• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Назвалі самыя папулярныя сацсеткі і пашукавікі ў Беларусі

    У Беларусі за год больш чым удвая вырасла аўдыторыя Threads, а сярод ШІ-пашукавікоў карыстальнікі аддаюць перавагу Per­plex­i­ty. Такія звесткі прыводзяцца ў новай справаздачы «Dig­i­tal 2027: Belarus», апублікаванай аналітычнай платформай DataRe­por­tal.

    самыя папулярныя сацсеткі і пашукавікі ў Беларусі

    Фота: Mateusz Dach / pexels.com

    Самай масавай сацсеткай застаецца TikTok

    Даныя даследавання па сацсетках вывучыла выданне «Люстэрка». Згодна з імі, да кастрычніка 2026 года інтэрнэтам у Беларусі карысталіся 8,52 млн чалавек, або 95,5% насельніцтва. За год іх колькасць скарацілася прыкладна на 58 тысяч.

    Адной з самых хуткарослых сацыяльных сетак аказалася Threads. Яе патэнцыйная рэкламная аўдыторыя дасягнула 1,1 млн чалавек — на 567 тысяч (106%) больш, чым годам раней. Амаль дзве трэці карыстальнікаў (65,8%) складаюць жанчыны.

    Аўдыторыя Insta­gram практычна не змянілася — каля 3,9 млн чалавек. У Face­book паказчык знізіўся на 3,4% да 662 тысяч. LinkedIn налічвае 1,3 млн зарэгістраваных акаўнтаў (+18,2%), а X (былы Twit­ter) — каля 181 тысячы патэнцыйных карыстальнікаў (+2,9%).

    А вось згодна з рэкламнымі інструментамі Tik­Tok, аўдыторыя платформы сярод паўналетніх беларусаў дасягнула 9,14 млн чалавек, павялічыўшыся за год на 19,7%. Гэта больш, чым усё насельніцтва Беларусі, якое, паводле ацэнкі ААН, складае 8,92 млн чалавек.

    Аўтары справаздачы папярэджваюць, што рэкламная статыстыка не адлюстроўвае дакладную колькасць рэальных карыстальнікаў. Адзін чалавек можа мець некалькі акаўнтаў, а платформы выкарыстоўваюць розныя методыкі падліку.

    Усяго ў Беларусі налічваецца каля 11 млн актыўных мабільных падключэнняў. За год іх стала на 199 тысяч менш.

    Сацсеткі журналіста: Паміж прафесійным інструментам і асабістымі рэфлексіямі. Плюс парады

    Google апярэджвае «Яндэкс» 

    Даныя па браузерах і пашукавіках, у тым ліку ШІ, прааналізавала «Наша Ніва». Згодна з імі, самы папулярны ў беларусаў браўзер — Google Chrome (60,2% ад агульнай колькасці прагледжаных старонак). 

    На другім месцы — Safari (12,7%), на трэцім — Yan­dex (9,76%). На Opera прыпадае 6,41%, на Edge — 4,72%, на Fire­fox — 4,26%.

    Калі казаць пра пошукавы трафік, то тут асноўныя Google і «Яндэкс» — 62,3% супраць 35,1%. Год таму доля Google была крыху вышэйшай — 66,9%.

    Найпапулярнейшыя пошукавыя запыты ў Google — надвор’е, перакладчык, ютуб і «Яндэкс», Беларусь.

    У справаздачы прыводзяць і асноўныя ШІ-пошукавікі. Самы часты — Per­plex­i­ty (39,6%). Доля Chat­G­PT — 34,9%, Google Gem­i­ni — 16,8%, DeepSeek — 5,4%, Microsoft Copi­lot — 2,7%, Claude — 0,7%. Але варта адзначыць, што многія інструменты штучнага інтэлекту працуюць у Беларусі толькі праз ВПН.

    Screen­shot

    Што цікава, айфонаў у краіне, падобна, становіцца болей. Доля спажыванага мабільнага трафіку на iOS і Android выглядае як 45,9% супраць 54,1%.

    DataRe­por­tal — міжнародная аналітычная платформа, якая даследуе выкарыстанне інтэрнэту, сацыяльных сетак і мабільных тэхналогій у розных краінах. Аналітыкі выкарыстоўваюць даныя міжнародных арганізацый, даследчых кампаній і саміх лічбавых платформаў. Серыя даследаванняў Dig­i­tal выходзіць штогод і ахоплівае больш за 200 краін і тэрыторый.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.