• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аналітык Ігар Тышкевіч пракаментаваў прысуд сваёй жонцы Вользе Харламавай: Былі жорсткія спробы зламаць яе псіхалагічна

    Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч раскрыў некаторыя абставіны затрымання і следства па справе яго жонкі, медыяэксперткі Вольгі Харламавай. Паводле Тышкевіча, на жанчыну і яго самога сілавікі аказвалі псіхалагічны ціск, шантажавалі лёсам блізкіх. Таксама ён заявіў пра спрабу вярбоўкі з боку КДБ.

    Аналітык Ігар Тышкевіч пракаментаваў прысуд сваёй жонцы Вользе Харламавай

    Ігар Тышкевіч. Крыніца фота: Еўрарадыё

    «Так, мая жонка, Харламава Вольга, учора атрымала прысуд — 10 год пазбаўленьня волі і досыць вялікі штаф. Ключавы артыкул — здрада дзяржаве, — піша Ігар Тышкевіч у Face­book.

    Яна была затрыманая (з другой спробы) КДБ Беларусі 26 чэрвеня 2025 году. Праз 2 гадзіны па затрыманьні яе «папрасілі» набраць мяне.

    Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Дзе шантажавалі «будущим вашей супруги и состоянием её мамы)». Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая і гэта быў адзін з асноўных «якароў» які трымаў яе ў Беларусі.

    КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў што ваююць на баку Ўкраіны, але найбольш, мае кантакты ў украінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах якія сёньня ёсьць часткай Сілаў Абароны Ўкраіны. І мой аналіз.

    Размова мною была запісаная і наступнай раніцы перададзеная на вывучэньне супрацоўнікам СБУ. І мая пазыцыя і пазыцыя Вольгі, якая (як прадчувала) напярэдадні ўзяла зь мяне слова што ў разе калі будзе «шантаж ёю» я на такі не паддамся.

    Далей было паўтары гады «сьледзтва», дзе артыкулы падарзрэньня актыўна мяняліся.

    З гэтага часу не меней за два этапы па пару месяцаў жорсткіх спробаў псіхалагічна «ламаць» Вольгу. Ускосна гэта было зразумела па спыненьню усякага ліставаньня (у тым ліку лістоў ад сваякоў, родных і знаёмых) ды іншых прызнаках.

    У выніку тры артыкулы абвінавачваньня, асноўны зь якіх «здрада дзяржаве». Далей суд, які пачаўся ў жніўні і паседжаньні працягваліся да ўчора. І прысуд пра які ўжо інфармацыя пайшла».

    Ігар Тышкевіч таксама патлумачыў, чаму інфармацыю пра затрыманне Вольгі Харламавай не рабілі публічнай. Па яго словах, гэта было свядомае рашэнне блізкіх і сяброў.

    «У гэтым была пэўная логіка, зьвязаная і з украінскім бокам. Пра якую я буду гатовы адказваць толькі пасьля таго як Вольга будзе на свабодзе і пасьля заканчэньня/замарозкі вайны», — заявіў аналітык.

    Палітолага і медыяэкспертку Вольгу Харламаву асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Яе звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса РБ. Справу супраць яе разглядаў Мінскі абласны суд, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд быў агучаны 20 лістапада 2026 года. Сутнасць абвінавачання пакуль невядомая. Акрамя 10 гадоў зняволення з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму суд прызначыў Вользе Харламавай буйны штраф памерам 1500 базавых велічынь — 67 500 рублёў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.