• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэй Пачобут адмовіўся размаўляць з Пратасевічам і Васкрасенскім

    Так, відаць, супала, але ў адзін і той жа дзень два найбольш вядомыя перабежчыкі з дэмакратычнага лагера ў праўладны, Раман Пратасевіч і Юрый Васкрасенскі, падзяліліся гісторыямі пра тое, як яны хацелі падабраць ключы да палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута, але той іх катэгарычна адшыў.

    Анджэй Пачобут. Фота: Face­book

    Раман Пратасевіч расказаў сваю гісторыю падчас эфіру ў праграме прапагандыста Рыгора Азаронка, калі той спытаўся ягоную думку пра тое, што далей будзе з Анджэем Пачобутам у ходзе развіцця магчымага дыялогу рэжыму Лукашэнкі з Польшчай.

    «Магу сказаць толькі тое, што пэўны час таму я спрабаваў пабачыцца з тым самым грамадзянінам (маецца на ўвазе Анджэй Пачобут — Заўв. рэд.), але ён увогуле катэгарычна адмовіўся сустракацца, пачаў гаварыць нецэнзурна і гэтак далей. На гэтым уся гэта гісторыя і скончылася», — сказаў на гэта Пратасевіч.

    Практычна аналагічную гісторыю падчас размовы з праваабаронцам Леанідам Судаленкам расказаў і Юрый Васкрасенскі:

    «Я сустракаўся з Пачобутам у Следчым камітэце, у прысутнасці часовага паверанага ў справах Польшчы. Як ён накінуўся, пачаў абражаць, крычаць! Гэта значыць паводзіў сябе як сацыяпат. Хоць я яго наогул упершыню ў жыцці ўбачыў. Я ж яму ніколі кепскага нічога не рабіў, не зычыў».

    Варта адзначыць, што падобную гісторыю Васкрасенскі расказваў яшчэ ў красавіку 2023 года, прытым яна і тады ўжо адбылася «прыкладна паўтара года таму». Калі сваю спробу рабіў Пратасевіч — невядома, але можна меркаваць, што яна магла мець месца прыкладна год таму, калі ўлады спрабавалі выкарыстаць гэтага блогера для прапагандысцкага выкарыстання ключавых палітзняволеных. Менавіта тады ў эфір выйшлі фрагменты ягонай размовы з Віктарам Бабарыкам. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці