• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады другі раз выставілі кватэру Уладзіміра Хільмановіча на аўкцыён. А ягонае лецішча — пяты

    У жніўні 2024 года Гродненскі абласны суд завочна прызнаў журналіста Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у экстрэмізме, асудзіўшы яго да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу на карысць дзяржавы. Каб кампенсаваць штраф, суд пастанавіў выставіць на продаж жыллё журналіста.

    Лецішча Уладзіміра Хільмановіча

    Два аўкцыёны — па продажы кватэры ў Гродне і лецішча ў Мастоўскім раёне — пройдуць гэтымі днямі. Таргі арганізаваныя на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі Беларусі і займаецца ў тым ліку продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці.

    Аўкцыён па продажы двухпакаёвай кватэры ў доме па вул. Церашковай мае адбыцца 30 чэрвеня. Гэта ўжо другая спроба прадаць нерухомую маёмасць журналіста: першы аўкцыён, прызначаны на 26 траўня, не адбыўся — не знайшлося ахвотных пакупнікоў. Тады кватэру прадавалі за 126 тысяч рублёў, цяпер кошт знізілі да 100 800 рублёў.

    Кватэра прадаецца разам з мэбляй, побытавой тэхнікай і нават адзеннем гаспадароў, што відаць па фотаздымках у абвестцы пра аўкцыён.

    Таксама ў ёй пазначана, што ў гэтым жытле прапісаны адзін грамадзянін. Аднак, паводле Уладзіміра Хільмановіча, гэта няпраўда: там афіцыйна зарэгістраваныя і ён сам, і ягоны поўнагадовы сын.

    Кватэра Уладзіміра Хільмановіча

    Лецішча журналіста на пляцоўцы e‑auction.by фігуруе як будынак сельскага клуба ў вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна. Гэта старая пабудова, якая вымагае грунтоўнага рамонту. Яна размешчана ў маляўнічым месцы на беразе Нёмана, і Уладзімір Хільмановіч марыў зрабіць там месца для сямейнага адпачынку.

    Першапачаткова «сельскі клуб» ацанілі ў 8 400 рублёў і спрабавалі  прадаць яшчэ 25 лістапада мінулага года. Але ні гэты, ні наступныя аўкцыёны не былі выніковымі праз адсутнасць пакупнікоў. 22 чэрвеня адбудзецца ўжо пятая спроба беларускіх уладаў прадаць гэтую маёмасць журналіста, кошт будынка зніжаны да 1 680 рублёў. 

    Гаспадар нерухомасці, Уладзімір Хільмановіч, з 2021 года вымушана жыве ў эміграцыі, пакінуўшы радзіму праз пагрозу крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць. Ён кажа, што даўно «паставіў крыж» на маёмасці, якую давялося пакінуць у Беларусі.

    Справа Уладзіміра Хільмановіча

    19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. Крымінальную справу ў дачыненні да журналіста разглядалі завочна — у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці.  

    Суд прыгаварыў Уладзіміра Хільмановіча да 5 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 40 тысяч рублёў. Спробы журналіста абскардзіць вырак поспеху не мелі.

    Уладзімір Хільмановіч

    Уладзімір Хільмановіч. Беласток, 10 чэрвеня 2026 года. Фота: БАЖ

    13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС Беларусі.

    Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года: тады сілавікі  апісалі маёмасць па месцы яго рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень быў праведзены ператрус у кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое журналісцкае пасведчанне, кнігі, папяровыя і электронныя носьбіты інфармацыі.

    Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года.

    Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу, дагэтуль невядома нават яму самому. Спробы журналіста даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы». Таму Уладзімір перакананы, што яго пакаралі менавіта за журналісцкую працу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.