• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кацярына Андрэева: Мне дакладна вядома пра праблемы са здароўем Ігара Ільяша

    Кацярына Андрэева журналістка «Белсата», якая пасля стрыму з беларускіх пратэстаў у лістападзе 2020-га года разам з калегай Дар’яй Чульцовай была затрыманая. Пазней Кацярыне прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калоніі.

    Сёлета – у сакавіку – Кацярына разам з іншымі 249 палітвязняволенымі была памілаваная. Журналістку вывезлі ў Еўразвяз, цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы. Як праходзіць яе жыццё на волі, а таксама што вядома пра яе палітзняволенага мужа Ігара Ільяша Кацярына Андрэева распавяла Беларускаму Радыё Рацыя.

    Удалося пабываць на моры

    Прайшоў пэўны час з таго, як ты на волі. Скажы, калі ласка, што за гэты перыяд ты паспела пабачыць, што натхніла ці расчаравала?

    Удалося за гэты час пабываць на моры. Я вельмі марыла пра тое, каб паехаць адпачыць, хаця б некалькі дзён правесці на ўзбярэжжы. Гэта польскае мора, Сопат. Я паехала туды з сяброўкай. Гэта была не працоўная паездка, не камандзіроўка — гэта сапраўды быў адпачынак, якога так мне бракавала ўвесь гэты час.

    І проста паглядзець на прастор было вельмі прыемна, і гэта мяне натхніла.

    Таксама я была ў Познані. Літаральна на мінулым тыдні наведвала сайд-івэнт Кангрэсу палітычных зняволеных, які ладзілі беларускія дэмакратычныя сілы. І мне таксама было вельмі цікава паглядзець на моладзь, якая сабралася там. Абмяркоўвалі праблемы дапамогі беларускім палітвязням, праблемы моладзі, якая жыве ў міграцыі: што рабіць далей, як развівацца, як потым гэты досвед перакласці на жыццё ў Беларусі, калі мы ўсе, я спадзяюся, туды зможам вярнуцца — у вольную Беларусь.

    Ну вось такія дзве паездкі былі ў мяне — розныя цалкам па змесце, але цікавыя і натхняльныя.

    Ну а таксама сустрэчы з маімі сябрамі і калегамі амаль штодня тут, у Варшаве. З усімі, з кім за пяць гадоў хацелася пабачыцца, амаль гэты ліст у мяне ўжо выкананы — літаральна некалькі чалавек, з якімі я не паспела сустрэцца.

    Кацярына Андрэева: «Я сама пакуль вяртаюся ў жыццё, у прафесію, да сябе»

    На Белсаце выйдзе новы праект

    Ты наогул у пэўны момант адчула сябе журналісткай зноў за гэты час?

    Так, я адчула, што я хачу вярнуцца ў прафесію, што я маю такі імпэт. Мне хацелася пераканацца, што я не згубіла свае здольнасці, журналісцкія навыкі, якія ў мяне былі да таго часу.

    Зразумела, што працаваць у жывым эфіры я яшчэ, хіба, не зусім гатовая. І ў тых умовах, у якіх я працавала, я ўжо не буду працаваць. Гэта ўжо будзе, магчыма, студыйная праца ў кадры.

    Але мне было цікава паспрабаваць сябе ў жанры інтэрв’ю. Інтэрв’ю з былой палітзняволенай Настай Лойкай, якое выйшла ў мінулым месяцы на «Белсаце».

    Цяпер працую над новым праектам, які рыхтую. Таксама ён будзе прадстаўлены на «Белсаце», але пакуль не буду раскрываць нейкія дэталі. Але ён цікавы, ён звязаны з міжнароднай палітыкай.

    Ён будзе неяк датычны да палітвязняў?

    Ён будзе закранаць, безумоўна, тэму палітвязняў, але ён не будзе цалкам прысвечаны гэтай тэме. Гэта больш пра Беларусь і пра месца будучай Беларусі ў свеце і міжнароднай супольнасці, так скажам. Але ён, канешне, датычыць палітыкі, і гэта дазволіць трошкі шырэй паглядзець на нашу ролю ў будучыні.

    Кацярына Андрэева запісала відэазварот да Джона Коўла

    Ігара Ільяша трымаюць ў цяжкіх умовах

    Падчас гутаркі некалькі разоў ужо ўсплывала імя вашага мужа, Ігара Ільяша. Што зараз можна пра яго распавесці?

    Я не маю з ім наўпроставага кантакту, і ад сярэдзіны траўня ягоная сям’я не мае з ім ўвогуле ніякага кантакту. Вельмі доўга не было звестак аб ягоным стане. Апошнія звесткі, якія да мяне даходзілі, сведчылі пра тое, што ён утрымліваецца ў вельмі складаных умовах, што на яго аказваецца пэўны ціск, а таксама што ён мае праблемы са здароўем, якія звязаныя з той вытворчасцю, на якой ён быў задзейнічаны, пакуль была гэтая інфармацыя дасяжная. Ці задзейнічаны дагэтуль, я не ведаю.

    Ігар працаваў альбо працуе цяпер на перапрацоўцы сырой гумы. Гэта вельмі шкодна для скуры рук, для рухальнага апарату. Мне дакладна вядома, што праблемы са здароўем ёсць, і я прыклала ўсе намаганні, каб давесці да амерыканскага боку сапраўдны стан Ігара на сённяшні дзень.

    Вялікая колькасць зняволеных мужчын, хлопцаў сутыкаліся з такой з’явай як ізаляцыя. Я не ведаю, ці знаходзіцца Ігар цяпер у такой ізаляцыі, але я бачыла мужчын, якія вызваляліся нават са мною, у сакавіку яны ўсе выглядалі кепска, сапраўды закатаванымі. Таму я вельмі моцна перажываю і за Ігара, і за ўсіх, хто сутыкаецца з такім ціскам.

    Цалкам гутарка:

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.