Творчая паўза: як працуюць журналісты, якія змянілі прафесію
Будоўля, вінтаж, сантэхнічныя паслугі — гісторыі вядомых беларускіх журналістаў, якія асвоілі нечаканыя прафесіі пасля вымушанага ад’езду за мяжу.

Кацярына Пытлева. Фота: Віялета Саўчыц
«Час дзіўных гісторый і майго фэшн-камінгаўта, — напісала ў сацсетках паўтары месяцы таму вядомая беларуская вядучая Кацярына Пытлева, — 30 гадоў у журналістыцы, ТБ і радыё, можна яшчэ і нешта новае паспрабаваць».
У Беларусi Кацярына Пытлева была папулярнай вядучай моладзевых праграм, здымала сацыяльныя відэа, у эміграцыі працавала галоўнай рэдактаркай незалежнага медыя.
«Новая прафесія знайшлася выпадкова і вельмі па-эмігранцку. Я зразумела, што хачу працу з соцпакетам і працоўным кантрактам, прычым літоўскую (Пытлева жыве ў Літве. — Рэд.), каб і мову трэніраваць, і выходзіць з эмігранцкай бурбалкі», — распавяла вядучая.
Праца знайшлася ў крамах Humana, якія прадаюць рэчы sekond hand. Там яна прайшла навучэнне і іспыт па падборцы аддзення. Пытлеву накіравалі ў адзел вінтажу — журналістка стала эксперткай па апсайклінгу:
«Спатрэбіўся мой навык панк-рок юнацкасці з латкамі, шпількамі, ірванымі джынсамі і незвычайнымі ідэямі ў адзенні». Зараз рэчы, якія праходзяць праз яе рукі, прадаюць у некалькіх крамах Еўропы. А хутка калекцыю, над якой працуе Кацярына, будуць прапаноўваць у крамах Humana Vintage у Германіі.
З 2020 года Беларусь з‑за палітычнага крызісу і пагроз пераследу пакінулі, па ацэнках БАЖ, каля 500 журналістаў. Па выніках апытання фонду «Справядлівасць для журналістаў», якое праводзілі ў 2023 годзе, каля 30% журналістаў з Беларусі і Расіі ў эміграцыі сышлі з прафесіі.
DW расказвае гісторыі яшчэ двух вядомых беларускіх журналістаў, якія працуюць ці спрабавалі працаваць у нечаканай для супрацоўнікаў медыя сферы.
Ігар Карней: «Лепш заняцца мірнай будоўляй»
Ігар Карней — былы журналіст «Радыё «Свабода» і былы палітзняволены, ён быў затрыманы ў ліпені 2023 года і вызвалены ў чэрвені 2025 года, дзякуючы намаганням прадстаўнікоў ЗША. У 2023 годзе Ігар і ягоная жонка Іна адпачывалі на Азорскіх астравах (належаць Партугаліі). І пасля затрымання мужа Іна, асцерагаючыся пераследу, з’ехала менавіта туды.
«А калі я ўжо выйшаў, ну, куды мне? Трэба ж з некім уз’ядноўвацца. У Літве пабыў, у Польшчы, i ўрэшце сюды прыехаў, з верасня 2025 года тут», — кажа Ігар Карней. За першыя два месяцы на Азорскіх астравах былы палітзняволены напісаў кнігу пра свой пераслед. «Заняў сябе на першыя пару месяцаў. Потым трэба было прыйсці ў сябе, так ці інакш няволя, хай яна не самая працяглая, але непрыемная і ў адчуваннях, і ў нейкіх наступствах», — кажа ён.
Напачатку 2026 года паўстала пытанне: спрабаваць займацца журналістыкай далей ці шукаць нейкую альтэрнатыву.
«На жаль, у журналістыцы, там, дзе я працаваў дагэтуль, скарачэнні. Дзесьці яшчэ можна было спрабаваць, але зараз не вельмі здаровая атмасфера. Раней была творчая канкурэнцыя — за гледача, слухача, чытача. А зараз канкурэнцыя за фінансы, за магчымасць выжываць, — лічыць Ігар. — Я не бачу вялікай салідарнасці журналісцкай, якая была ў свой час. Таму свядома, маючы прапановы да супрацы, падумаў, што на нейкі час лепш паспрабаваць заняцца мірнай будоўляй — у літаральным сэнсе».

Ігар Карней на працы. Фота: старонка героя ў Facebook
Ігар уладкаваўся ў невялікую фірму, заснаваную грамадзянамі Украіны. Кампанія займаецца рэнавацыяй старых дамоў. Па назіраннях былога зняволенага, Азорскія астравы зараз становяцца папулярным турыстычным напрамкам, і азорцы «не губляюць часу, стараюцца шырыць свае ўладанні, катэджныя ў тым ліку, каб адзін кавалак здаваць турыстам».
Будаўнічы досвед у журналіста быў раней на пабытовым узроўні. «Я ж вясковы чалавек, там заўсёды фізічная праца была запатрабаваная, пачынаючы ад саджання і капання бульбы да чысткі свіней. У свой час, як прыйшоў з войска, для маці ў вёсцы свінарнік невялікі зрабіў і куратнік, яшчэ нешта — сам ад падмурка да страхі. Гэта, канешне, элементарныя навыкі, з працай тут не параўнаць. Тут патрабуецца ўніверсальнасць — замясіць цэмент, чарапіцу пакласці, сваркай даводзілася займацца. Пакуль вучуся ў больш дасведчаных хлопцаў, — кажа ён. -
Дарэчы, наша брыгада — гэта я (беларус), украінец, хлопец з Расіі і малдаванін. Узор таго, як можна суіснаваць мірна і па-сяброўску і не высвятляць адносіны, як гэта робяць зараз некаторыя палітыкі».
Калегі па будоўлі ведаюць, што з імі працуе вядомы беларускі журналіст, які быў асуджаны за сваю працу: «І стаўленне вельмі добрае, таму што разумеюць, што ў Беларусі творыцца».

Ігар Карней на працы. Фота: старонка героя ў Facebook
Першы час на будоўлі быў фізічна цяжкі. «З аднаго боку, ўзрост ужо прыстойны, з другога, — за гэтыя два гады ў зняволенні атрафіраваны быў арганізм у літаральным сэнсе праз адсутнасць вітамінаў, нармальнага харчавання, прагулак», — кажа Ігар.
Калі Ігар выйшаў з калоніі, яна яшчэ доўга снілася. «Амаль кожную ноч гэтыя турэмныя кашмары, што зноў забіраюць, зноў нейкія этапы, здзекі, штрафныя ізалятары… Калі я пайшоў на будоўлю, фактычна пераключыўся на начныя гэтыя бачанні, як чарапіца ўкладзена, як там блокі палажылі, выроўніванне падлогі і гэтак далей — нейкія зусім іншыя тэмы», — расказвае ён.
Пра будаўнічую працу і Азорскія астравы Ігар Карней падрабязна распавядае ў сацсетках. «Будуць умовы — я гатовы вярнуцца ў прафесію. А пакуль хай будзе творчая паўза. Яно мне, у прынцыпе, імпануе, таму што так ці інакш назапашваеш досвед, які можа быць запатрабаваны ў любы момант», — кажа ён.
Ігар гаворыць, што прыйшоў працаваць на самы мінімальны заробак у статусе памочніка, пасля заробак крыху павысілі: «А тыя, хто ўжо мае нармальны досвед у будаўніцтве ў нейкай вузкай галіне, запатрабаваныя заўсёды. Тут не вельмі вялікая канкурэнцыя, фірмы маюць кадравы голад — не кожны хоча ісці на цяжкую фізічную працу. Я ведаю, што будаўнікі добрага класу атрымліваюць каля 3000 еўра, для Партугаліі гэта нармальна. У мяне натуральна далёка не такая сума, але ж я толькі пачатковец».
На пытанне, якая праца цяжэй , Ігар Карней адказвае: «Па-рознаму. На будоўлі цяжэй фізічна. Але ёсць пэўнае задавальненне, калі ты бачыш плады сваёй працы, калі з руіны акрэсліваецца нейкі ўжо будынак. У журналістыцы мне падабалася, таму што гэта кантактаванне з новымі людзьмі практычна штодня. Але натуральна і адказнасць вялікая, можа і да суду прывесці, а можа — і да турмы, як у нашым выпадку. У Беларусі незалежным журналістам быць не проста цяжка, а і небяспечна. На жаль проста ёсць забарона на пэўныя прафесіі, і журналістыка сярод іх».
Зміцер Ягораў: «Хацелася паспрабаваць свае сілы ў бізнесе»
Зміцер Ягораў кажа, што яго цяпер можна прадстаўляць ужо як былога журналіста. Некалькі месяцаў таму ён паспрабаваў пачаць невялікі бізнес, не звязаны з журналістыкай, актывізмам і «увогуле эмігранцкім пузыром».
«Хацелася паспрабаваць свае сілы ў бізнесе, таму што я ніколі гэтым раней не займаўся, — кажа Зміцер. — Разглядаў розныя варыянты, а спыніўся на тым, у чым сам трошкі разбіраюся — сантэхнічным абслугоўванні. Рабіў рамонт у сваёй уласнай кватэры, часам камусьці дапамагаў з суседзяў, і вырашыў, чаму б не паспрабаваць».
Зміцер знайшоў працаўніка, купіў інструменты, запусціў сайт, зрабіў усё як належыць з юрыдычнага пункту гледжання: «Я ведаў, што можа атрымацца, а можа не атрымацца, але я запускаў гэты праект з думкай пра тое, што, калі я гэтага не зраблю, ўсё жыццё буду шкадаваць, што не паспрабаваў».

Зміцер Ягораў. Фота: з уласнага архіву героя
Фінансавыя ўкладанні ў такі невялікі бізнес склалі прыкладна каля 10 тысяч еўра — разам з дамовамі, інструментамі і нават невялічкай машынай для працаўніка. Але справа ўвесь час патрабавала дадатковых уліванняў — на маркетынг, рэкламу, пакупку абсталявання, якое адразу не прадугледзелі.
Былы журналіст сам выязджаў па заяўках два разы — адзін раз падмяняў свайго працаўніка і аднойчы выпраўляў ягоную памылку: «Я хутчэй займаўся маркетынгам, кантактам з кліентамі, забеспячэннем усяго, каб гэта працавала, — змяшчаў абвесткі, запусціў сайт, на якім можна было пакінуць заяўку, кантактаваў з кліентамі».
Але ў выніку праект Зміцер вырашыў закрыць: бізнес патрабаваў вельмі шмат часу.
«Каб выходзіць у плюс ці хаця б у нуль, трэба было мець вельмі шмат замоваў. Кожнага дня — чатыры-пяць, то бок вельмі шмат кантактаў з кліентамі. Гэта вельмі шмат часу забірала, і не заўсёды такая колькасць замоваў была. І кожны месяц гэты бізнес у мяне яшчэ «прасіў грошай» — часам гэта было кшталту 2000 злотых (500 еўра), часам 1000 еўра ўкласці са сваіх зберажэнняў».
Зміцер кажа, што самым цяжкім было менавіта знайсці кліентаў, таму што на гэтым рынку ў Польшчы вялікая канкурэнцыя: «І я ад самага пачатку ўсё стараўся рабіць максімальна легальна — з касавымі апаратамі, тэрміналамі, фактурамі, НДС. Цяжка было канкураваць з тымі, хто працуе па-чорнаму».
З аднаго боку, гаворыць Зміцер, падаецца, што гэта вельмі просты, зразумелы бізнес: прыходзіць сантэхнік, працуе паўгадзіны ці 50 хвілін і выстаўляе рахунак умоўна ў 150 еўра. «Але як уласнік гэтага бізнесу ты разумееш, што трэба заплаціць за расходнікі, заплаціць падаткі, сацыяльныя ўзносы і застаецца амаль нічога. І ты разумееш, адкуль такія кошты на паслугі бяруцца», — кажа ён.
Досвед, які атрымаў Зміцер, ён разлічвае выкарыстаць у іншым праекце. А ці атрымалася трохі адпачыць ад навінаў, з якімі працуюць кожны дзень журналісты?
«У пэўным сэнсе так, — кажа ён, — Гэта пераключэнне на зусім іншую рэальнасць, іншыя праблемы. Хаця на старце была такая вялікая ўвага беларускіх медыя да гэтай гісторыі, што быў дзень, калі я даваў больш інтэрв’ю, чым адказваў на заяўкі кліентаў».
@bajmedia