• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Meta дазволіла ШІ выкарыстоўваць фота з Instagram без паведамлення

    Кампанія прадставіла Muse Image — новую ШІ-мадэль для генерацыі і рэдагавання выяваў. Сервіс ужо даступны бясплатна ў дадатку Meta AI, What­sApp і Insta­gram Sto­ries.

    Muse Image распрацавала падраздзяленне Meta Super­in­tel­li­gence Labs. Генератар дазваляе ствараць выявы па тэкставым апісанні, рэдагаваць гатовыя фота, мяняць стыль, выдаляць лішнія аб’екты і выкарыстоўваць гатовыя шаблоны промптаў.

    Meta прыводзіць такія прыклады: можна папрасіць ШІ паказаць карыстальніка на фоне гістарычнай славутасці, прыбраць выпадковага чалавека з кадра ці стварыць QR-код. У сторыз мадэль таксама будзе выкарыстоўвацца для новых ШІ-эфектаў і фільтраў.

    Асобны сцэнар звязаны з Face­book Mar­ket­place: карыстальнік можа, напрыклад, загрузіць выяву канапы і паглядзець, як яна будзе выглядаць у гаражы ці пакоі. Для рэкламадаўцаў Muse Image стане часткай сэрвісу Advan­tage Plus і дапаможа ствараць варыянты рэкламных выяў пад розныя кампаніі.

    Аднак найбольш пытанняў выклікала магчымасць выкарыстоўваць выявы іншых карыстальнікаў Insta­gram. Калі профіль чалавека публічны, яго можна адзначыць, а потым ужыць яго фота для стварэння новага ШІ-кантэнту.

    Meta папярэджвае ў правілах, што іншыя людзі могуць ствараць матэрыялы з выкарыстаннем кантэнту карыстальніка з Insta­gram, а сам карыстальнік не атрымае апавяшчэння пра такія генерацыі.

    Крыніца: Meta

    Кампанія сцвярджае, што ў людзей ёсць кантроль над гэтай функцыяй: яе можна адключыць у наладах. Але крытыкі лічаць, што такі падыход павінен працаваць наадварот — толькі пасля відавочнай згоды, а не па замлўчванні.

    Недавер узмацняе рэпутацыя Meta ў пытаннях прыватнасці. У 2019 годзе кампанія пагадзілася выплаціць Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША штраф у $5 мільярдаў пасля скандалу з Cam­bridge Ana­lyt­i­ca. У 2021 годзе Meta таксама закрыла сістэму распазнавання твараў у Face­book на фоне іскаў і ціску рэгулятараў.

    Meta разлічвае, што Muse Image дапаможа прыцягнуць аўтараў кантэнту, рэкламадаўцаў і платных падпісчыкаў. Звычайным карыстальнікам генерацыя будзе даступная бясплатна ў межах ліміту. Для пашыранага выкарыстання і дадатковых магчымасцей спатрэбіцца падпіска Meta One.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.