Анджэй Пачобут плануе ехаць у Беларусь на бліжэйшым тыдні
Былы палітзняволены журналіст і актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут плануе вярнуцца ў Беларусь цягам бліжэйшага тыдня. Пра гэта ён заявіў падчас пасяджэння Вышэйшай рады Саюза палякаў Беларусі, якое адбылося у суботу, 5 верасня, у Беластоку, піша Polskie Radio Białystok.

Андрэй Пачобут. Фота: Lookby.media
«Я пакуль не ведаю дакладнага дня і месца перасячэння мяжы, але гэта будзе на наступным тыдні. Я еду туды не па асабістых прычынах. Гэта справа, якой я прысвяціў значную частку свайго жыцця. Я хачу, каб гэтая справа функцыянавала, каб Саюз развіваўся», — сказаў Анджэй Пачобут.
Пачобут плануе адправіцца ў Гродна, нягледзячы на перанос з’езда Саюза палякаў Беларусі (СПБ) з верасня на сакавік. Раней, у чэрвені, ён заяўляў, што вернецца ў Беларусь да з’езду Саюза палякаў, які меўся адбыцца 13 верасня. Аднак на пасяджэнні Вышэйшай рады было прынятае рашэнне аб пераносе даты.
Новая дата прызначана на сакавік 2027 года, паведамяецца на сайце СПБ. Такое рашэнне прынята з меркаванняў бяспекі, бо яшчэ не вырашыны пытанні з легалізацыяй дзейнасці арганізацыі, якая налічвае каля 12 тысяч чалавек. Нагадаем, Саюз палякаў Беларусі не прызнаецца ўладамі краіны з 2005 года.
Раней польскія ўлады адзначалі, што паважаюць рашэнне Анджэя Пачобута вярнуцца ў Беларусь, але лічаць такі крок небяспечным. Паводле іх ацэнкі, гэта можа яшчэ больш ускладніць адносіны Польшчы з рэжымам у Беларусі, паколькі той можа зноў паспрабаваць выкарыстаць справу Пачобута ў сваіх мэтах.
Анджэй Пачобут — журналіст Gazeta Wyborcza і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Яго затрымалі ў Гродне ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023‑га асудзілі на восем гадоў калоніі паводле абвінавачанняў у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Падставай для пераследу, сярод іншага, сталі яго публікацыі і погляды на гістарычныя падзеі.
28 красавіка 2026 года яго вызвалілі пасля больш як пяці гадоў няволі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Сам Пачобут даводзіць, што ягоны дом застаецца ў Гродне.
@bajmedia