«Экстрэмісцкім фармаваннем» беларускія ўлады прызналі ўкраінскі медыяпраект «Фабрика новин»
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 8 ліпеня ўключыла ў «Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» ўкраінскі медыйны праект «Фабрика новин».

Паводле інфармацыі на сайце ведамства, адпаведнае рашэнне прыняў 26 чэрвеня 2026 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
У якасці ўдзельнікаў «экстрэмісцкага фармавання» згаданыя: Расціслаў Буняк, Юрый Бібік і Яўгенія Кутнова. Таксама пералічаныя пяць інтэрнэт-рэсурсаў, якія нібыта з’яўляюцца сродкамі «экстрэмісцкай» дзейнасці:
- сайт з ідэнтыфікатарам http://fabryka.news;
- Telegram-канал з ідэнтыфікатарам https://t.me/ fabrika_novin;
- Youtube-канал з ідэнтыфікатарам https://www.youtube.com/@novynyua;
- TikTok-акаўнт з ідэнтыфікатарам https://www.tiktok.com/@fabrykanovyn24;
- суполка ў Facebook з ідэнтыфікатарам https://www.facebook.com/fabrykanovyn.
Праект «Фабрыка навін» створаны ўкраінскім медыяменеджарам і журналістам Расціславам Буняком. Самым буйным інтэрнэт-рэсурсам праекта з’яўляецца аднайменны Youtube-канал, які мае 4,34 мільёна падпісчыкаў. Ён спецыялізуецца на стварэнні навінавага і аналітычнага кантэнту, інтэрв’ю з экспертамі і абмеркаванні актуальных геапалітычных падзей.

Скрынштот з сайта МУС РБ
Паводле дзейнага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
@bajmedia