама крок у развіцці новых фарматаў і сучаснай мовы камунікацыі са сваёй аўдыторыяй. Мы хочам прафесійна і ў адпаведнасці з найлепшымі міжнароднымі стандартамі расказваць беларускія гісторыі», – падкрэслівае галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык.

    Рэжысёр серыялу – Аляксандр Гарадко, вядомы праектам «Від на жыхарства» і дакументальным фільмам «Dvizh» пра скандальны канцэрт беларускага музыкі Макса Каржа ў Варшаве ў 2025 годзе.

    «Штодня мы бачым тысячы ролікаў, створаных штучным інтэлектам. Тым часам дакументаванне рэальнага жыцця звычайных людзей сустракаецца ўсё радзей, і таму яно робіцца яшчэ больш каштоўным і захапляльным. Мы не хочам расказваць яшчэ адну гісторыю поспеху. Мы хочам паказаць жыццё такім, якое яно ёсць: неідэальным, поўным перашкодаў, але і поўным надзеі. Бо калі чалавек можа марыць і паслядоўна імкнуцца да сваёй мэты, крок за крокам ён можа стварыць нешта незвычайнае», – мяркуе Аляксандр.

    Прэмʼера дакументальнага серыялу «Талака. Будуем Мрою» запланаваная на верасень 2026 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.