• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Дзяржаўны рэкет». Ігар Карней расказаў, чым скончылася гісторыя з прымусовым спагнаннем штрафу

    Былы палітвязень, журналіст Ігар Карней расказаў на сваёй старонцы ў Face­book, чым скончылася гісторыя са штрафам у 258,5 рубля, які спрабавала спагнаць з яго дзяржава.

    Фота: Face­book Ігара Карнея

    «Не пасьпеў расслабіцца пасьля беспардоннага выдварэньня, як на страчанай бацькаўшчыне завочна пачалі атакаваць з аддзелу прымусовага выкананьня. Зразумела, што ў сілу форс-мажорных абставінаў пісулькі з пагрозамі “подвергнуть принудительному приводу” траплялі на вочы не тады, калі хацелася адправіцелю, а калі добрыя людзі мелі магчымасьць выпатрашыць паштовую скрыню. Што характэрна, у павестках аніякага тлумачэньня, за што ім пасьпеў запазычыць, апошнія гады не займаючыся ніякай дзейнасьцю. Проста X‑Files, сакрэтныя матэрыялы), піша Карней ў Face­book.

    Спробы зьвязацца з адказнай работніцай ведамства Казлоўскай праз вайбер, як прапаноўвалася ў паперцы, доўгі час заставаліся марнымі. Як ні круці, найменей хацелася быць ахвярай дзяржаўнага рэкету. Грошы не фантастычныя, у апошняй версіі крыху больш за 250 руб, але ж сам факт! Бо так у тэорыі могуць даіць бясконца.

    Нядаўна судовая выканаўца ўсё ж адазвалася, параіўшы шукаць канцы ў адпаведным рэестры неплацельцаў на сайце Мін’юсту. Яшчэ адна засада, бо з‑за мяжы рэсурс недаступны і трэба ўсталёўваць VPN – ніколі б не падумаў, што давядзецца пагрузіцца ніжэй ватэрлініі, каб адрасна зрабіць рэпрэсіўнай установе статыстыку па наведваньнях).

    Праўда, нічога ўцямнага у рэестры даўжнікоў так і не знайшоў – толькі канстатацыя факту аб пачатку чарговай вытворчасьці пад грувасткай абязьлічанай нумерацыяй. Усё як у канцлагеры, лічбы на сэрцы.

    Затое стала сюрпрызам, што паставілі на лічыльнік яшчэ ў актыўнай фазе сядзеньня! Што замінала адразу папярэдзіць, каб сваякі аператыўна праплацілі выстаўленыя рахункі? Або першапачатковая мэта менавіта такая – вывесьці на пеню? Дасьведчаныя і ўжо абабраныя кажуць, што кожны год да сумы прырастае 10%.

    Думаю, не адну сотню вымушаных калегаў, у якіх не засталося іншай альтэрнатывы, як памяняць камеру ці атрад у Беларусі на шэлтары на чужыне, чакаюць аналагічныя неспадзяванкі.

    №1. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 20.06.2024 возбуждено производство 70924032444.

    18 чэрвеня 2024-га мяне перакінулі этапам з турмы №4 Магілёву, дзе я два месяцы чакаў апеляцыі на прысуд, для адбыцьця пакараньня ў ПК №17 Шклову. Атрымліваецца, што літаральна на другі дзень карантыну пачалі нейкую настолькі таямнічую вытворчасьць, што давялося хаваць яе за наборам лічбаў. Прынамсі ніякіх уведамленьняў пад подпіс не атрымліваў.

    №2. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 02.10.2024 возбуждено производство 70924051504.

    Усё тая ж шклоўская катавальня, чацьвёрты месяц адзіночак у штрафных ізалятарах/памяшканьнях камернага тыпу. На тым адрэзку практычна поўная інфармацыйна-дакументальная блакада, бо сувязі за зьнешніх сьветам, уключаючы нават штабных хадакоў, абарваліся падчыстую. Акурат у гэтыя дні інспіравалася другая крымінальная справа паводле арт. 411 за “непадпарадкаваньне”.

    №3. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 25.06.2025 возбуждено производство 70925031855.

    Лічаныя дні пасьля выстаўленьня з радзімы мяхом на галаве 21 чэрвеня 2025-га. А да таго, атрымаўшы дадатковыя 10 месяцаў да тэрміну і такім чынам стаўшы рэцыдывістам, пасьпеў пабыць “каланістам” на строгім рэжыме ў Мазыры. Менавіта там, трапіўшы ў атрад пасьля прэвентыўнага месяца ў шыза, абсалютна выпадкова наткнуўся на сваё прозьвішча ў сьпісе “даўжнікоў” – 190 руб за робу, атрыманую ў шклоўскім “атэлье”. Не ўпэўнены, але магчыма гэтая сума з улікам 10-працэнтных штогадовых накрутак, і ператварылася ўрэшце ў выстаўленую фінальную. Во як, кожны мусіць самастойна здагадацца, за што яго раскулачваюць).

    №4. ОПИ Фрунзенского района г. Минска. 13.03.2026, возбуждено производство 70926012280.

    Чарговая паперка, засунутая ў дзьверы пакінутай менскай кватэры, патрабавала персанальнай прысутнасьці ў судовай выканаўцы Казлоўскай 18 сакавіка. Перад тым настойлівая служака пачала чацьвёртую вытворчасьць па Х‑файлах).

    Магу павіншаваць апанентку, свайго дамаглася: адкупіўся). Дакладней, заплаціла са сваіх сьціплых прыбыткаў маці-пенсіянерка – вось так запускаюць у фінансавы абарот сваякоў, калі ня могуць дабрацца да саміх фігурантаў. Мала таго, што трацілася падчас сынавай адсідкі, дык яшчэ мусіць браць постфактум незразумелыя выдаткі. Бо за камісарамі не заржавее – спачатку накласьці арышт на маёмасьць, а сьледам імем рэвалюцыі і канфіскаваць.

    Канешне, невядома, ці надоўга пакінуць у спакоі рэкеціры, бо ў адказ на яўна прачытанае вайбераўскае паведамленьне аб аплаце – звыклая цішыня. Думай, што хочаш…»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.