• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кватэру завочна асуджанага журналіста Уладзіміра Хільмановіча не прадалі. Яна можа перайсці дзяржаве, кажа юрыст

    У жніўні 2024 года беларускія ўлады звінавацілі Уладзіміра Хільмановіча ў экстрэмізме і завочным судом прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі і буйнога штрафу. Каб яго кампенсаваць, суд пастанавіў выставіць на продаж кватэру журналіста ў Гродна. Але аўкцыён, які прайшоў 26 траўня, не адбыўся — не знайшлося пакупнікоў.

    Уладзімір Хільмановіч

    Скрыншот б’явы аб продажы кватэры журналіста Уладзіміра Хільмановіча

    Аўкцыён быў арганізаваны на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі Беларусі і займаецца ў тым ліку продажам канфіскаванай і арыштаванай маёмасці. Цяпер на сайце арганізацыі з’явілася абвестка пра тое, што аўкцыёну не было, і спагнальніку прапануецца «пацвердзіць згоду пакінуць маёмасць, якая не была рэалізавана з электронных таргоў,  у кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці».

    Што гэта азначае на практыцы і якія можа мець наступствы, тлумачыць юрыст Прававога цэнтра Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўген Пыльчанка:

    «Спагнальнік — гэта беларуская дзяржава. У выпадку, калі аўкцыён не адбыўся, спагнальнік мае права пакінуць за сабой маёмасць даўжніка. Пры гэтым, калі кошт маёмасці перавышае памер запазычанасці, ён абавязаны пералічыць розніцу на рахунак органа прымусовага выканання ў тэрмін не большы, за адзін месяц.

    Калі спагнальнік не згодны, аўкцыён прызначаюць яшчэ раз, зніжаючы кошт маёмасці. Так можна рабіць некалькі разоў, штораз прапануючы спагнальніку забраць маёмасць. І калі пасля чацвёртай пераацэнкі аўкцыён зноў не адбыўся, а спагнальнік адмовіўся пакінуць маёмасць сабе — тады з яе здымаецца арышт».

    Такіх прэцэдэнтаў, каб арыштаваная маёмасць вярнулася да асуджанага завочна гаспадара, яшчэ не было.

    Уладзімір Хільмановіч кажа, што даўно «паставіў крыж» на ўсім тым, што давялося пакінуць у Беларусі. Ён вымушана жыве ў эміграцыі з 2021 года, пакінуўшы радзіму праз пагрозу крымінальнага пераследу за прафесійную і грамадскую дзейнасць.

    Пра тое, што яго «двухпакаёўку» рыхтуюць да подажу, Уладзімір Хільмановіч даведаўся сёлета ў сакавіку: аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна даслаў яму афіцыйную паперу пра тое, што мясцовы філіял «БелЮрЗабеспячэнне» ацаніў яго кватэру на вуліцы Церашковай у 126 тысяч беларускіх рублёў.

    Гэтаксама сёлета з аўкцыёну прадавалі лецішча журналіста — дакладней, будынак у вёсцы Навасёлкі Мастоўскага раёна, які ў дакументах фігуруе як «сельскі клуб». Уладзімір Хільмановіч купіў гэтую драўляную пабудову, бо марыў зрабіць там месца для сямейнага адпачынку, але гэта вымагала надта вялікіх фінансавых укладанняў.

    Будынак, які патрабуе вельмі грунтоўнага рамонту, спярша ацанілі ў 8400 беларускіх рублёў. Але праз адсутнасць пакупнікоў не адбыўся ні першы аўкцыён, ні тры наступныя, хаця кошт будынка паступова быў зніжаны да 3360 беларускіх рублёў — за столькі лецішча журналіста прапаноўвалі набыць сёлета 12 траўня. Паводле заканадаўства, цяпер гэтую маёмасць можа забраць дзяржава, або з яе павінны зняць арышт. Пра гэта Уладзіміру Хільмановічу мусяць афіцыйна паведаміць.

    Уладзімір Хільмановіч

    Уладзімір Хільмановіч. Фота: з архіва суразмоўцы

    Справа Уладзіміра Хільмановіча

    Нагадаем, што 19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд у асобе суддзі Ігара Собалева прызнаў Уладзіміра Хільмановіча вінаватым у  садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання. На той час журналіст ужо некалькі год не жыў у Беларусі. Яго крымінальную справу разглядалі ў парадку спецыяльнай вытворчасці, і прысуд быў вынесены завочна: пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф. Спробы абскардзіць вырак абласнога суда поспеху не мелі.

    Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, Уладзімір Хільмановіч даведаўся напрыканцы лістапада 2023 года. Якраз тады сілавікі і апісалі маёмасць па месцы яго афіцыйнай рэгістрацыі ў Гродне. Яшчэ праз тыдзень сілавікі правялі ператрус у кватэры жонкі журналіста, дзе ён жыў з 2014 па 2021 год. Адтуль забралі працэсар камп’ютара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, газеты. Таксама апісалі побытавую тэхніку.

    Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў 13 сакавіка 2024 года. 13 верасня 2024 года прозвішча Уладзіміра Хільмановіча ўнеслі ў пералік асоб, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», на сайце МУС.

    Журналіст адзначае, што дагэтуль не ведае, за якія канкрэтна дзеянні ў дачыненні да яго вынесены абвінаваўчы прысуд. Але мае падставы лічыць, што яго пакаралі менавіта за прафесійную дзейнасць, бо ў пастанове абласнога суда сярод рэчавых доказаў згаданыя «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі Хільмановіча», якія суд пастанавіў «захоўваць з матэрыяламі крымінальнай справы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.