• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Калі да вашых сваякоў прыходзілі з ператрусам — паведамляйце!

    З мінулага тыдня ў Беларусі працягваюцца ператрусы ў сваякоў праваабаронцаў, журналістаў і грамадскіх актывістаў, якія жывуць у замежжы. БАЖ просіць паведамляць пра такія выпадкі. І нагадвае парады юрыста БАЖ пра што варта папярэдзіць сваіх родных, каб яны ўспрымалі візіты сілавікоў узважана — не нашкодзіўшы ні сабе, ні сваім блізкім.

    ператрус

    Выява створана БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Ператрусы, роспыты пра сваякоў за мяжой, а тым болей пагрозы, нават выказаныя ў форме папярэджання, — усё гэта элементы трансмежнага пераследу, якія сёння зазнаюць сем’і беларускіх палітэмігрантаў.

    Найчасцей ператрусы праводзяцца ў межах следства па крымінальнай справе, а значыць, гэтае дзеянне мусіць быць санкцыянаваным адказным органам. Таму пажадана нагадаць сваякам, што пастанову на ператрус ім абавязаны паказаць, а калі гэтага не зрабілі — запатрабаваць самім.

    Варта памятаць, што ператрус не сканчаецца аглядам жылля: гаспадару дадуць падпісаць выніковы пратакол. Перад тым, як паставіць подпіс, сваякі павінны ўважліва прачытаць гэты дакумент, і ў выпадку недакладнасцей зафіксаваць гэта пісьмова. Таксама перад тым, як падпісаць, у пратаколе можна пісьмова пазначыць, што падстаў для правядзення ператрусу, на іхную думку, не было. Можна ўказаць прычыны, да прыкладу, тое, што блізкія людзі, якімі займаецца следчы орган, даўно не жывуць па гэтым адрасе.

    Таксама ў пратакол ператрусу мусяць быць запісаны ўсе рэчы, якія  вырашана прызнаць датычнымі да справы і забраць. Адабраныя рэчы на месцы запакуюць і запячатаюць. Гаспадарам жытла варта сачыць за тым, каб у пакеты траплялі толькі тыя і менавіта тыя рэчы, які знайшлі падчас ператрусу, і каб следчы і панятыя паставілі подпісы на ўпакоўцы.

    Копію пратакола ператрусу абавязаныя пакінуць па месцы яго правядзення. Калі той, хто кіраваў падчас працэсу, гэтага не зрабіў, гэты дакумент варта патрабаваць.

    Іншым разам падчас ператрусу могуць гучаць пытанні пра тое, дзе жывуць сваякі за мяжой, чым яны займаюцца, як адбываюцца кантакты і гэтак далей. Сваякам тых, пра каго пытаюцца, можна на іх не адказваць. Асабліва калі існуе рызыка, што яны могуць  сказаць нешта лішняе. Калі ж пытанні будуць задаваць занадта настойліва, можна спасылацца на артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Там напісана, што ніхто не павінен прымусова даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных.

    Больш падрабязна пра тое, як паводзіць сябе на допыце і падчас іншых следчых дзеянняў,  мы пісалі ў артыкуле «Вы за мяжой, а да вашых сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.