• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуроры Міншчыны з 2021 года накіравалі ў суды звыш 1,5 тысяч заяў пра «экстрэмізм» у інтэрнэце

    Толькі за апошнія шэсць месяцаў органы пракуратуры Мінскай вобласці 174 разы звярталіся ў суды з заявамі пра прызнанне розных інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    Пракуратура Міншчыны

    Пракуратура Міншчыны. Фота: yandex.com

    164 заявы за сёлета на гэты момант ужо разгледжаныя, прычым суды падтрымалі пазіцыю пракуратуры, і згаданыя ў заявах інтэрнэт-рэсурсы ўжо ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Астатнія чакаюць разгляду.

    Асаблівую занепакоенасць надзорнага ведамства выклікае з’яўленне вялікай колькасці акаўнтаў на найбольш папулярных сёння пляцоўках — YouTube, Telegram, Insta­gram і Threads. Менавіта там інфармацыя распаўсюджваецца найхутчэй, а інтэрнэт-карыстальнікі дасягаюць найбольш шырокага ахопу аўдыторыі. І менавіта там супрацоўнікі пракуратуры найбольш пільна шукаюць «экстрэмізм».

    У якасці прыкладу прэс-служба пракуратуры Мінскай вобласці прыгадвае, што калегі з пракуратуры Мінскага раёна звярнулі ўвагу на акаўнт Threads журналісткі Кацярыны Ерусалімскай. Разгледзеўшы заяву пракурора, суд пагадзіўся, што кантэнт гэтай старонкі нібыта ўтрымлівае знявагі на адрас Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў органаў улады, а таксама звесткі, накіраваныя на распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варажнечы. У траўні Threads-акаўнт «Екатерина Ерусалимская» быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Рэгіянальныя структуры пракурорскага ведамства лічаць маніторынг інтэрнэту адным з прыярытэтных кірункаў сваёй дзейнасці. Прынамсі, яны справаздачацца пра вынікі гэтай дзейнасці куды больш падрабязна і рэгулярна, чым, да прыкладу, пра барацьбу з карупцыяй.

    Так, нядаўна абласная пракуратура Віцебшчыны паведамляла пра тое, што сёлета за першае паўгоддзе было пададзена 108 судовых заяў пра прызнанне розных інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». У Брэсцкай вобласці за аналагічны перыяд пракуроры падалі 117 заяў, але абсалютны рэкорд належыць пракуратуры Магілёўскай вобласці — 234 заявы за паўгода.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.