• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Беларусі хваля ціску на сваякоў журналістаў, што з’ехалі за мяжу. Ці можна абараніцца?

    Цягам апошніх двух месяцаў Беларуская асацыяцыя журналістаў рэгулярна атрымлівае звесткі пра ціск на бацькоў, сваякоў і проста знаёмых і сяброў журналістаў, якія вымушана з’ехалі за мяжу. Пра што можа сведчыць гэтая хваля пераследу і ці магчыма абараніць сваіх блізкіх, тлумачыць намеснік старшыні БАЖ, юрыст Алег Агееў.

    ператрус

    Выява створана БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Допыты, «гутаркі» і прымусы здаць матэрыял для аналізу ДНК

    Інфармацыя пра візіты сілавікоў да бацькоў беларускіх журналістаў, што ўцяклі ад рэпрэсій на радзіме, рэгулярна з’яўляецца на працягу ўсіх апошніх шасці гадоў.

    У ліпені 2026 года, аднак, такіх паведамленняў стала значна больш. Хваля ціску на журналістаў праз ціск на іх сваякоў пракацілася па ўсёй Беларусі. За апошнія тыдні праваабаронцы атрымалі звесткі пра не менш за 15 такіх выпадкаў.

    Як стала вядома БАЖ, да сваякоў прыходзяць супрацоўнікі розных органаў — як участковыя міліцыянты, так і КДБ і ГУБАЗіК. Нагода для візіту найчасцей — размова пра выехаўшых дзяцей, пытанні пра іх месцазнаходжанне. Часам пытаюцца, хто яшчэ прапісаны і/ці пражывае ў кватэры. У некаторых выпадках праводзілі ператрусы і агляды памяшканняў, выклікаюць на допыты. Некалькіх чалавек прымусілі здаць сліну як узор генетычнага матэрыялу.

    Алег Агееў падкрэслівае, што гэтая хваля — не новая з’ява і ціск на сваякоў тых, хто цяпер за мяжой, распачаўся не сёлета.

    Насамрэч пераслед не спыняецца з моманту пачатку паслявыбарчых рэпрэсій у 2020 годзе. Як толькі людзі пачалі вымушана з’язджаць, уцякаць ад палітычна матываванага ціску, адразу пачаўся транснацыянальны пераслед з боку беларускай дзяржавы.

    На сёння амаль сто беларускіх медыясупрацоўнікаў і блогераў абвешчаныя ў міждзяржаўны крымінальны вышук. Гэта азначае, што ў Беларусі супраць іх была распачатая крымінальная справа.

    намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў

    Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Фота: БАЖ

    «Калі раней міліцыянты ці нават супрацоўнікі КДБ хадзілі па сваяках і проста высвятлялі, дзе з’ехаўшыя, то цяпер з’яўляюцца новыя формы пераследу — напрыклад, год таму сталі з’яўляцца аповеды пра прымусовую здачу матэрыялу для аналізу ДНК. Навошта яны гэта робяць — незразумела», — кажа юрыст.

    Паводле Агеева, банальныя пытанні пра зарэгістраваных у жылым памяшканні могуць быць нагодай, каб распачаць размову. Акрамя таго, не ўсе сілавыя структуры маюць доступ да ўсіх дадзеных, і недзе нейкіх звестак сапраўды можа не быць, таму іх звяраюць.

    Але нават такія на першы погляд бяскрыўдныя пытанні і размовы пра з’ехаўшых за мяжу дзяцей юрыст называе ціскам. Справа ў тым, што падчас такіх візітаў няма гарантыі таго, што чалавек не будзе затрыманы, калі міліцыянту штосьці не спадабаецца ў ягоных адказах, і такія выпадкі фіксаваліся.

    «Палітычная замова і транснацыянальныя рэпрэсіі»

    Сілавікі прыходзяць не толькі дамоў да сваякоў, але і на працу, што можа стварыць дадатковыя праблемы для людзей. Прымус здачы генетычнага матэрыялу на тэст ДНК — увогуле супрацьпраўныя паводзіны, адзначае Агееў.

    «Гэта ўсё — палітычная замова. І гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Гэта адбываецца, бо ўлада адчувае, што ў яе ёсць вялізныя праблемы з захаваннем уласна ўлады. І яна ўвесь час шукае новыя формы ціску: праз крымінальныя справы, катаванні, выдварэнне з Беларусі. Канвеер болю, страху, пераследу працуе і не спыняецца. І гэта таксама форма транснацыянальных рэпрэсій», — кажа кіраўнік Прававога цэнтра БАЖ.

    Пры гэтым механізмаў абароны тых, хто застаецца ў Беларусі, на жаль, амаль не засталося, зазначае Алег Агееў. Беларусь на сёння не стрымлівае сябе нейкімі прававымі абмежаванням — там пануе ўсёдазволенасць і беспакаранасць сілавікоў, праз што літаральна кожны чалавек там знаходзіцца пад пагрозай.

    Вы за мяжой, а да вашых сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста

    «Эфектыўных механізмаў прававой абароны ў Беларусі практычна не захавалася. Пракуратуры, суды — гэта ланцужкі пераследу, а не інструменты абароны правоў.

    Таму спадзявацца, што можна сябе неяк абараніць у гэтай сітуацыі, даволі складана. Галоўная рэкамендацыя, якую можна даць — гэта пастарацца мінімізаваць рызыкі быць прыцягнутым да адказнасці», — кажа Алег Агееў.

    Дзеля гэтага не варта захоўваць дома рэчы, якія могуць быць ацэненыя сілавікамі як «экстрэмісцкія», на допытах не трэба імкнуцца ў нечым пераконваць і ставіць на месца другі бок. Варта ўспрымаць тое, што адбываецца, як злачынную хвалю, якую трэба перачакаць, перажыць з мінімальнымі наступствамі для сябе, рэзюмуе юрыст.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.