Праваабаронцы заклікаюць далучацца да Тыдня супраць смяротнага пакарання
Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» пачалі актыўную падрыхтоўку да Тыдня супраць смяротнага пакарання, які пройдзе 5–10 кастрычніка 2026 года.

Фота: Вясна
Традыцыйна ў гэтыя дні ва ўсім свеце праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя адмене смяротнага пакарання, і Беларусь таксама павінна гучаць у гэтай міжнароднай размове.
«Наша мэта — расказаць як мага большай колькасці беларусаў, беларусак і замежнай аўдыторыі пра тое, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне, і чаму яго адмена важная»,— адзначаюць праваабаронцы.
Калі вы хочаце далучыцца да Тыдня, кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» будзе рада любому партнёрскаму і валанцёрскаму ўдзелу. Гэта можа быць арганізацыя з вашага боку:
- кінапаказу і абмеркавання;
- лекцыі, прэзентацыі або дыскусіі на тэму смяротнага пакарання;
- мерапрыемства ва ўніверсітэце, бібліятэцы, культурнай прасторы ці вашым горадзе;
- інфармацыйнай кампаніі;
- або любой іншай крэатыўнай ініцыятывы, якая дапаможа ўзняць гэтую тэму.
Праваабаронцы са свайго боку гатовыя дапамагчы:
- інфармацыйнай падтрымкай;
- экспертнымі кансультацыямі;
- матэрыяламі і мерчам;
- прасоўваннем вашага мерапрыемства і пошукам найлепшага фармату.
Калі ў вас ёсць ідэя або проста жаданне зрабіць нешта ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання — напішыце ў @niepakaranniu_bot.
«Давайце разам зробім так, каб тэма смяротнага пакарання зноў стала часткай грамадскай дыскусіі і прагучала як мага мацней».
@bajmedia