У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма чацвёрты раз уключылі сайт выдання «Першы Рэгіён»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 28 траўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Гэтым разам у спіс забароненых да распаўсюду інтэрнэт-рэсурсаў унеслі сайт незалежнага анлайн-выдання «Першы Рэгіён» (ідэнтыфікатар https://1reg.pro). Рашэнне прызнаць яго «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 26 траўня 2026 года суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
На сёння выданне прэзентуе сябе як «інфармацыйны сайт пра грамадска-палітычныя, сацыяльна-эканамічныя падзеі ў Беларусі і ў Еўропе». Упершыню яго змест быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ 27 снежня 2021 года. У 2024‑м годзе сайт «Першы Рэгіён» прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» двойчы — у лютым і ў снежні.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў таксама ўключаны YouTube-канал «Першы Рэгіён», прычым двойчы — у 2024 годзе і ў красавіку сёлета. «Экстрэмісцкім» прызнаны змест Telegram-канала выдання (у верасні 2022 года) і яго старонкі ў Facebook (у лютым 2026 года).
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны Threads-акаўнт baj.media.by (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/baj.media.by). Адпаведнае рашэнне прыняў 27 траўня 2026 года суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.

Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). У лютым 2023 года рашэннем КДБ праваабарончая арганізацыя была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», кантэнт шэрагу яе сацсетак прызнаны «экстрэмісцкімі» інфармацыйнымі матэрыяламі.
У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі і суполку «Зеленый портал» у сацсетцы «ВКонтакте» (ідэнтыфікатар https://vk.ru/green_belarus). Рашэнне прызнаць яе «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 26 траўня 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста. У суполцы больш за 3 тысячы падпісчыкаў, але абнаўленняў там няма з сакавіка 2023 года.
«Зеленый портал» — гэта спецыялізаванае беларускае медыя, якое піша пра экалогію і ахову прыроды. Рэдакцыяная каманда выдання вымушага працуе ў эміграцыі. Instagram i Telegram-канал выдання таксама прызнаныя «экстрэміскімі» інфармацыйнымі матэрыяламі.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны TikTok-акаўнт Radix Belarus (ідэнтыфікатар @radix.belarus). Так вырашыў 27 траўня 2026 года суд Маладзечанскага раёна. Гэта інтэрнэт-рэсурс блогера і журналіста, былога палітвязня Мікалая Дзядка.

Леанід Судаленка на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Той самы суд 27 траўня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт TikTok-акаўнта з назвай «прыгону.net» (ідэнтыфікатар @forced_labor), які вядзе праваабаронца Алег Мацкевіч, і TikTok-акаўнта з назвай l.sudalenka (ідэнтыфікатар @l.sudalenka), яго вядзе праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка. Назвы абедзьвюх старонак на сайце Мінінфармацыі пададзеныя з памылкамі.
Унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і старонку ў Facebook з назвай «Свабодка» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/swabodka?locale=ru_RU). Гэты рэсурс апісаны ў сацсетцы як «Неафіцыйныя навіны афіцыйнага радыё», на ім размяшчаліся навіны «Радыё Свабода», але апошнія публікацыі былі зробленыя яшчэ ў 2020 годзе. Старонку прызнаў «экстрэмісцкай» суд горада Наваполацка рашэннем ад 26 траўня 2026 года.
@bajmedia