• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марына Золатава звярнулася да ўладаў ЗША, Еўразвязу і Беларусі

    Былая палітзняволеная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава апублікавала першы за некалькі месяцаў пост у сваім Telegram-канале MZ Live.

    Марына Золатава абнавіла фота профіля

    Марына Золатава. Фота з яе старонцы ў Face­book

    У допісе Марына нагадала, што 18 гадоў была рэдактаркай інфармацыйнага партала TUT.BY, а чатыры гады правяла за кратамі. У снежні 2025 года яна была вызваленая і цяпер знаходзіцца на волі разам з сям’ёй, аднак штодня згадвае пра палітзняволеных жанчын, якія засталіся ў калоніі — цяпер іх у Беларусі больш за сто.

    «Хтосьці апынуўся за кратамі праз свае перакананні, хтосьці — увогуле выпадкова. Але дакладна ні першыя, ні другія не заслугоўваюць пакут, якія яны цяпер адчуваюць. Я бачу вочы гэтых жанчын. У іх надзея, трывога, чаканне. Часам адчай, часам туга. Спробы бадзёрыцца на людзях, калі сэрца разрываецца ад болю. Таму што не ведаеш, калі ўбачыў блізкіх. А часам не ведаеш — ці ўвогуле ўбачыш», — піша Золатава.

    Былая палітзняволеная журналістка падкрэслівае, што імёны большасці гэтых жанчын «не скажуць вам нічога», бо яны — не медыйныя асобы. Але іх трэба тэрмінова ратаваць.

    Марына Золатава выказвае ўдзячнасць спецпасланніку прэзідэнта ЗША Доналда Трампа Джону Коўлу за спрыянне вызваленню беларускіх палітвязняў, але зазначае, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, і звяртаецца да ўсіх, «хто можа паўплываць на гэтую катастрафічную сітуацыю».

    «Я звяртаюся да амерыканскага боку: калі ласка, не спыняйцеся. Я звяртаюся да ўладаў ЕС: ваш голас мае вялізнае значэнне. Нарэшце, я звяртаюся да ўладаў Беларусі: у вашай моцы спыніць гэта, прыйшоў час спыніць гэтыя рэпрэсіі. Нават не дзеля зняцця санкцый. Дзеля будучыні. Дзеля сябе. Так не можа больш працягвацца. Я таксама звяртаюся да ўсіх неабыякавых. Калі ласка, не маўчыце. Станьце голасам тых, хто сам не можа выступіць у сваю абарону», — піша Марына Золатава.

    Былая палітзняволеная рэдактарка заклікае размяшчаць допісы з хэштэгамі #яеёголос і #iamher­voice у сацыяльных сетках, каб разам змяніць сітуацыю.

    Марына Золатава была затрыманая 18 траўня 2021 года. 17 сакавіка 2023 года яе асудзілі да 12 гадоў зняволення паводле шэрагу крымінальных артыкулаў. Рэдактарка TUT.BY была вызваленая і вывезеная ва Украіну 13 снежня 2025 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.