Фільм «Інга», створаны пры ўдзеле «Белсату», пакажуць на прэстыжным амерыканскім фестывалі
16 красавіка ў ЗША адбудзецца амерыканская прэм’ера дакументальнай стужкі «Інга», створанай пры ўдзеле тэлеканалу «Белсат». Паказ пройдзе ў межах 26-га Beverly Hills Film Festival.

Плакат фільму «Інга». Выява: Белсат
Фільм «Інга» (рэжысёр Кшыштаф Капчыньскі) – гэта супольная вытворчасць «Белсату», кампаніі Eureka Media Architekci і Польскага тэлебачання. Стужку стварылі пры падтрыманні Польскага інстытуту кінамастацтва.
Карціна апавядае гісторыю пяцігадовай дзяўчынкі Інгі, якая разам са сляпымі бацькамі ўцякае з Украіны ў Варшаву пасля пачатку вайны. У новым горадзе сям’я спрабуе наладзіць жыццё паміж рэальнасцю і марамі, а Інга робіцца своеасаблівым правадніком для бацькоў у незнаёмым свеце. У пэўны момант бацька вяртаецца ва Украіну, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, каб завяршыць няскончаныя справы.
Як адзначае рэжысёр, фільм вырас з рэальнай гісторыі ратавання: у дзень пятага дня нараджэння Інгі пачалася вайна, і каманда з Варшаўскага ўніверсітэту дапамагла сям’і эвакуявацца. Менавіта гэтая гісторыя сталася асноваю для дакументальнай стужкі пра ўспрыманне свету, нават калі ён «перастае быць бачным».
Падрабязнасці пра фільм «Інга» ды іншыя стужкі вытворчасці «Белсату» можна даведацца на канале «Белсат Док».
Кінафестываль Beverly Hills Film Festival (BHFF) – амерыканскі кінафорум, заснаваны незалежным кінематаграфістам Ніна Сімонэ. Гэта міжнародны конкурс, галоўная мэта якога – папулярызаваць мастацтва кіно і падтрымаць таленавітых аўтараў з усяго свету. Фестываль праходзіць штогод і доўжыцца пяць дзён, збіраючы больш за 20 000 гледачоў і ўдзельнікаў.
Што паглядзець з беларускіх дакументалак? «Белсат DOC» падвёў вынікі года
@bajmedia