• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэпарцёры без межаў» абвясцілі лаўрэатаў прэміі «Свобода прэсы» 2026 года

    Цырымонія ўручэння прэміі RSF Press Free­dom Awards адбылася 1 чэрвеня ў рамках 77-га Сусветнага кангрэса навінавых СМІ ў Марселі. Узнагародамі адзначылі журналістаў з М’янмы, Мазамбіку, Аргентыны, Гвінеі і Газы.

    RSF абвясціла лаўрэатаў прэміі «Свобода прэсы» 2026

    Усяго сёлета на ўзнагароды былі намінаваныя 21 журналіст, пяць медыя, адзін абаронца права на інфармацыю і калектыў журналістаў з 25 краін свету.

    Прэмію ўручылі ў пяці катэгорыях: «За мужнасць», «За ўплыў», «За незалежнасць», Прэмія Махамеда Маігі за афрыканскую расследавальную журналістыку і Фотапрэмія імя Лукаса Долегі.

    У намінацыі «За мужнасць» узнагародай адзначылі фотажурналіста Саі Зав Тайка, які адбывае 20-гадовы тэрмін зняволення ў М’янме.

    Фотажурналіст Сай Заў Тайке дакументуе парушэнні правоў чалавека ў М’янме з 2012 года. Пасля ваеннага перавароту 2021 года ён стаў адным з журналістаў, якім найбольш пагражала небяспека ў краіне. Нягледзячы на рызыкі, ён вырашыў застацца і працягваў таемна дакументаваць жорсткія рэпрэсіі з боку хунты.

    У траўні 2023 года ён адправіўся ў штат Ракхайн на захадзе, каб асвятляць разбурэнні, выкліканыя адным з наймагутнейшых цыклонаў, калі-небудзь зарэгістраваных у краіне. Неўзабаве яго арыштавалі і прысудзілі ваенным судом да 20 гадоў пазбаўлення волі з катаржнымі работамі. Цяпер ён знаходзіцца ў турме Інсейн у Янгоне.

    Прэмію «За ўплыў» атрымаў журналіст Карлітас Каданг канала STV у Мазамбіку, які перажыў спробу забойства ў лютым 2026 года пасля расследавання незаконнай здабычы карысных выкапняў.

    Журналіст тры гады даследуе наступствы незаконнай здабычы карысных выкапняў, ад забруджвання да страты ўраджаю і рызык для здароўя насельніцтва. Яго праца выклікала рэзананс. 30 верасня ўлады прыпынілі горназдабыўныя работы ў правінцыі Маніка, і з таго часу кампаніі пачалі тэлефанаваць медыйніку з пагрозамі, кажучы, што яны былі вымушаныя спыніць працу праз яго рэпартажы. Журналіст, які выявіў, што некаторыя кампаніі працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што, атрымаў папярэджанні, якія перараслі ў прамыя пагрозы з боку мясцовых лідараў.

    Заснавальніца незалежнага выдання Futur­ock у Аргенціне Хулія Менгаліні атрымала прэмію «За незалежнасць».

    У 2025 годзе яна стала мішэнню маштабнай кампаніі запалохвання, дэзінфармацыі, пагроз смерцю і сексуальным гвалтам, скаардынаваных анлайн-пераследаў і крымінальнай справы аб паклёпе. Нягледзячы на гэта, журналістка працягнула працу.

    Прэміяй Махамеда Маігі за афрыканскую расследавальную журналістыку адзначылі гвінейскага журналіста Хабіба Маруана Камару.

    Галоўны адміністратар навінавага сайта Le Révéla­teur 224 Хабіб Маруан Камара быў выкрадзены 3 снежня 2024 года ўзброенымі людзьмі ў форме гвінейскай жандармерыі, калі ён знаходзіўся ў сваёй машыне з калегам. Яго сілай выцягнулі з машыны, збілі дубінкамі да страты прытомнасці і адправілі ў невядомым напрамку. Паводле інфармацыі RSF, за ім да знікнення было ўстаноўлена назіранне. Улады не прызнаюць адказнасці за яго выкраданне. Камара лічыцца зніклым без вестак.

    Палесцінскаму фотажурналісту Абдулу Хакіму Абу Рыяшу ўручылі фотапрэмію імя Лукаса Долегі за серыю здымкаў «Агонія Газы: вайна, голад і страты» 2025 года. Фотажурналіст адлюстраваў гуманітарны крызіс, бамбардзіроўкі, перапоўненыя бальніцы, харчовы крызіс і пошук ратавальнікамі зніклых без вестак пад заваламі, нягледзячы на недахоп рэсурсаў.

    Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» уручае штогадовую прэмію Press Free­dom Awards пачынаючы з 1992 года. Узнагарода ўшаноўвае журналістаў і СМІ, чыя праца зрабіла выключны ўнёсак у абарону або прасоўванне свабоды прэсы ва ўсім свеце. 

    Слова як зброя: Журналістыка ва ўмовах пераследу і «рэжыму цішыні»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.