• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Чалавек больш важны за гісторыю»: гайд па інтэрв’ю з былымі палітвязнямі

    У межах цыклу пра адаптацыю палітвязняў пасля вызвалення праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядае, як і калі былым зняволеным выбудоўваць дыялог з журналістамі, а таксама пра сутнасць журналістыкі траўмы. У гэтым дапаможа псіхалагіня Юлія Лагвіненка, якая працуе з людзьмі, што перажылі траўматычны досвед.

    Выява: ПЦ «Вясна»

    Як распазнаць гатоўнасць да размовы

    Для чалавека, які толькі выйшаў на волю, важна ўсвядоміць: ён не нясе абавязальніцтваў па публічным выступе. Адсутнасць унутранага доўгу «расказаць дзеля Беларусі» дапамагае захаваць псіхічнае здароўе.

    «Чалавек не павінен гэтага ні дзяржаве, ні грамадству, ні іншым зняволеным, ні Беларусі, — падкрэслівае Юлія Лагвіненка. — Беларусь не трымаецца на адным інтэрв’ю, і калі існуюць рызыкі паўторнай траўматызацыі падчас прагаворвання свайго досведу, то лепш не размаўляць з журналістамі».

    Фізіялагічныя маркеры стрэсу з’яўляюцца самым дакладным індыкатарам таго, што час для інтэрв’ю яшчэ не прыйшоў. Пульс і дыханне сігналізуюць аб небяспецы раней, чым розум паспявае прыняць рашэнне, таму на іх трэба звяртаць увагу ў першую чаргу. Таксама сігналамі могуць быць флэшбэкі або эмацыйнае ўключэнне.

    «А як зразумець, што гатовы? Калі адсутнічаюць любыя рызыкі, калі ў чалавека не пачашчаецца пульс ці не з’яўляецца адчуванне панікі пры думцы пра тое, што ўсё гэта трэба будзе ўспамінаць і распавядаць», — удакладняе Юлія.

    Часта згода на інтэрв’ю прадыктаваная знешнім ціскам або ілжывым пачуццём віны перад тымі, хто застаўся за кратамі. Гэта небяспечны матыў, які можа прывесці да паўторнай траўматызацыі. У такім выпадку з інтэрв’ю таксама варта пачакаць. Акрамя таго, адразу пасля вызвалення чалавеку крытычна важна ўзяць паўзу ў публічнасці, каб проста прывыкнуць да новага кантэксту жыцця. Мінімум два тыдні «часу цішыні» дапамагаюць пазбегнуць імпульсіўных рашэнняў і рэтраўматызацыі, сканцэнтравацца на клопаце пра сябе і сваё здароўе. 

    Вяртанне суб’ектнасці: як выбудаваць межы бяспекі

    Галоўная задача былога зняволенага перад пачаткам інтэрв’ю — вярнуць сабе пачуццё кантролю над сітуацыяй, якога ён быў пазбаўлены ў турме. Гэта пачынаецца з удакладнення тэхнічных дэталяў і кантэксту будучай публікацыі.

    “Гэты кантроль можна вярнуць сабе нават перад інтэрв’ю, — раіць Юлія. — Напрыклад, даведацца кантэкст выхаду матэрыялу і спытаць у журналіста, дзе выйдзе матэрыял, у якім фармаце, ці будзе відэа, ці будзе мантаж, ці будуць узгодненыя цытаты і хто яшчэ будзе ўдзельнічаць».

    Вызначэнне выразных тэматычных забаронаў яшчэ да ўключэння дыктафона дапамагае герою адчуваць сябе больш упэўнена. Прагаворванне правілаў уголас робіць іх абавязковымі для захавання абодвума бакамі.

    «Таму важна вызначыць свае межы загадзя і памятаць, што інтэрв’ю — гэта не допыт, — падкрэслівае Юлія Лагвіненка. — Герою трэба адказаць сабе на пытанне: пра што ён гатовы казаць, а пра што дакладна не будзе, якія дэталі нельга згадваць, ці называе ён імёны, ці кажа ён пра сям’ю, ці гатовы ён абмяркоўваць катаванні… Калі межы сфармуляваны загадзя, іх прасцей утрымліваць. Калі чалавек не можа пазначыць гэтыя межы, магчыма, ён яшчэ не гатовы да інтэрв’ю».

    Падчас самога працэсу ў героя мусіць быць законнае права на паўзу або «стоп-слова». Гэта дазваляе перапыніць паток балючых успамінаў і фізічна стабілізаваць свой стан.

    «Калі падчас інтэрв’ю чалавек пачынае адчуваць тунэльную ўвагу, заўважае за сабой нейкую аўтаматычную прамову або жаданне хутчэй скончыць, то ён можа ўзяць паўзу, — кажа псіхалагіня. — У гэты момант можна сказаць: «Мне трэба пару хвілін», схадзіць папіць вады, падыхаць паветрам».

    Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў

    Прафесійны такт: этыка працы журналіста з траўмай

    Для журналіста таксама існуюць свае прынцыпы працы ў такіх умовах. Асноўны з іх — інфармаваная згода, дзе журналіст выступае не як «паляўнічы за інфармацыяй», а як партнёр па бяспецы. Герой павінен ведаць, што яго права на адмову захоўваецца на любым этапе. І калі ён адчуе, што журналіст таксама зацікаўлены ў яго бяспецы, а не проста ўспрымае яго як аб’ект для атрымання інфармацыі, тады і дыялог пойдзе лепш.

    «Журналісту важна растлумачыць фармат, як будзе адбывацца інтэрв’ю, дзе яно выйдзе, — кажа псіхалагіня. — Вельмі важна прагаварыць магчымыя рызыкі і, вядома, даць права адмовіцца. Лепш за ўсё, каб журналіст наўпрост і далікатна агучыў, што вы маеце права адмовіцца на любым этапе».

    Прынцып бяспекі працуе ў абодва бакі: журналіст таксама мае права на паўзу, калі тэма робіцца для яго занадта балючай. Прафесіяналізм у дадзеным выпадку — гэта прызнанне сваёй уразлівасці, а не гульня ў «эмацыйную стойкасць». Калі эмацыйная нагрузка аказваецца празмернай, прафесійным рашэннем будзе не «даціскаць» гісторыю праз сілу, а перадаць яе калегу або дамовіцца аб працягу ў іншы дзень. Перад інтэрв’ю журналісту важна зразумець, якія менавіта тэмы або дэталі гісторыі могуць стаць для яго балючымі праз уласны жыццёвы досвед ці траўмы. І пасля гэтага — зразумець, як можна пра сябе паклапаціцца. 

    Падчас размовы журналіст можа дапамагчы герою вярнуць пачуццё кантролю над рэальнасцю, прапанаваўшы яму самому выбраць месца і ўмовы гутаркі. Гэта стварае атмасферу даверу і зніжае ўзровень трывогі. Але зрыў інтэрв’ю ці няяўка героя на сустрэчу не павінны ўспрымацца, як прафесійная параза. Гэта амаль заўсёды следства цяжкага псіхалагічнага стану чалавека, а не яго адносіны да канкрэтнага СМІ.

    «Адмова часцей за ўсё ў такіх выпадках азначае, што ў героя няма рэсурсу, — тлумачыць Юлія Лагвіненка. — Гэта адбываецца не таму што чалавек не давярае журналісту асабіста, проста палітвязні часта маюць той самы ПТСР. У такім не самым добрым стане дэзарганізаванасць можа захоўвацца нейкі час». 

    Дысацыяцыя і памяць: калі інтэрв’ю перастае быць гутаркай

    У працы з былымі палітвязнямі журналістам важна памятаць, што траўма фрагментуе памяць, і блытаніна ў датах не з’яўляецца спробай іх падмануць. Да такіх неадпаведнасцяў трэба вяртацца максімальна далікатна, тлумачыць іх натуральнымі прычынамі.

    «Калі журналіст заўважае нейкія неадпаведнасці падчас інтэрв’ю, то можна да гэтага вяртацца і вельмі мякка задаваць пытанні з удакладненнямі, — раіць псіхалагіня. — Але дакладна без намёку на тое, што палітвязень неяк спрабуе вас падмануць».

    Журналіст мусіць своечасова заўважыць стан дысацыяцыі, калі герой пачынае гаварыць механічна, як завучаны тэкст. У гэты момант важна мякка вярнуць чалавека ў рэальнасць цяперашняга моманту.

    «Герой можа ўвесь час казаць: «Гэта не пад запіс», — распавядае Юлія. — Тады можна мякка прапанаваць сфакусавацца на нейкіх рэчах, якія чалавек гатовы надаць агалосцы. Па факце мы кожны раз спрабуем вярнуць чалавека ў тут і цяпер, у рэальнасць».

    Часта працуеце з чужым болем? Сабралі парады, як расказваць важныя гісторыі і не шкодзіць сабе і героям

    Неабходна таксама жорстка выконваць межы прафесій: журналіст не павінен спрабаваць стаць псіхатэрапеўтам для свайго героя. Спробы ратаваць або аналізаваць псіхіку могуць толькі нашкодзіць працоўнаму працэсу. Калі вы бачыце, чалавеку блага або ён агрэсіўна патрабуе падтрымкі, якую вы не можаце аказаць, карэктна будзе падзяліцца кантактамі профільных арганізацый.

    «Так, журналіст застаецца ўважлівым, беражлівым, паважлівым, — удакладняе Юлія. — Але трэба памятаць, што ў яго магчымасцях — толькі стварыць бяспечную прастору для размовы, а не лекаваць, ратаваць або аналізаваць псіхіку. Гэта лепш пакінуць спецыялістам». 

    Заканчэнне размовы з журналістам — гэта толькі пачатак працэсу стабілізацыі для героя. Важна, каб у гэтыя гадзіны чалавек не заставаўся адзін і не планаваў ніякіх энергазатратных спраў.

    «Не быць аднаму ў гэты момант было б карысна, — кажа псіхалагіня. — Не абавязкова, каб побач з чалавекам пастаянна хтосьці сядзеў, але важна мець магчымасць пабыць побач з кімсьці, пагаварыць. Вядома, лепш за ўсё не планаваць пасля інтэрв’ю ніякія іншыя справы, а даць сабе час на адпачынак, на сон, папіць, паесці».

    Этыка сэнсаў: як расказаць пра жах, не памнажаючы яго

    Галоўны этычны выклік для медыя — не ператварыць чалавечую трагедыю ў інструмент для павышэння ахопаў. Шакавальныя загалоўкі, якія эксплуатуюць дэталі катаванняў, робяць журналіста часткай сістэмы гвалту.

    «Мне здаецца, важна заўсёды памятаць, што чалавек важнейшы за гісторыю, — разважае Юлія Лагвіненка. — Калі інтэрв’ю, ды яго загаловак прайгравае дынаміку нейкага допыту ці вось такога скандалу — мы проста становімся працягам сістэмы гвалту».

    Замест дэталізацыі гвалту ў публічнай прасторы (напрыклад, на прэс-канферэнцыях), можна зрушыць фокус на ўнутраную трансфармацыю чалавека. Грамадству часта важней ведаць не тое, што рабілі з героем, а тое, якія сэнсы ён вынес з гэтага досведу.

    «Я б парэкамендавала палітвязням дазаваць тое, што яны распавядаюць, і не сыходзіць у дэталі, — раіць псіхалагіня. — Можна канцэнтравацца на тым, што гэты досвед змяніў ува мне, што я зразумеў. Можна ссоўваць фокус на сэнс таго, што адбылося, а не на тым, што было».

    Клопат пра чытача таксама з’яўляецца часткай прафесійнай этыкі. Выкарыстанне папярэджанняў аб адчувальным кантэнце дазваляе аўдыторыі самой вырашаць, ці гатовая яна да такой эмацыйнай нагрузкі.

    «Калі мы проста будзем называць рэчы сваімі імёнамі — гвалт — гвалтам, катаванні — катаваннямі, гэтага ўжо дастаткова, — рэзюмуе спецыялістка. — Плюс у медыя заўсёды ёсць магчымасць паставіць дысклеймер пра тое, што артыкул змяшчае адчувальную інфармацыю. А гэта ўжо — пра клопат пра чытачоў».

    «Есть такое выражение — бойся причинить добро». Психолог — о помощи бывшим политзаключенным

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.