• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Праваабаронцы: «пакаяльныя відэа» — гэта адзін з відаў катаванняў

    Міжнародны камітэт па раследаванні катаванняў у Беларусі даследаваў феномен прымусовых відэапрызнанняў, распаўсюджаных у Беларусі пасля падзей жніўня 2020 года, з прававога, псіхалагічнага і сацыяльна-каштоўнаснага пункту гледжання. Аўтары правялі аналіз міжнародных і нацыянальных прававых нормаў, якія парушаюцца пры трансляцыі такіх відэа.

    Адной з найбольш зневажальных практык, якія прымяняюцца беларускімі праваахоўнымі органамі, з’яўляецца публікацыя так званых прызнанняў асоб, адвольна затрыманых і абвінавачаных у так званых экстрэмісцкіх ці тэрарыстычных злачынствах або іншых злачынствах, якія пераследуюцца па палітычных матывах.

    У гэтых відэа нязгодныя прызнаюцца ў злачынствах, якіх не здзяйснялі, і распавядаюць падрабязнасці свайго асабістага жыцця, уключаючы прымусовыя камінг-аўты, якія публікуюцца ў кантраляваных уладай Telegram-каналах.

    Адным з прыкладаў, вядомых міжнароднай аўдыторыі, з’яўляецца так званае інтэрв’ю Рамана Пратасевіча адразу пасля яго затрымання, дзе дастаткова відавочна бачныя сляды катаванняў або жорсткага абыходжання.

    Даследчыкі адмысловую ўвагу надалі механізму «узлому асобы» — разбурэнню асобасных структур праз сістэматычны гвалт, псіхалагічны ціск і зневажэнне. Яны падкрэслілі канфлікт паміж асабістымі каштоўнасцямі актыўных грамадзян — носьбітаў альтруізму, справядлівасці і свабоды — і гіпертрафаванай каштоўнасцю ўлады ў прадстаўнікоў рэжыму.

    У дакумент уключаны прававыя ацэнкі Камітэтаў ААН, агляды міжнароднай практыкі, параўнальны аналіз з сітуацыяй у іншых краінах (напрыклад, Іране, Кітаі, Узбекістане), а таксама распрацавана мадэль наступстваў для асобы ахвяр на аснове псіхалагічных тэорый (Шварц, «Вялікая пяцёрка» і інш.).

    Даследаванне падкрэслівае, што ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы адбываецца не толькі фізічнае прыгнечанне актывістаў, але і іх псіхалагічная трансфармацыя, накіраваная на падрыў каштоўнаснага ядра асобы.

    Гэтая з’ява —  форма новага, інстытуцыяналізаванага гвалту, які патрабуе міжнароднай рэакцыі і глыбейшага асэнсавання.

    Спампаваць PDF даследавання можна тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    Пачатак дзеяння новага артыкула КаАП РБ: Дзяржава забараняе гаварыць пра з’явы, у якіх няма нічога супрацьпраўнага

    17.06.2026
    Акцэнты

    Як незалежнаму журналісту падвысіць шанцы на атрыманне статусу ўцекача ў Польшчы? Распавядае юрыстка Вольга Дабравольская

    На працягу доўгага часу незалежныя беларускія журналісты, якія шукалі прытулку ў Польшчы, часцей атрымлівалі дадатковую абарону, а не статус уцекача. Цяпер сітуацыя змянілася — надоечы юрыстка Вольга Дабравольская абвесціла, што польскае Упраўленне ў справах замежнікаў прызнала журналістаў асобнай уразлівай групай.
    20.05.2026
    Акцэнты

    Юрыстка «Вясны»: Руцінныя практыкі ў беларускіх турмах часта становяцца формай катаванняў

    Інкамунікада, холад, бясконцыя праверкі, адмова ў медыцынскай дапамозе, пагрозы сваякам і «пакаяльныя» відэа — усё гэта ў Беларусі часта не ўспрымаецца як катаванне. Але міжнароднае права і практыка дэмакратычных краін сведчаць пра іншае.
    19.05.2026
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.