• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Human Constanta ініцыявала кампанію за скасаванне законаў аб «экстрэмізме»

    Аўтары звароту заклікаюць улады Беларусі скасаваць закон «Аб процідзеяньні экстрэмізму», «экстрэмісцкія» артыкулы ў Крымінальным кодэксе і Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама ўсе «экстрэмісцкія» сьпісы грамадзянаў, арганізацыяў і СМІ.

    Human Constanta ініцыявала кампанію за скасаванне законаў аб «экстрэмізме»

    Шыльда Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь. Фота з архіваў Радыё Свабода

    «Шмат якія склады „экстрэмісцкіх“ артыкулаў ня зьвязаныя з гвалтам, статус „экстрэміста“ нярэдка надаюць у пазасудовым парадку, а магчымасьці аспрэчыць уключэньне ў сьпісы на практыцы няма», — даводзяць аўтары звароту і спасылаюцца на Раду ААН у правах чалавека, якая ў сакавіку 2026 году таксама заклікала ўлады Беларусі скасааваць «экстрэмісцкія» артыкулы.

    Чаму скасаваньне «экстрэмісцкіх» артыкулаў важнае

    Праваабаронца зь міжнароднай арганізацыі Human Con­stan­ta Наста Лойка мяркуе, што ўлады Беларусі парушаюць міжнародныя стандарты і свае абавязаньні ў галіне правоў чалавека. Пад выглядам «супрацьдзеяньня экстрэмізму» насамрэч змагаюцца з іншадумствам і грамадзянскімі правамі, лічыць Наста Лойка, якая сама была палітычнай зьняволенай.

    «Іміджу Беларусі вельмі шкодзіць гэтая практыка. Тут Беларусь апынулася ў сусьветных лідэрах, на ўсіх магчымых міжнародных пляцоўках яе вельмі жорстка крытыкуюць за „антыэкстрэмісцкае“ заканадаўства, і мы вырашылі нагадаць уладам Беларусі, што настаў час яго скасаваць», — сказала Свабодзе Наста Лойка.

    Праваабаронцы Human Con­stan­ta і тыя, хто да іх далучыўся, патрабуюць вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх асуджаных паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, уключна з асуджанымі на так званую хімію.

    У Беларусі «экстрэмістамі» прызнаныя 6745 чалавек. За пяць гадоў распачата больш за 22 000 «экстрэмісцкіх» справаў. У сьпісы «экстрэмісцкіх фармаваньняў» трапілі праваабарончыя, культурніцкія, экалягічныя і шмат якія іншыя арганізацыі. Ад сакавіка 2026 году ў гэтым сьпісе і Human Con­stan­ta.

    Зварот з заклікам скасаваць «антыэкстрэмісцкія» артыкулы накіраваны ў сем органаў улады Беларусі, сярод іх Нацыянальны сход і Савет Рэспублікі, Канстытуцыйны і Вярхоўны суды, адміністрацыя Лукашэнкі.

    Кампанія мае назву «Галя, адмена — 50 дзён без «экстрэмізму», яна працягнецца да канца 2026 году, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Наста Лойка патлумачыла, чаму абараная такая назва кампаніі:

    «Назва зьвязаная з мэмам: калі штосьці ня так прадаюць у краме, то звычайна зьвяртаюцца да прадавачкі, каб адмяніла плацеж. І тое, што адбываецца ў Беларусі з законамі аб экстрэмізьме, з перасьледам за экстрэмізм, з наданьнем экстрэмісцкіх статусаў, на нашу думку, ужо даўно перайшло за межы ўсіх іроніяў», — патлумачыла Наста Лойка.

    Зварот падпісалі Human Con­stan­ta, Reporters With­out Bor­ders, Politvyazyn­ka, Free­dom Women Bel і Free Belarus Cen­ter. Аўтары звароту разьлічваюць на скасаваньне і на карэкцыю «антыэкстрэмісцкіх» законаў і артыкулаў у іх.

    Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

    Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

    Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

    Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з‑за мяжы.

    Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

    Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

    На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

    Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

    Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.