Журналістка «Вясны» атрымала залатую ўзнагароду прэміі Асацыяцыі карэспандэнтаў ААН
Стваральніца праваабарончага падкаста «Вясна прыйдзе» Кацярына Абромчык стала залатой пераможцай Мемарыяльнай прэміі імя Рыкарда Артэгі (The Ricardo Ortega Memorial Prize) у межах UNCA Awards 2026.

Узнагароду прысудзілі за выпуск падкаста пра тое, як Беларусь справаздачылася ў Камітэце ААН па правах людзей з інваліднасцю. У выпуску запрошанай эксперткай выступіла юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.
Прэмія імя Рыкарда Артэгі прысуджаецца за матэрыялы на тэлебачанні і радыё, прысвечаныя дзейнасці ААН і яе ўстаноў. У 2026 годзе ўзнагароды ўручаюць у 30‑ы раз. Урачыстая цырымонія адбудзецца 3 снежня ў Нью-Ёрку. Ганаровым госцем вечара стане Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
Падкаст пра Беларусь на міжнароднай арэне
На конкурс Кацярына Абромчык падала матэрыялы ў намінацыю The Ricardo Ortega Memorial Prize — выпускі спецсезона падкаста «Вясна прыйдзе» пад назвай «ААН на зразумелай мове». Паводле ўмоваў конкурсу, у кожнай катэгорыі можна было падаць толькі адзін матэрыял.
У ім вядоўца разам з юрысткай «Вясны» Святланай Галаўнёвай разбірае, як беларускія ўлады справаздачыліся перад Камітэтам ААН па правах людзей з інваліднасцю і якія праблемы выявілі эксперты. Сярод тэмаў выпуску — медыкаментозны падыход да людзей з інваліднасцю, абмежаванне іх дзеяздольнасці, прымусовае псіхіятрычнае лекаванне, свабода выказвання меркаванняў і становішча людзей з інваліднасцю ў месцах зняволення.
Беларусь падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю ў 2016 годзе. Аднак, як адзначае ў падкасце Святлана Галаўнёва, беларускае заканадаўства ў гэтай сферы супярэчыць палажэнням Канвенцыі.
Разам з конкурснай працай Кацярына даслала спасылкі і на іншыя выпускі спецсезона, каб паказаць шырэйшы кантэкст праекта. У сямі выпусках “ААН на зразумелай мове” яны разам з юрысткай тлумачаць, як працуюць міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека і як сітуацыя ў Беларусі абмяркоўваецца на пляцоўках ААН.
Спецсезон закранае, у прыватнасці, Універсальны перыядычны агляд Беларусі, працу Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, а таксама пытанні расавай дыскрымінацыі. Выпускі дапамагаюць зразумець, якую ролю ў міжнароднай абароне правоў чалавека адыгрываюць не толькі міждзяржаўныя механізмы, але і грамадзянская супольнасць, якая рыхтуе альтэрнатыўныя, або ценявыя, даклады пра сітуацыю ў краіне.
Усе выпускі спецсезона: «Вясна прыйдзе». «ААН на зразумелай мове»
«Вельмі рада, што тэма правоў чалавека ў Беларусі прагучыць у Нью-Ёрку»
Кацярына прызналася, што перамога стала для яе нечаканасцю. Паводле журналісткі, міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека застаюцца надзвычай важнымі для Беларусі:
«Я вельмі рада, што тэма правоў чалавека ў Беларусі прагучыць у Нью-Ёрку і на міжнароднай арэне.
Я ўпэўнена, што міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека застаюцца надзвычай важнымі ў дачыненні да Беларусі. Тое, як улады Беларусі справаздачацца на пляцоўках ААН, напрыклад, у Камітэце па правах людзей з інваліднасцю, на ўвесь свет дэманструе сістэмныя праблемы ў абароне і павазе да правоў чалавека ў нашай краіне.
А тое, якія пытанні задаюць прадстаўнікі ААН дэлегацыі Беларусі, падсвечвае не толькі спецыфічныя тэмы, такія як інваліднасць, але і ўздымае значна больш шырокі спектр праблемаў: ад дыскрымінацыі да становішча палітзняволеных у краіне.
Велізарную ролю тут адыгрывае і грамадзянская супольнасць, якая падае ў ААН альтэрнатыўныя (ценявыя) даклады. Гэта важная крыніца інфармацыі аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. І ўсё гэта дазваляе нам трымаць фокус увагі міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі».
Кацярына Абромчык з 2019 года працуе журналісткай і праваабаронцай Праваабарончага цэнтра «Вясна». Яна асвятляе рэпрэсіі ў Беларусі, становішча палітвязняў, правы ўразлівых груп і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Кацярына таксама стварае праваабарончую праграму “Вясна” на Беларускім радыё «Рацыя» і падкаст «Вясна прыйдзе». У 2025 годзе Кацярына Абромчык стала лаўрэаткай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі ў намінацыі «Журналістка года». Узнагарода адзначыла яе працу ў асвятленні пытанняў правоў чалавека і фундаментальных свабод у Беларусі.
@bajmedia