Міжнародны інстытут прэсы назваў лаўрэатаў прэміі Press Freedom Awards
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Сёлета ўзнагароды атрымалі журналісты і медыя з Венгрыі, Азербайджану, Філіпінаў і Чылі, а таксама расследавальнікі з Лацінскай Амерыкі.

Нагадаем, на прэмію Press Freedom Awards ад Міжнароднага інстытута прэсы журналістаў і медыя намінуюць калегі. У рамках гэтай прэміі ўручаюць 2 узнагароды:
- World Press Freedom Heroes прысуджаецца прадстаўнікам СМІ, якія ўнеслі свой уклад у прасоўванне свабоды прэсы, асабліва ва ўмовах вялікай асабістай рызыкі.
- Free Media Pioneer прысуджаецца арганізацыям, якія адзначыліся ў галіне інавацыйных мадэляў медыяў або абароны свабоды прэсы.
Сёлета лаўрэатамі прэміі World Press Freedom Heroes («Герой свабоды прэсы») сталі:
- Журналістка-фрылансерка Патрысія Эвангеліста з Манілы (Філіпіны), вядомая матэрыяламі пра парушэнні правоў чалавека і барацьбу маргіналізаваных супольнасцей на Філіпінах. Яе кнігу «Некаторых людзей трэба забіваць: мемуары пра забойства ў маёй краіне», якая распавядае пра вайну з наркотыкамі на Філіпінах, часопіс The New Yorker назваў «журналістычным шэдэўрам».
- Журналістка-расследавальніца Моніка Гансалес з Чылі, якая раскрывала карупцыю, зверствы і парушэнні правоў чалавека, учыненыя пры рэжыме Піначэта ў Чылі. У цяперашні час яна з’яўляецца дырэктаркай Цэнтра журналісцкіх расследаванняў (CIPER).
- Незалежныя журналісты Венгрыі, якія на працягу 16 гадоў супрацьстаялі ціску рэжыма былога прэм’ер-міністра Віктара Орбана.
Прэмію Free Media Pioneer («Піянер свабодных СМІ») у 2026 годзе атрымалі:
- Лацінаамерыканскі цэнтр журналісцкіх расследаванняў (El CLIP), які выкрывае арганізаваную злачыннасць, карупцыю і злоўжыванне ўладай у рэгіёне.
- Азербайджанскія медыя Abzas Media і Meydan TV, якія праз крытыку ўлады і асвятленне праблем у краіне трапілі пад рэпрэсіі і зараз працуюць у выгнанні.
Лаўрэатам уручаць узнагароды на спецыяльным мерапрыемстве ў рамках фестывалю «Габо» (24–26 ліпеня, Багата, Калумбія), які з’яўляецца вядучай падзеяй для журналістаў гішпана- і партугаламоўных краінаў.
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
@bajmedia
@bajmedia