Ірына Слаўнікава звярнулася да Трампа і Коўла
Відэазварот былой палітзняволенай беларускай журналітскі, намесніцы старшыні БАЖ Ірыны Слаўнікавай апублікаваў Telegram-канал руху рэпрэсаваных беларусак «Розовые косынки».

Ірына Слаўнікава ў офісе «Белсату». Варшава, Польшча. 6 лістапада 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
— На сувязі Ірына Слаўнікава, і я беларуская журналістка. У 2022 годзе я была прыгаворана да пяці гадоў пазбаўлення волі. Я дагэтуль знаходзілася б у зняволенні, але дзякуючы прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі Дональду Трампу і яго адміністрацыі, а таксама асабістаму ўдзелу спадара Джона Коўла, 11 верасня 2025 года я здабыла свабоду. Мае родныя і блізкія, і я будзем памятаць гэты дзень да канца свайго жыцця.
Але не праходзіць ніводнага дня, каб я не ўспамінала пра сотні палітвязняў, якія да гэтага дня знаходзяцца ў беларускіх турмах. Я прашу вас працягваць працэс па вызваленні беларускіх палітвязняў.
Асаблівую ўвагу я прашу звярнуць на жанчын пенсійнага ўзросту, на жанчын з цяжкімі хранічнымі захворваннямі і на жанчын, у якіх ёсць непаўнагадовыя дзеці. Дзякуй вам за нашу свабоду і за ўсё, што вы для нас робіце, — адзначыла ў звароце калега.
Справа Ірыны Слаўнікавай
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Сужэнцаў адправілі за краты пад адміністрацыйны арышт нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым і за «дробнае хуліганства».
Аляксандра Лойку праз 45 сутак адпусцілі, а Ірына пасля месячнага адміністрацыйнага арышту на волю так і не выйшла — яе зрабілі падазраванай у крымінальнай справе па «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А потым дадалі яшчэ і новае абвінавачанне — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем».
Следчы камітэт сцвярджаў, што падчас расследавання крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У адным з лістоў Ірына напісала, што ў судзе падчас спрэчак паміж бакамі вельмі добра выступіў яе абаронца Пыльчанка. І дадала: «Цягам чатырох гадзін ён аргументавана абвяргаў усе сфабрыкаваныя абвінавачанні».
3 жніўня 2022 года Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 5 гадоў калоніі. Журналістку прызналі вінаватай паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і ч. 1 арт. 361–1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем».
Марына Золатава звярнулася да ўладаў ЗША, Еўразвязу і Беларусі
@bajmedia