Журналіст Дзмітрый Плакс стаў лаўрэатам шведскай прэміі як драматург і рэжысёр
Паэт, празаік, перакладчык, мастак і кіраўнік Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Дзмітрый Плакс (Dmitri Plax) атрымаў прэстыжную шведскую прэмію Bennypriset.

Дзмітрый Плакс. Фота: Aline Lorentzon
“На працягу трох дзесяцігоддзяў у якасці драматурга, аўтара і рэжысёра ён (Дзмітрый Плакс) пашырае гарызонты шведскага тэатральнага мастацтва — спачатку ў Radioteatern, а цяпер як прызнаны мастацкі кіраўнік Dramaten.Doc.
Ён заўсёды трымае руку на пульсе сучаснасці і адчувае ўнікальную здольнасць тэатра адлюстроўваць балючыя праблемы чалавецтва, бескампрамісна адкрываючы прастору для важных галасоў і непасрэднага жыццёвага досведу.
Калі шведскаму тэатру пагражае замкнёнасць, ён прыходзіць, каб расчыніць дзверы і ўпусціць струмень свежага паветра”, — з такой фармулёўкай было прысуджана лаўрэацтва Дзмітрыю Плаксу, які з канца 90‑х гадоў жыве і працуе ў Швецыі.
Bennypriset — гэта штогадовая шведская культурная прэмія ў памеры 100 000 шведскіх крон, заснаваная ў 2020 годзе ў памяць пра вядомага тэатральнага дзеяча і кіраўніка Бені Фрэдрыксана (Benny Fredriksson). Яна ўручаецца творцам, якія працуюць у ягоным духу — вызначаюцца моцнай прыхільнасцю да мастацтва і прагай зрабіць яго даступным для шырокай публікі.
Узнагарода фінансуецца сумесна стакгольмскім культурным цэнтрам Kulturhuset Stadsteatern і ўдавой рэжысёра, знакамітай опернай спявачкай Ан Сафі фон Отэр (Anne Sofie von Otter).
@bajmedia