Былая журналістка Аксана Ючкавіч цалкам адбыла тэрмін «хатняй хіміі»
Палітзняволеная актывістка, былая журналістка Аксана Ючкавіч цалкам адбыла тэрмін «хатняй хіміі» і выйшла на волю. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

Фота: Facebook Аксаны Ючкавіч
«Вось і воля. Гэты вялікі чаканы момант і завяршэнне вельмі цікавага часу майго жыцця. Тры гады хіміі, з якіх тры з лішнім месяцы ў Жодзіна і на Валадарцы, потым у Заслаўі-Маленьку, а напрыканцы ў Дакуча-Парф’янаве», — паведаміла Аксана.
Яна таксама падзякавала ўсім, хто ў гэты час яе падтрымліваў.
Аксану Ючкавіч — паэтку, арганізатарку культурніцкіх імпрэз, былую журналістку партала Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі catholic.by — затрымалі 23 студзеня 2024 года ў Мінску.
3 лютага стала вядома, што супраць яе распачатая крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Жанчыну ўтрымліваюць у следчай турме № 8 у Жодзіна.
Паводле ініцыятывы «Хрысціянская візія», Аксана вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка, працавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна ў Менску. Яна аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», з яе ўдзелам была створана дзіцячая хрысціянская відэаперадача «Анёлкі з вясёлкі». Аксана Ючкавіч займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі і выкладала на курсах польскай мовы.
У 2020 годзе дзяўчына была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі паводле прысуду за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Затрымлівалі яе і ў 2010 годзе пасля разгону Плошчы ў Мінску, тады яна была асуджана да 10 сутак арышту.
@bajmedia